НАПЕРАДЗЕ “РЭДЗІГЕРАВА-АГРА”
З сяўбой ранніх каласавых працаўнікі ПСУП «Рэдзігерава-Агра”, як і планавалі, справіліся за 10 светлавых дзён, завяршыўшы яе першымі ў раёне. Цяпер застаецца толькі чакаць дружных усходаў ячменю і аўсу, якія размясцілі на 470-гектарнай плошчы.
– Маючы моцны арсенал энерганасычанай тэхнікі (два МТЗ-3022 з 6-метровымі сеялкамі і МТЗ-2025 – з 4-метровай) хіба можна было інакш? – здзіўляецца старшыня гаспадаркі Валерый Брэзін. – Да таго ж, глебу падрыхтавалі з восені, своечасова атрымалі банкаўскія крэдыты на рамонт тэхнікі, закупку запчастак і гаруча-змазачных матэрыялаў. Першыя 14 гектараў пасеялі 25 сакавіка, на дзень раней, чым летась. Умела ўпраўляюцца з магутнымі агрэгатамі вопытныя механізатары Аляксандр Дзенісюк, Іван Арашкевіч і Міхаіл Дзічкоўскі. Калі раней загрузка зерня ў сеялкі ажыцяўлялася з мяшкоў, то сёлета гэтая аперацыя аўтаматызавана. Дзякуючы наватарскай думцы дырэктара ААТ «Райаграсервіс” Віталя Карчэўскага і майстравітым рукам Аляксандра Дзенісюка, стаяўшы без справы бункер КЗР-10 пераабсталявалі пад загрузчык. Атрымалася вельмі ўдала: па-першае, сеялка загружаецца за 3 хвіліны (замест 30-40), па другое, у счэпе з трактарам МТЗ са склада на поле дастаўляецца за адзін рэйс 5 тон насення. Восенню мяркуем пераабсталяваць такім жа чынам яшчэ адзін бункер. На жаль, пакуль застаюцца праблемы з якасцю насеннага матэрыялу: большасць яго мае 3-юю і 2-ую рэпрадукцыі. Змаглі набыць крыху эліты ячменю, якой засеялі 50 гектарную плошчу. Яшчэ на 50 гектараў купілі аўсу першай рэпрадукцыі ў СВК «Новае Палессе” і «Гарадоцкі”.
Плошчы пад яравыя культуры пакінулі на ранейшым узроўні – 1500 гектараў. Акрамя збожжавых пасеем 20 гектараў бульбы, 15 – кармавых буракоў, 60 – проса, 480 – кукурузы. Сёлета распачалі ўзвядзенне сучаснай малочнатаварнай фермы на 765 кароў. Гэта патрабуе ад нас умацавання кармавой базы. З ранейшага вопыту ведаем, што нашы палі даюць неблагі ўраджай канюшыны. Таму летась пасеялі яе 320 гектараў. Сёлета мяркуем мець яшчэ 270. Свайго насення белай і чырвонай канюшыны было недастаткова, таму частку закупілі ў «Брэстнасентравах”. Новыя плошчы размясцілі бліжэй да фермы, што будуецца. Вядзем таксама работу і па абнаўленню пашы, дзе разам з іншымі шматгадовымі травамі высяваем і рэйграс.
На асноўных веснавых палявых работах у гаспадарцы працуюць 25 чалавек, сярод якіх і прадстаўнікі атрада ААТ «Райаграсервіс”, занятыя на вывазцы арганікі. Паступова вырашаюцца праблемы з недахопам працаўнікоў. Нядаўна ў гаспадарку пераехала сям’я з Бродніцы. Яе гаспадар Леанід Коўшык – вопытны механізатар, а жонка Ірына – ветфельчар.
– Да гэтага сем год працаваў у фермера. Разам з двума дзецьмі-школьнікамі жылі ў старой бабулінай хаціне, – расказвае Леанід Іванавіч. – У Рэдзігерава нам выдзелілі цудоўны новы дом у цэнтры вёскі. Мне адразу прапанавалі работу па спецыяльнасці, мяркуецца, што ў хуткім часе знойдзецца яна і для жонкі. Што датычыць умоў работы, то яны для механізатара ўсюды аднолькавы, а заробкі залежаць ад выпрацоўкі. Так што, перабраўшыся сюды, мы ніколькі не страцілі. Наадварот, атрымалі галоўнае – прывабныя ўмовы для жыцця.
Падабаецца працаваць у роднай гаспадарцы і Аляксандру Дзенісюку, механізатарскі стаж якога вылічваецца 20 гадамі:
– Засумавалі за зіму рукі без прывычнай справы. Веснавая сяўба, а ў мяне яна пятая па ліку, – гэта своеасаблівае духоўнае адраджэнне, якое наступае разам з першымі зерняткамі, кінутымі ў раллю. Рамантычны настрой падтрымлівае і клопат пра нас, механізатараў, з боку кіраўніцтва. Гэта – арганізацыя гарачага харчавання, забеспячэнне спецадзеннем і магчымасць зарабіць неблагія грошы. Таму і стараюся не падводзіць. На сяўбе ранніх каласавых значна апярэдзіў калег, на маім рахунку больш як 300 гектараў.
Цяпер Аляксандр Сцяпанавіч адчапіў сеялку і рыхтуе глебу пад сяўбу кукурузы.