“НАДЗЕЦЬ ПРОЦІВАГАЗЫ!”

Санітарныя дружыны прызначаны для аказання медыцынскай
дапамогі пацярпеўшым у надзвычайных сітуацыях прыроднага і тэхнагеннага
характару, правядення супрацьэпідэмічных і санітарна-гігіечных мерапрыемстваў.
Для таго, каб быць у пастаяннай гатоўнасці, гэтыя фарміраванні рэгулярна
ўдасканальваюць практычныя і тэарытчныя веды і навыкі. Праверыць
падрыхтаванасць дапамагаюць спаборніцтвы, якія
ўжо не першы год праходзяць у сасновым бары каля ліцэя.
Удзельнікаў вітаў старшыня раённага Савета дэпутатаў
Віталь Адзішчаў. Пасля жараб’ёўкі каманды, а іх на гэты раз было 10,
накіраваліся на этапы. На першым
правяралася аснашчанасць санітарнай дружыны неабходнай маёмасцю і ўменне
карыстацца ёй. Увага надавалася камплектацыі сумак, у якіх павінны былі
знаходзіцца рэспіратар, жгут, індывідуальная аптэчка, набор бінтоў, вата,
касынкі… Тут жа неабходна было прадэманстраваць хуткасць у надзяванні
процівагаза на сябе і на “пацярпелага”. За памылкі налічваліся штрафныя ачкі.
Пасля гэтага каманды накіроўваліся на наступныя этапы,
дзе адпрацоўвалі навыкі ў ачагах камбінаванага, хімічнага паражэння,
інфекцыйнага захворвання. Важным лічыўся іспыт на праверку тэарэтычных
ведаў.
Судзейская камісія, у якую ўваходзілі медыкі,
супрацоўнікі РАНС, аддзела па грамадзянскай абароне райвыканкама, строга
падыходзіла да праверкі ведаў на ўсіх этапах. Акрамя гэтага, санітарныя дружыны
спаборнічалі ў конкурсах нагляднай агітацыі і мастацкай самадзейнасці.
Як і летась, лепшы вынік сярод прамысловых прадпрыемстваў
паказала каманда ААТ “Палессеэлектрамаш”, а сярод сельскагаспадарчых – ПСУП
“Рэдзігерава-Агра”. Другое месца занялі ААТ “Лунінецкі малочны завод” і СВК
“Новае Палессе”. На трэцяй прыступцы размясціліся рамонтна-механічны завод і
СВК “Дварэцкі”.
Спецыяльным падарункам ад раённай арганізацыі Чырвонага
Крыжа ўзнагароджана лепшы камандзір станцыі Лунінец Алена Рыхцер і прадстаўніца
каманды “Рэдзігерава-Агра” Кацярына Ярашэвіч за творчы падыход у конкурсе
мастацкай самадзейнасці, таксама адзначаны сандружыны аўтапарка №6, хлебазавода
і ААТ “Лунінецлес”.
Алена ДАНІЛОВІЧ.
Фота аўтара.