НОВЫ ГЕНАТЫП ГРЫПУ ПАЯЎЛЯЕЦЦА КОЖНУЮ ВОСЕНЬ

Нягледзячы на тое, што пад’ём захворваемасці на грып ў бліжэйшы час не прагназуецца, медыкі заклапочаны тым, каб ужо зараз зрабіць усё магчымае для барацьбы з віруснымі інфекцыямі. Самы эфектыўны від прафілактыкі – вакцынацыя. Менавіта аб гэтым ішла размова падчас “круглага стала”, у якім бралі ўдзел загадчыкі: эпідэміялагічнага аддзела РЦГіЭ Галіна КАНАПАЦКАЯ, тэрапеўтычнага і педыятрычнага аддзяленняў раённай паліклінікі Марыя КУРСЕВІЧ і Ірына СОЦ.

Вядучы: Вядома, што мэта вакцынацыі – зніжэнне захворваемасці на грып і смяротнасці, якая іншы раз наступае з-за ўскладненняў ці абвастрэнняў сардэчна-сасудзістых, лёгачных і іншых захворванняў. Наколькі небяспечны прышчэпкі?

Г.М. Канапацкая: Супрацьгрыпозныя вакцыны выкарыстоўваюцца больш як 60 год і даказалі сваю бяспечнасць ва ўсіх узроставых групах. Гэта найбольш эфектыўны шлях абароны ад грыпу. Сучасныя вакцыны добра пераносяцца здаровымі людзьмі, а таксама тымі, хто ўваходзіць у групу высокай рызыкі.

М.В. Курсевіч: Статыстыка сведчыць, што вакцынацыя спрыяе змяншэнню колькасці шпіталізацый з-за пнеўманіі сярод дарослых людзей на 40 працэнтаў, захворваемасці на востры сярэдні атыт, які часта з’яўляецца ўскладненнем грыпу ў дзяцей, – на 36-69 працэнтаў. Акрамя гэтага, скарачаюцца абвастрэнні хранічнага бранхіту (на 20 працэнтаў), устаноўлена эфектыўнасць у адносінах прафілактыкі бранхіяльнай астмы. Сярод хворых на цукровы дыябет І тыпу менш прагрэсіруюць сасудзістыя ўскладненні і рэгіструюцца эпізоды дэкампенсацыі, якія патрабуюць павелічэння дазіроўкі інсуліну.

Вядучы: Мне неабыякава маё здароўе і з наступленнем халоднага надвор’я не хочацца “падчапіць” вірус грыпу. Парайце, калі лепш прайсці вакцынацыю?

Г.М. Канапацкая: Для стварэння паўнацэннай абароны пасля прышчэпкі арганізму неабходна ад 14 да 30 сутак. За гэты час выпрацоўваюцца і накопліваюцца антыцелы. Іх абаронны ўзровень захоўваецца да 6 месяцаў, пасля чаго пачынае зніжацца. У нашай краіне пад’ём захворваемасці, як правіла, адзначаецца ў лістападзе-сакавіку, а значыць, прышчапіцца лепш у перыяд з верасня да другой паловы лістапада.

Вядучы: А калі чалавек не паспеў зрабіць прышчэпку, а тут раптоўна пачалася эпідэмія. Ці ёсць сэнс рабіць яе?

М.В. Курсевіч: Нават у гэты перыяд яе пажадана зрабіць. Мэтазгоднасць штогадовай вакцынацыі вызначаецца яшчэ і тым, што, новы вірус грыпу па сваіх уласцівасцях адрозніваецца ад міналагодняга.

Вядучы: Можа прышчэпка ад грыпу і эфектыўна, але 100-працэнтнай абароны ад захворвання не дае.

М.В. Курсевіч: Гэта так, але чалавек, які зрабіў прышчэпку, мае верагоднасць заразіцца ў 3-4 разы менш. Штогод на пасяджэнні экспертаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя вызначаецца склад вакцын супраць грыпу.

Так, у эпідсезон 2010-2011 гадоў быў уключаны штам А/Н1N1. З мэтай прафілактыцы можна прымаць прэпараты інтэрферону, імунамадулятары (аміксін, дыбазол), вітаміны і аскарбінавую кіслату, гомеапатычныя сродкі, цыбулю, часнок, загартоўвацца. Аднак па эфектыўнасці ўсё гэта саступае супрацьгрыпозным вакцынам. Тым больш, што часта людзі выбіраюць лекі самастойна і ўжываюць іх без кантролю ўрача, што іншы раз прыводзіць да цяжкіх наступстваў.

Вядучы: Дык з якога ж узросту можна вакцынавацца?

І.А. Соц: Па магчымасці прышчэпкі супраць грыпу павінны атрымліваць усе групы насельніцтва, пачынаючы з 6-месячнага ўзросту. Аднак, першапачатковым паказаннем да вакцынацыі з’яўляецца прыналежнасць дзяцей да груп рызыкі. Гэта хворыя на лёгачныя і сардэчна-сасудзістыя захворванні, анемію, цукровы дыябет, тыя, хто атрымлівае імунасупрэсіўную тэрапію. Спадзяюся, што мамы ўсвядомяць простую ісціну: толькі калі дзіця прышчэплена, яно застрахавана ад ускладненняў грыпу. Для папярэджвання ўзнікнення захворвання на грып у нованароджанага і ў дзяцей ва ўзросце да 6 месяцаў прышчэпкі патрэбны тым, хто знаходзіцца побач з малышамі.

Іх неабходна рабіць медыцынскаму персаналу, цяжарным жанчынам, асобам, чый узрост перавышае 50 год, школьнікам і студэнтам і ўсім, хто хоча абараніць сябе ад інфекцыі.

Вядучы: Ці ёсць супрацьпаказанні для вакцынацыі?

М.В. Курсевіч: Нельга рабіць прышчэпкі, калі хранічная хвароба прагрэссіруе, пры вострым стане, павышанай адчувальнасці да яічнага белку ў анамнэзе, а таксама пры цяжкіх рэакцыях на папярэднія ўвядзенні вакцыны.

Вядучы: І ўсё ж, вы лічыце, што вакцынацыя супраць грыпу неабходна?

Г.М. Канапацкая: Так, бо абараняе ад захворвання каля 80 працэнтаў здаровых дзяцей і дарослых. Даследаванні паказалі, што эфектыўнасць вакцынацыі ў некалькі разоў перавышае абарону, якую здольны забяспечыць сродкі неспецыфічнай прафілактыкі.

І.А. Соц: Вопыт прымянення інактываваных грыпозных вакцын характарызуецца добрай перанослівасцю. Іх прымяненне з’яўляецца эканамічна апраўданым і выгадным, дазваляе эканоміць значныя сродкі.

М.В. Курсевіч: Вакцынацыя асоб пажылога ўзросту рэзка зніжае смяротнасць ад грыпу. Гэта хвароба штогод уносіць жыцці дзесяткі тысяч людзей, а ў соцень тысяч – пагаршае здароўе. Важна, каб пра грып не забывалі і на прадпрыемствах, і ў арганізацыях . 70-80-працэнтная вакцынацыя значна зніжае захворваемасць у калектыве.

Вядучы: Да верасня – не так далёка, але ёсць яшчэ час падумаць і ўзважыць усе за і супраць: чакаць хваробу ці зрабіць прышчэпку?

“Круглы стол” правяла Алена ДАНІЛОВІЧ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть