НАВУЧАЛЬНЫЯ ЎСТАНОВЫ ТРЫМАЮЦЬ “ЭКЗАМЕН”
Дакументы аб падрыхтоўцы да навучальнага году ўстановы адукацыі павінны атрымаць да 25 жніўня.
Шэсць груп раённай камісіі ацэньваюць, наколькі ў школах і дзіцячых садках захоўваюцца санітарна-гігіенічныя і пажарныя прадпісанні, у якім стане знаходзіцца матэрыяльна-тэхнічная база, добраўпарадкаванне навакольнай тэрыторыі.
Група, якую ўзначаліў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення райсельгасхарчу Сяргей Бойка, правярала стан падрыхтаванасці школ і садкоў у Дзятлавічах, Бастыні, Люшчы, Велуце, Вялікіх і Малых Чучавічах.
Трапіўшы ў Дзятлавіцкую СШ, звярнулі ўвагу на парадак, утульнасць і прыгажосць, якія панавалі паўсюдна. Нельга было не заўважыць зялёныя куткі як у вестыбюлі, так і ў кабінетах. Адметнасцю сталі фіранкі, падабраныя з густам і ў адпаведнасці з каляровай гамай кожнага памяшкання.
Аднак камісію больш цікавіла спраўнасць каналізацыі, зліўных бачкоў, кранаў, парадак у харчблоку. Памочнік урача-эпідэміёлага РЦГіЭ Святлана Казун брала пробы вады для правядзення аналізу. Дырэктар Аляксадр Баўкуновіч запэўніў, што калектыў актыўна рыхтуецца да новага навучальнага года, і спадзяецца, што дзеці не расчаруюцца тымі ўмовамі, якія для іх створаны.
У дзіцячым садзе ў Дзятлавічах прыцягнулі ўвагу запоўненыя да верху смеццем кантэйнеры. Як высветлілася, з вывазам змесціва тут існуюць некаторыя праблемы. У той жа час у Вялуцкай дашкольнай установе ўсё смецце збіраецца ў пакеты, якія своечасова вывозяцца машынай камунальнай службы.
У Бастынскай СШ больш сціпла падышлі да рамонту. Як расказаў дырэктар Яраслаў Койка, на яго зрасходвалі 3,5 мільёна рублёў, не ўлічваючы фундатарскую дапамогу.
Люшчанская базавая школа вельмі адрозніваецца ад сучасных будынкаў. Дзеці, а іх у гэтым годзе сядзе за парты 25, вучацца ў аднававярховым доміку. Акрамя ведаў, школьнікі далучаюцца тут да народных традыцый і вучацца вырабляць драўляныя цацкі і статуэткі. Станкі па дрэваапрацоўцы старэнькія, але настаўнік працоўнага навучання Сяргей Мархотка штогод вяртае іх да «новага жыцця”. Дырэктар Мікалай Грыцук запэўніў, што да навучальнага года ў асноўным школа гатова.
У Вялуцкай СШ, хаця і чакалі камісію, але асабліва не хваляваліся, бо ведалі, што навучальная ўстанова адпавядае ўсім патрабаванням. Дырэктар Уладзімір Коўшык расказаў, што сёлета асаблівых затрат рамонт не патрабаваў. Справа ў тым, што два гады таму, калі Велута пераўтваралася ў аграгарадок, школа, як і вёска, набыла прыгожае аблічча. Цяпер жа справа за малым – падтрымліваць парадак і чысціню. І гэта вучням і настаўнікам удаецца.
У Чучавічах, як у асноўным будынку, так і пачатковай школе існуе адна праблема – вада. Між тым, у водаканале паведамілі, вада ў гэтым населеным пункце адпавядае ўсім нормам і стандартам. Справа ва ўнутрышкольных сетках, дзе вада застойваецца, асабліва ў летні перыяд. Патрэбна прамыўка ці, магчыма, і замена труб. Праблема існуе і яе трэба вырашаць, бо размова ідзе аб здароўі дзяцей.
Прыёмка навучальных устаноў, аб якіх ішла размова вышэй, прайшла паспяхова. Але канчатковы вынік будзе пастаўлены, як толькі будзе зроблены аналіз проб вады.