“ОНЛАЙН”-ТАРГІ – РЭАЛЬНАСЦЬ

Вы хаціце прадаць тавар даражэй, а купіць танней? Як гэта зрабіць, не выходзячы з рабочага кабінета і амаль не затрачваючы час, даведаліся ўдзельнікі семінара-нарады па пытаннях выкарыстання электронных таргоў у гандлёва-закупачнай дзейнасці прадпрыемстваў. Ініцыятарам мерапрыемства выступілі Брэсцкі аблвыканкам і ААТ «Беларуская ўніверсальная гандлёвая біржа”.
Адкрыў семінар намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Мазько, які расказаў аб тым, што пашырыць магчымасці любога бізнесу дапаможа адзіная ў краіне электронная таварная біржа, якая ажыццяўляе дзейнасць пад эгідай урадавага каардынацыйнага савета па біржавому гандлю, а пералік тавараў, па якіх праводзяцца здзелкі, зацвярджаюцца на самым высокім узроўні.
Дырэктар Брэсцкага філіяла Васіль Феакцістаў расказаў, што на 1 лістапада гэтага года на біржы зарэгістравана больш як 700 суб’ектаў гаспадарання Брэстчыны, з іх 19 – прадпрыемствы Лунінеччыны. Самымі актыўнымі з’яляюцца райспажыўтаварыства, ААТ «Лунінецлес” і ДЛГУ «Лунінецкі лясгас”. Яны на практыцы ўпэўніліся ў перавагах электронных таргоў. Між тым, многія працягваюць працаваць па-ранейшаму.
– Прадаваць і купляць на біржы вельмі проста, – запэўніў Васіль Міхайлавіч. – Неабходна толькі атрымаць акрэдытацыю, навучыць спецыялістаў і размясціць заяўкі. Прычым, усё гэта робіцца бясплатна. Грошы бяруцца з удзельнікаў таргоў толькі па факту ажыццяўлення здзелкі ў памеры ад 0,1 да 0,4 працэнта ад сумы ў залежнасці ад групы тавараў.
Асноўнымі відамі дзейнасці біржы з’яўляецца арганізацыя і правядзенне электронных таргоў лесапрадукцыяй, сельгаспрадукцыяй, металапрадукцыяй (дарэчы, аб’ёмы продажу ў агульным разрэзе тут самыя вялікія – 63,1 працэнта, у Брэсцкім філіяле адказным за гэты ўчастак работы з’яўляецца ўраджэнец Лунінца Сяргей Агіевіч), а з мінулага года – прамысловымі і спажывецкімі таварамі. Новая секцыя дазваляе купляць і прадаваць амаль любы тавар, які вырабляецца ў Беларусі: ад прадуктаў харчавання – да складанатэхнічнага абсталявання. Прыемна, што менавіта вытворцы Брэстчыны першымі пачалі асвойваць яе магчымасці. За 10 месяцаў тут зроблена 1400 здзелак, прычым 400 з іх – за кастрычнік.
Аб тым, як адбываюцца таргі, як заказаць грузаперавозчыка і забяспечыць захаванне тавараў на складскіх плошчах падрабязна расказаў начальнік аддзела лагістыкі Павел Ігнатовіч. Ён жа падкрэсліў, што набыццё праз біржу вызваляе ад конкурсных закупак.
На сайце паявіўся новы раздзел «Актуальная заяўка”. Цяпер месца тут адводзіцца навагоднім падарункам, прычым набыць іх можна на 15-17 працэнтаў танней, чым у іншых аб’ектах гандлю.
Зацікавіў і той факт, што Беларуская ўніверсальная гандлёвая біржа ў бліжэйшы час можа стаць пляцоўкай для біржавых таргоў краін ЕўрАзЭС, дзе будуць праведзены эксперыментальныя онлайн-таргі з удзелам еўраазіяцкай суполкі. Акрамя гэтага, рыхтуецца прававая база для правядзення ў якасці эксперымента электронных аўкцыёнаў па ажыццяўленню дзяржзакупак. Ва ўсім свеце электронная форма з’яўляецца найбольш эфектыўным спосабам эканоміі бюджэтных сродкаў і барацьбы супраць карупцыі. У Казахстане з гэтага года дзяржзакупкі цалкам пераведзены на гэтую форму, па такім жа шляху ідзе і Расія. Для нас гэта – пытанне часу. Несумненна, будучае – за электроннымі таргамі.
Алена ДАНІЛОВІЧ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть