“НЯХАЙ МАСКВА ДА МЯНЕ ЕДЗЕ!”

Стварэнне аграсядзіб – элемент развіцця турыстычнай праграмы нашай краіны, мэтай якой з’яўляецца азнаямленне з нацыянальнымі традыцыямі. Гаспадары імкнуцца адлюстраваць культуру і самабытнасць беларусаў. Зразумела, адметнасць найбольш захавалася ў вёсках. Адна з першых аграсядзіб раёна створана ў Велуце. Сям’я Арэхва на працягу пяці год прымае гасцей. Гутарым аб гэтым з гаспадаром.
– Павел Паўлавіч, хто да вас ужо прыязджаў, чым захапляўся?
– Спыняліся жыхары суседніх раёнаў і абласцей нашай краіны, грама-дзяне Расіі, Украіны, Польшчы. Наша вёска размешчана на ўлонні прыроды, вакол – лясы, рака Цна, два вадаёмы. Вадасховішча Велута захапляе рыбакоў, тут наладжана платная рыбалка. Непадалёку і жамчужына раёна – Белае возера, дзе вельмі прыемна адпачываць у спякоту.
– Чым, на вашу думку, яшчэ прываблівае аграсядзіба “Велута”? 
– Маюцца ўтульныя спальныя пакоі, дзіцячая пляцоўка, лазня. Прапануем гасцям нацыянальную кухню. Да іх паслуг – мікрааўтобус і інтэрнэт, дзе, дарэчы, створаны і наш сайт (www.Valuta.ru). На будучае планую пабудаваць пакой адпачынку пры лазні, прасторную альтанку для знаходжання на свежым паветры ў любое надвор’е.
– Звычайна ў любой справе сустракаюцца цяжкасці. Якія давялося пераадольваць вам? 
– Па-мойму, дакладней сказаць, што складанасці суправаджаюць любую добрую справу. Нам неабходна выплачваць крэдыт, што немагчыма без пастаяннага месца працы. Наша – Вялуцкі дзіцячы сад (Кацярына Анатольеўна – загадчыца,  Павел Паўлавіч выконвае абавязкі медсястры. – І.К.). Занятасць не дазваляе знаходзіцца дома пастаянна, іншы раз адмаўляем гасцям, што не можа задавальняць.
– А ці ёсць суб’ектыўныя прычыны, па якіх не прымаеце турыстаў? 
– Калі іх колькасць невялікая. Клопаты аднолькавыя пры знаходжанні двух гасцей ці дзесяці, таму аддаем перавагу большым групам наведвальнікаў. Адмаўляем тым, хто хоча прыехаць са сваімі чатырохногімі любімцамі. Мелі сумны вопыт, калі вялікі пёс гасцей нанёс шкоду мэблі. Гаспадары ўрон аднавілі, але асадак застаўся. Я не супраць хатніх жывёл у прынцыпе, у нас ёсць свой коцік, але чужых у нашай хаце больш не трэба.
– Хто падтрымаў вас на пачатку гаспадарчай дзейнасці?
– Ніхто не верыў у попыт сядзібы – ні аднавяскоўцы, ні гаспадыня. Жонка скептычна адносілася да маіх ідэй, хвалявалася, што трэба ўкласці немалыя грошы, а наведванне не наладзіцца. Прапаноўвала мне, па прыкладу іншых вялуцкіх мужчын, ехаць на заробкі ў Маскву. Цвёрда адказаў: “Не я буду ездзіць туды, няхай Масква да мяне едзе!”. Так і адбылося. 
– Відавочна, мелі пэўныя задумы пры стварэнні аграсядзібы. Цікава, вопыт прыёму гасцей уносіў у іх карэктывы?
– Усё стараюся рабіць сваімі рукамі. Не захапляюся сучасным еўрастылем, аддаю перавагу натуральнаму дрэву. Імкнуся аднавіць умовы жыцця нашых продкаў, захаваць дух беларускай вёскі. Як і меркаваў, замежныя госці прыязджаюць даведацца больш аб культуры і гісторыі Беларусі. Вялікую цікавасць выклікаюць у іх звычайныя сялянскія справы. Многія просяць патрымаць касу ў руках, прайсціся з ёй па лузе. Бяруць у рукі сякеру, каб накалоць дроў… Не стаўлю на мэту дагадзіць усім і кожнаму. Але ёсць людзі, якія пасля першага наведвання прыязджаюць зноў. Значыць, адчулі гасцін-насць гаспадароў, захапіліся нацыянальнымі традыцыямі. Гэта лічу галоўным…
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть