Не пацярпеўшыя – ВЫЖЫЎШЫЯ

Так у Японіі называюць людзей, якія перанеслі атамныя бамбардзіроўкі Хірасімы і Нагасакі. Цяпер краіна зноў у цэнтры ўвагі. Свет хвалюецца, каб з-за землетрасенняў і цунамі сітуацыя на АЭС Фукусіма-1 не выйшла з-пад кантролю, прывёўшы да новай ядзернай катастрофы… Выкарыстаць вопыт Японіі, дзе рэабілітацыя грунтуецца на аптымістычным падыходзе, найперш – адмовіўшыся ад сіндрому ахвяры, заклікае доктар навук, прафесар кафедры псіхалогіі Обнінскага інстытута атамнай энергетыкі (Расія) Таццяна МЯЛЬНІЦКАЯ:

– З 1994 года займаюся вывучэннем псіхалагічнага здароўя насельніцтва на тэрыторыях, забруджаных пасля катастрофы на ЧАЭС. Узначальваю навукова-метадычнае забеспячэнне дзейнасці цэнтраў сацыяльна-псіхалагічнай рэабілітацыі ў рамках рэалізацыі сумесных расійска-беларускіх праектаў. Праводзім шматлікія сацыялагічныя даследаванні ў Расіі, Беларусі, Украіне. Яны сведчаць, што найбольш сур’ёзнай праблемай аховы здароўя з’яўляюцца сацыяльна-псіхалагічныя наступствы чарнобыльскай бяды. Радыяцыйнае забруджанне выклікала псіхалагічны стрэс. З яго характарыстык найбольшае значэнне мае адсутнасць органалептычнага (не ўбачыць, не ўчуць, не панюхаць, не памацаць) успрыняцця радыеактыўнасці, што ўзмацняе адчуванне нявызначанай небяспекі.

– У чым гэта адлюстроўваецца?

– З аднаго боку, людзі празмерна асцярожныя, пастаянна хвалююцца аб стане здароўя. З другога – абурае недапушчальная бесклапотнасць, ужыванне ў ежу грыбоў, ягад і дзічыны з моцна забруджаных раёнаў. Памылковыя ўяўленні і міфы аб пагрозе выпраменьвання, якія глыбока ўкараніліся, паралізуюць ініцыятыўнасць, параджаюць фаталізм сярод жыхароў.

– На ваш погляд, якім чынам трэба ўзмацняць псіхічнае здароўе?

– Пяць прынцыпаў вызначыў Чарнобыльскі форум ААН, які адбыўся ў 2006 годзе ў Жэневе (Швейцарыя). Па-першае, мерапрыемствы па пераадоленню наступстваў павінны ўлічваць не толькі патрэбы канкрэтных асоб і мясцовых абшчын, якіх кранула аварыя на ЧАЭС, але і арыентавацца на патрэбы грамадства ў цэлым. Па-другое, людзям неабходна самім кантраляваць сваё жыццё, а краіне – сваю будучыню. Трэці і чацвёрты прынцыпы: эфектыўнае выкарыстанне рэсурсаў, сканцэнтраваных на патрэбах найбольш пацярпеўшых рэгіёнаў, з улікам абмежавання бюджэтных рэсурсаў. Пяты – міжнародныя намаганні мэтазгодныя для падтрымкі дзейнасці мясцовых органаў улады.

– Жыхарам трэба і дакладная інфармацыя аб рызыках, што звязаны з радыяцыйным уздзеяннем на арганізм чалавека.

– Бясспрэчна. Але ведам неабходна базіравацца на аб’ектыўных навуковых дадзеных. Любая інфармацыйная стратэгія павінна не ўпірацца толькі ў радыяцыйную небяспеку, але грунтавацца на ўсеабдымным падыходзе да прапаганды здаровага ладу жыцця.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть