НА ЗАВАЯВАННЕ АЎТАРЫТЭТУ

Апошнім часам магазін тавараў паўсядзённага попыту ў
Дрэбску страціў свае пазіцыі. Мясцовае насельніцтва часцей набывала тавары ў
Мікашэвічах і Лунінцы. Аднак, як сцвярджае дырэктар філіяла “Аптова-рознічнае
аб’яднанне” райспажыўтаварыства Ніна Віцэнка, праведзеная тут рэканструкцыя
стане адпраўной кропкай на заваяванне аўтарытэту.

Сонечнае надвор’е надавала цудоўны настрой жыхарам
Дрэбска, для якіх адкрыццё магазіна стала сапраўдным святам. Аб важнасці падзеі
сведчыў удзел ва ўрачыстым адкрыцці старшыні райвыканкама Васіля Агіевіча, яго
намесніка Віктара Рафаловіча, старшыні праўлення райспажыўтаварыства Максіма
Сумара, кіраўнікоў мясцовай улады і гаспадаркі – Дзям’яна Бірылы і Сяргея
Чырца.

Васіль Агіевіч, звяртаючыся да жыхароў Дрэбска,
падкрэсліў, што кааператары робяць усё магчымае, каб вяскоўцы мелі тыя ж
магчымасці, што і гараджане. Ён пажадаў усім дабрабыту, а калектыву магазіна –
фінансавага росквіту.

Першымі пераступілі парог абноўленай гандлёвай кропкі
самыя маленькія наведвальнікі, якія атрымалі ад прадаўцоў салодкія пачастункі.
Мясцовыя жыхары не хавалі свайго захаплення. Іх здзіўляў не толькі інтэр’ер,
але асартымент прадукцыі. Прыцягвала ўвагу выкладка тавараў. Уражваў выбар
складанай бытавой тэхнікі і мэблі, якія тут можна набыць на льготных умовах з
прадастаўленнем крэдыту. Не засталіся не заўважанымі для пакупнікоў і шматлікія
акцыі. Па зніжаных цэнах можна было набыць сокі, кансерваваныя гарошак і
кукурузу і іншыя прадукты.

– Мы даўно чакалі, што ў кольвечы ў нас паявіцца магазін,
які ніколькі не будзе адрознівацца ад гарадскога, – сцвярджае Галіна, якая ў
ліку першых наведвальнікаў ацаніла ўсе перавагі новага гандлёвага аб’екта. –
Такая прыгажосць! Нарадвацца нельга. А колькі патрэбных рэчаў: і місачкі, і шпалеры,
і канцылярскія тавары. Вочы разбягаюцца.

Пакуль вяскоўцам складана арыентавацца ў прасторнай зале
магазіна, таму на дапамогу прыходзяць прадаўцы. Яны не проста расказваюць, дзе
што ляжыць, але і даюць карысныя кансультацыі па асобных відах тавараў. Нядаўна
тут праходзіць практыку выпускніца політэхнічнага каледжа Марыя Бунас:

– Жыву ў суседнім Кажан-Гарадку. Вельмі рада, што трапіла
менавіта ў гэты магазін. Радасна бачыць шчаслівыя твары людзей. Буду старацца
за 2 месяцы практыкі зарэкамендаваць сябе з добрага боку, каб тут застацца
працаваць.

Прыемна было назіраць за тым, што кожны наведвальнік мог
знайсці для сябе патрэбную рэч ці прадукты. Прадаўцам не даводзілася сумаваць,
бо ля касавых апаратаў стаялі чэргі… Хочацца спадзявацца, што новая гандлёвая
кропка стане і ўпрыгожаннем вёскі, і надзейным памочнікам у паўсядзённым быце
вяскоўцаў.

Алена ДАНІЛОВІЧ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть