Над горадам – гукі “Лунінецкага вальса”…

Штогадовая сустрэча аматараў гісторыка-культурнай спадчыны праводзілася ў 8-ы раз. Яна пачалася і завяршылася спевамі Наталлі Мурко – запаветам любіць сваю зямлю гучалі запісы песняў “Мой родны кут” і “Лунінецкі вальс”.
Вялі вечарыну ліцэісты. 10-класнікі Алеся Баўкуновіч і Ілья Чумак, 11-класнікі Марыя Казун і Дзяніс Кіндрук, Дзіна Курыловіч і Уладзіслаў Сайко, а таксама намеснік дырэктара Наталля Бойка нагадвалі аб асноўных датах лунінецкага календара і захапляліся таленавітымі землякамі. 
Славім РОДНЫ КРАЙ
У гонар 100-годдзя чыгуначнага клуба лунінчанам дарылі сваю творчасць Настасся Якавец і ўдзельнікі народнага фальклорнага ансамбля “Лабчанка” Таццяна Юрко і Раіса Калесніковіч.
Як заўсёды, пад авацыі, воклічы “брава” і “біс”, выступіў народны аркестр народных інструментаў ГДК. У памяць аб Наталлі Мурко саліст Віктар Круглік выканаў “Зорку Венеру” – любімы раманс спявачкі… Акрамя папулярных у лунінчан твораў, прагучалі рэдка выконваемыя: аранжыроўка беларускай песні “Цячэ вада ў ярок” Крамко, “Ферапонтаў манастыр” Залатарова і “Іспанская гітара” Гранадаса з сола на цымбалах. Рэпертуар узбагаціла прэм’ера – музычны жарт з харавымі ўстаўкамі па матывах народных мелодый “Чаму ж мне не пець”. 
Праграму вяла настаўніца ліцэя Наталля Клімачова. Асаблівыя словы ўдзячнасці і віншаванняў гледачы адрасавалі мастацкаму кіраўніку калектыву – канцэрт адбываўся 21 лістапада, калі Наталля Юрцэвіч адзначала дзень нараджэння. 
Памяці ПІСЬМЕННІКА
Нашаму краю пашчасціла на людзей, якія пакінулі стваральны след у гісторыі сям’і, роднага паселішча, краіны. Ушанаванне сучасных творцаў пачалося з памяці аб радзімазнаўцы Мікалаі Калінковічы. Сёлета закрыта школа, у якой вучыўся пісьменнік. Але Мікалай Мікалаевіч заўсёды выказваў любоў да сваёй вёскі. Марыў: “Напішацца і кніга пра родную Цну…”. З Расіі, Туркменіі, Грузіі накіроўваў у Беларусь лісты на роднай мове. 
Многія паслядоўнікі вядомага земляка таксама шчыруюць у славу малой радзімы. У развіццё краязнаўства важны ўклад уносіць настаўніца Багданаўскай СШ Людміла Ярмольчык. Пад яе кіраўніцтвам вучні Аліна Кавалевіч і трое па прозвішчу Антановіч – Ганна, Крысціна, Уладзіслаў – падрыхтавалі даследаванне “Покуць”. Выкладчыца і пяцікласнікі атрымалі падарункі ад станцыі Лунінец. 
Дыплом Памяці Мікалая Калінковіча 12-ы год запар уручаецца пераможцы конкурсу чытальнікаў вершаў краязнаўчай тэматыкі. Сёлета гэта былі вершы Якуба Коласа – у гонар юбілею народнага песняра. Адзначана ліцэістка Кацярына Якуша, якая выдатна прачытала ўрывак з паэмы “Сымон-музыка” (вучаніцу падрыхтавала настаўніца Валянціна Казун). Падарунак уручыў начальнік станцыі Лу-нінец Юрый Барысаў.
Дырэктар раённага фізкультурна-аздараўленчага клуба “Здароўе” Ігар Гапон нагадаў, што Мікалай Калінковіч гарманічна спалучаў літаратурную творчасць і захапленне спортам. Дыпломам яго памяці ўзнагароджаны славуты мотабаліст Аляксандр Бабіч.
Чыгуначны НАСТРОЙ
Беларуская чыгунка адзначае 150-годдзе. Праз фотаздымкі і расповяды ўдзельнікі сустрэчы пазнаёміліся з прадстаўнікамі ХІХ стагоддзя, калі пачыналася гісторыя сталёвых магістраляў Еўропы. 
Верны традыцыям мінулых пакаленняў, калектыў лакаматыўнага дэпо шануе першапраходцаў. Дыпломам памяці музыкантаў Аляксея і Аляксандра Матэусаў узнагаро-джаны ўзорны ансамбль “Сунічка” СШ в. Вулька 1 (мастацкія кіраўнікі Уладзімір і Людміла Калянковічы, Ганна Лазько).
Другі дыплом – у гонар лунінецкай паэткі Вольгі Аляшкевіч, дзед і бацька якой працавалі ў дэпо. Узнагароджаны мясцовы літаратар Максім Казун, які падзяліўся ўспамінамі аб Мікалаі Калінковічы і прачытаў свае новыя вершы.
Максім Міхайлавіч працуе ў дыстанцыі пуці. Ад імя калектыву маставы майстар Сяргей Барысевіч адзначыў аматараў творчасці. Дыплом памяці мастакоў – братоў Георгія і Міхаіла Ішчанкаў – будзе дасланы ў Аўстралію Ірыне Новак. Унучка і дачка чыгуначнікаў жыве ў далёкай краіне, не забываючы аб малой радзіме. З дасланых ёю ў падарунак сувеніраў настаўнікі аддзялення дзіцячай школы мастацтваў аформілі выставу “З Аўстраліі – з любоўю”. Тэхніку жыва-пісу абарыгенаў вывучылі юныя лунінчане. Аліна Абрамчук, Яна Івашкевіч, Ксенія Канановіч, Наталля Сцяпашкіна, Аліна Харытановіч, Арына Шэвелева, Васіль Хілюк дадалі выставу сваімі творамі. Вучням уручаны дыпломы, фарбы і пэндзлікі.
Сучасная ПРЫТЧА
З часоў Хрыста штодня ў храмах чытаюцца малітвы. Усё – дзеля таго, каб удасканальваўся чалавек. Каб суадносіў свае справы са словам Божым. Каб упрыгожваў зямлю ў адпаведнасці са сваім жыццёвым прызначэннем. Аб гэтым нагадаў Сергій Крышталь – настаяцель храма, які будуецца ў Лунінцы ў гонар іконы Божай Маці “Взыскание погибших”. Паўтараем старонкі мінулага, каб ушанаваць людзей, якія складаюць славу Лу-нінеччыны. Адна з іх – спявачка царкоўнага хору Ксенія Бясан, якая працавала ў аддзеле рабочага забеспячэння станцыі Лунінец. Сёлета Сіме была прысвечана праграма “Таямніца душы” на Першым канале БТ. Здымкі адбыліся пры арганізатарскім удзеле начальніка кадравай службы ОРСа Ніны Аксёнавай. Яна адзначана Дыпломам памяці Сімы і Падзячным лістом храма, якія ўручыў айцец Сергій.
Удзячнасць
Калектывы філіяла “Харчтавары” і ЖКГ ушанавалі былых працаўнікоў – бацькоў Мікалая Калінковіча… У арганізацыі вечарыны дапамаглі спецыяліст па кадрах станцыі Лунінец Галіна Туркевіч, старшыні прафкамаў: лакаматыўнага дэпо – Аляксандр Матор і дыстанцыі пуці – Вячаслаў Туркевіч, спецыяліст райкама ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Алена Грудзько, работнікі цэнтральнай бібліятэкі, а таксама ДК чыгуначнікаў Дзмітрый Аляшкевіч і Віталь Дзедзін. 
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть