НЕДАЛІЧЫЛІСЯ ЭЛЕКТРАРУХАВІКОЎ
у майстэрні КУСП “Міжлескае”, размешчаных у в. Красная
Воля.
Адсюль раптоўна зніклі 19 электрарухавікоў і 6 статараў
да іх. Асобу, якая мела дачыненне да крадзяжу, праваахоўнікі ўстанавілі ў
кароткі тэрмін. Папрацаваць на месцы злачынства ім давялося нямала. Але ж
старанні таго каштавалі. Хутка паявілася падазрэнне, што паквапіўся на
калектыўнае дабро жыхар суседняй вёскі, які працаваў у сельгаспрадпрыемстве
электрагазазваршчыкам. Падазраваемы змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання.
Цяпер яму давядзецца не толькі вярнуць украдзенае, але і адказваць перад судом
па ўсёй строгасці закона за нанясэнне гаспадарцы ўрону ў буйным памеры.
У ПАЛОНЕ ДУРМАНУ
Ва ўладу наркотыкаў лёгка трапляюць аматары прымхлівага
задавальнення.
Вось і жыхарцы Мікашэвіч, якая знаходзіцца ў водпуску па догляду
за дзіцем да 3 год, ніяк не ўдаецца вырвацца з учэпістых лап наркатычнай
атруты. Параўнаўча нядаўна яна прыцягвалася да адказнасці за незаконнае
захоўванне наркатычных рэчываў, як зноў трапіла ў поле зроку праваахоўнікаў. У
яе кватэры знойдзены ацэціліраваны опій, макавая саломка, і таблеткі,
утрымліваючыя небяспечныя наркатычныя рэчывы.
РАСІЙСКІЯ, АЛЕ НЕСАПРАЎДНЫЯ
На аўтазаправачнай станцыі паблізу Мікашэвіч невядомыя
разлічыліся дзвюмя падробнымі расійскімі купюрамі вартасцю па 500 рублей
кожная.
Праводзяцца аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы. Тая
акалічнасць, што фальшыўкі выявілі пры здачы выручкі з АЗС у банк, прыкметна
ўскладняе пошук злачынцаў.
НЕЗВЫЧАЙНАЕ ПЕРАЎТВАРЭННЕ
Жыхар в. Навасёлкі быў непрыемна здзіўлены, калі раніцой
замест цялушкі убачыў ва ўласным хляве бычка.
У міліцыю ён звярнуўся з заявай абавязкова выявіць таго,
хто пайшоў на такі дзівосны падлог.
НАСЛЯДЗІЛІ ПІНЧАНЕ
У двары дамоў №№12 і 14 а па вуліцы Чэхава ў Лунінцы былі
ўскрыты дзве легкавушкі. Злодзеі выкралі адтуль усё, што можна было панесці.
Два тыдні спатрэбілася міліцыянерам, каб выявіць і
затрымаць падазраваемых. Імі аказаліся 20-гадовыя жыхары Пінска, якія раней
канфліктаў з законам не мелі.
“КІНДНЭПІНГ” ПА-МІКАШЭВІЦКУ
У міліцыю звярнулася жыхарка маладога горада з заявай на
былога мужа. Па меркаванню жанчыны, ён рыхтуецца выкрасці іх агульнае дзіця.
Зараз праваахоўнікі высвятляюць абгрунтаванасць
падазрэнняў занепакоенай маці.
АДКАЗВАЕ НЕ ТОЛЬКІ ТОЙ, ХТО БЯРЭ, АЛЕ І ТОЙ, ХТО ДАЕ…
У ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, праводзімых
рэспубліканскімі службамі МУС і КДБ, за спробу ўзяць хабар затрыманы
супрацоўнік ааддзела па грамадзянству і міграцыі РАУС.
Адначасова вырашаецца пытанне прыцягнення да адказнасці і
таго, хто даваў грошы. Аматарам заахвоціць асоб на пасадах за больш хуткае
вырашэнне пытання варта памятаць, што закон у пэўных выпадках прадугледжвае
адказнасць абодвух бакоў.