«Настаўнікі заўсёды ў нашых сэрцах будуць…”
Крыху перафразуем песню, якая адкрыла ўрачыстасць, прысвечаную прафесійнаму святу педагогаў.
Больш якрава пакрэсліваецца яго сутнасць, калі расчуленыя настаўнікі прымаюць букеты залатой восені ад вучняў розных пакаленняў. У актавай зале СШ №4, дзе сёлета адбыўся ўрачысты сход, панавала атмасфера шчырасці, павагі і дабрыні. Гэтым пачуццям заўсёды вучыць школа, і цудоўна, што ёсць дзень, калі ўся любоў грамадства вяртаецца яе носьбітам – настаўнікам. Каб так было часцей, пажадаў старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч, і выказаў упэўненасць у аднаўленні прыгожай традыцыі мінулых часоў, калі ў вёсках і гарадах здалёк кланяліся педагогам. Ён адзначыў, што сёлета ніводная галіна народнай гаспадаркі не спрацавала так эфектыўна, як сфера адукацыі. Значыць, «прафесія далёкага дзеяння”, як вобразна называюць працу настаўнікаў, заклала надзейны падмурак будучаму. У сваю чаргу за падтрымку спраў педагогаў абкам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі адзначыў Васіля Міхайлавіча Падзячным лістом, які ён назваў першай узнагародай на Лунінеччыне, што да многага абавязвае. Мяркуючы па выступленнях, і выканаўчая, і прадстаўнічая ўлада, ад імя якой віншаваў старшыня райсавета Віталь Адзішчаў, і надалей будуць заахвочваць поспехі сферы адукацыі, садзейнічаючы яе новым дасягненням.
Кіраўнікі раённай улады ўручалі лепшым настаўнікам вышэйшыя ўзнагароды Лунінеччыны – ганаровыя граматы райвыканкама і райсавета. Шэраг прадстаўнікоў педагагічнай грамадскасці раёна падарункамі і вітаннямі адзначылі начальнік аддзела адукацыі Валянціна Верас і старшыня галіновага райкама прафсаюза Нэлі Рафаловіч. А яшчэ кожнага, хто выклікаўся на сцэну, радавалі кветкамі. Адным з самых кранаючых момантаў урачыстасці стала ўшаноўванне юбіляраў, якія паступова папаўняюць рады ветэранаў педагагічнай працы.
Святочны настрой удзельнікаў ствараўся многімі элементамі харастава. У фае гучаў духавы аркестр ГДК з удзелам гурткоўцаў Цэнтра дзіцячай творчасці пад кіраўніцтвам Васіля Паўлавіча Дзедзіна; усеагульнае захапленне выклікалі шматлікія выставы мастацкіх вырабаў. На сцэне выдатныя здольнасці дэманстравалі юныя зоркі з вакальнага ансамбля ЦДТ «Залатое птушаня”, узорныя калектывы – фальклорная «Сунічка” СШ в. Вулька 1 і харэаграфічны «Дыямант” Палаца культуры РУВП «Граніт” з Мікашэвіч, асобныя вакалісты і танцоры. Падарункамі сталі выступленні вядомых самадзейных артыстаў – ансамбляў «Прымакі” ДК чыгуначнікаў і «Вандроўнікі” Дварэцкага ЦСДК.
Шчасцем займацца прафесіяй, аб якой марыла з дзяцінства, дзялілася настаўніца мікашэвіцкай СШ №2 Вольга Анатольеўна Шэляговіч. Затым да «вольнага мікрафону” сталі падыходзіць былыя вучні з букетамі. Стаматолаг А.М. Завацкая выказала падзяку за веды сваёй настаўніцы біялогіі з Вялікачучавіцкай СШ – Валянціне Ігнатаўне, якая цяпер узначальвае раа. Педагог СШ №2 г. Лунінца Таццяна Васільеўна Верас шчырыя словы адрасавала настаўніку матэматыкі Паўлу Іосіфавічу Зылевічу, калегай якога з’яўляецца. Дарэчы, адзіная з яго вучняў! Апладысментамі зала падтрымала прапанову вядомага педагога, каб зноў жа адрадзілася традыцыя: «Усім класам – у настаўнікі!”. І на злучаючым пачуцці еднасці слухалі спевака Яўгена Вярэніча, які нагадаў, што яму «дала пуцёўку” ў музычны каледж кіраўнік гуртка ЦДТ Галіна Мікалаеўна Гімбатава. «Святочны вальс” і вялікая карзіна кветак завяршылі ўрачыстасць, а наша ўдзячнасць настаўнікам будзе працягвацца і пасля першай нядзелі кастрычніка – дня прафесійнага свята педагогаў.