“НЕ ТОЛЬКІ ЎЛАСНЫЯ, АЛЕ І ЧУЖЫЯ ЎРОКІ НЕ ПАВІННЫ ПРАХОДЗІЦЬ БЯССЛЕДНА…”

Аляксандр Аляксеевіч БРЭЛЬ, галоўны інжынер рачнога порта «Мікашэвічы”, удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС:

 

— Нядаўняя трагедыя ў Японіі яскрава нагадала падзеі амаль 25-гадовай даўніны ў Чарнобылі. У той час мне было 26 год, працаваў памочнікам механіка на цеплаходзе. Добра памятаю, як 1 мая 1986 года з грузам праходзілі міма горада Прыпяць. У святочным убранстве яго вуліцы сустракалі людзей, што сем’ямі спяшаліся на першамайскія ўрачыстасці. Ні яны, ні мы тады толкам не ведалі, што адбылося ў Чарнобылі…

Пазней давялося не раз і не два на тым жа цеплаходзе па Прыпяці і Дняпры дастаўляць шчэбень, адсеў і пясчана-гравійную сумесь для ліквідацыі страшнай аварыі. Прышвартоўваліся ў розных пунктах, у тым ліку і ў 30-кіламетровай зоне. Праз некаторы час яна стала зонай адчужэння, і засталіся там толькі адзінкі жыхароў – старыя людзі, якія на свой страх і рызыку не пажадалі развітацца з роднымі мясцінамі, вырашыўшы тут завяршыць зямны шлях.

У памяць урэзаўся адчай, які апаноўваў усіх, каго закранула Чарнобыльская бяда. Мы не ведалі, як ад яе засцерагчыся, таму многія кідаліся ў крайнасці, бескантрольна ўводзячы ў рацыён ёд. Нямала было і тых, хто абыякава махаў рукой на нябачную небяспеку: маўляў, не такі страшны чорт, як яго малююць. Былі такія і сярод нас, ліквідатараў. Правіл паводзін ва ўмовах радыяцыйнага забруджвання мы асабліва не ведалі і падпарадкоўваліся патрабаванню мыцца ледзь не кожную гадзіну. А яшчэ нас прымушалі выкідваць вопратку, якая ўбірала ў сябе рыдыяцыйны пыл. Адзення было шкада, таму многія проста мылі яго і апраналі яшчэ не адзін раз…

Міжволі параўноўваў чарнобыльскія падзеі і іх рэха з тым, што адбылося ў Японіі. Стараўся не прапусціць ніводнага з тэлерэпартажаў адтуль. Думаю, не толькі я, а многія адзначылі, што адчаю на тварах японцаў, нягледзячы на жудаснасць усяго, што здарылася, не было. Відавочна, сваю каштоўную ролю адыграла тое, што там на дастаткова высокі ўзровень пастаўлена адукацыйная работа сярод насельніцтва. Людзі, якія перажылі Хірасіму і ледзь не штогод адчуваюць землятрусы, добра ведаюць, як паводзіць сябе ў гэтых умовах. Рэальнага становішча спраў на атамнай стацыі Фукусіма не таіў і ўрад Японіі.

Па тэлеканалах прайшла інфармацыя, што ў краіне раптам сталі дэфіцытам дазіметры. І ў той жа час пра паказанні радыяцыйнага фону ў любой кропцы краіны імгненна можна даведацца з любых агульнадаступных інфармацыйных крыніц, у тым ліку – з Інтэрнета.

Упэўненасць і вытрымка японцаў стала своеасаблівым стрымліваючым эфектам для іншаземцаў. Прычым не толькі тых, якія жывуць у Японіі. Нельга было не заўважыць, як міжволі згаслі акцыі праціўнікаў атамных станцый у краінах Еўропы. Сёння кожны сучасны чалавек разумее, што запасы нафты і прыроднага газу на планеце не бязмежныя, і чалавецтва даўно паўстала перад неабходнасцю шукаць новыя альтэрнатыўныя крыніцы энергіі. Мірны атам – найбольш даступная з іх. Менавіта таму краіны Еўропы маюць не адну і не дзве атамныя электрастанцыі. У той жа Германіі, якую па плошчы можна параўнаць з Беларуссю, іх больш як дзесятак. Так, работу некаторых з іх прыпынілі на тры месяцы, але гэта не больш як даніна падзеям і ўзрыву эмоцый удзельнікаў акцый пратэсту, якія, думаю, неўзабаве скіравалі свой імпэт у разумнае рэчышча.

Зараз у нашай краіне ідзе рэалізацыя праекта па ўзвядзенню першай атамнай станцыі. Асабіста я з адабрэннем сустрэў навіну пра тое, што нарэшце падпісана пагадненне з расійскім бокам аб пачатку будаўніцтва АЭС. Нельга не заўважыць і тое, што самая пільная ўвага надаецца бяспецы людзей і наваколля. Прычым не толькі ў перспектыве, калі станцыя пачне дзейнічаць, а ўжо зараз – на этапе будаўніцтва. Яно і так. Не толькі ўласныя, але і чужыя ўрокі не павінны праходзіць бясследна.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть