ПАДАРУНАК ДА ЮБІЛЕЮ
Цялятніца з СВК «Вулькаўскі світанак” Вольга Сцяпанаўна Ходзіна летась прадстаўляла Лунінечыну ў складзе дэлегатаў IV Усебеларускага народнага сходу ў Мінску. Сёлета яна прызнана Чалавекам года-2010. Такога гонару простая жанчына ўдастоена за сваю, як сцвярджае, сціплую працу.
Яна нарадзілася і вырасла ў Вульцы 2. Як і многія аднакласнікі, пасля заканчэння школы падалася ў горад, дзе ўладкавалася па тых часах на перспектыўны завод «Палессеэлектрамаш”. Ды толькі душа, прывыкшая да вясковых прастораў, чыстага паветра ды азёрнага водару цягнула дамоў. Пайшла па знаёмаму з дзяцінства матулінаму шляху – уладкавалася паляводам. Аднак задавальнення ад працы не адчувала. Хацелася ўпэўненасці і пастаянства. Іх праз пару год знашла ў жывёлагадоўлі. Уручную даглядала вялікую групу дарослых цялушак і гэтак жа спрытна ўпраўлялася дома на прысядзібнай гаспадарцы…
У паўсядзённасці быту ляцелі гады, часам рыхтуючы непрыемныя сюрпрызы і неспадзяваныя беды. Першай з якіх была страта мужа. Ды толькі і тут не стала спадзявацца на чужую ласку і падтрымку, а з падвоенай энергіяй узялася паднімаць дваіх дачушак…
– Асноўны даход нашай сям’і – гэта мая зарплата, – расказвае Вольга Сцяпанаўна. – Трымаць вялікую гаспадарку ўжо не стае сіл. Без моцнага мужчынскага пляча ў вёсцы наогул жыць цяжка. Калі быў здаравейшы, дапамагаў упраўляцца дома, а часам і на рабоце бацька. Зараз ён ужо слабы, і сам патрабуе догляду. Вольнага часу, які б можна было прысвяціць сабе ці адпачынку, у мяне няма. Адзінае, чым жыву – гэта работа і мара, каб жыццё маіх дачушак было больш шчаслівым і лёгкім. Прыклала ўсе намаганні, каб старэйшая Наташа стала педагогам. Яна закончыла Пінскі каледж, працавала ў Палескай школе, а зараз знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску па догляду за ўнучачкай Ганначкай і завочна набывае вышэйшую адукацыю ў Мазыры. Сёлета заканчвае вучобу ў Пінскім індустрыяльна-педагагічным каледжы малодшая Танюша. Яна таксама марыць працягнуць вучобу ў ВНУ, – з любоўю і пяшчотай у голасе працягвае Вольга Сцяпанаўна. – Я вельмі рада, што мае дзяўчынкі здольныя да вучобы і стараюцца стаць годнымі людзьмі. Так хочацца, каб яны абавязкова здолелі ажыццявіць свае мары, якія не ўдалося спраўдзіць мне.
Удакладняць Вольга Сцяпанаўна не стала і адразу ж пераключылася на работу:
– А прызнанне прыйшло нядаўна. Тры гады таму прапанавалі ўзяць групу маленькіх цялят. Згадзілася і не шкадую, бо зразумела, што гэта па-сапраўднаму маё. Толькі што аднятыя ад кароў, цяляткі такія бездапаможныя і даверлівыя, што нават на хвіліначку пакідаць іх не хочацца. Таму і выхадных амаль не бяру, хоць у нас ёсць падменныя цялятніцы. Вельмі перажывала, калі давялося адсутнічаць пару дзён, што была ў Мінску на сходзе. Увесь час не пакідала думка, ці справіцца з маімі «малышамі” падменная цялятніца. Дзякуй Богу, усё закончылася добра. Наогул, у нас на ферме падабраўся выдатны калектыў. Патрабавальная і «прабіўная” загадчыца Вера Насеня ўсімі сіламі стараецца, забяспечыць жывёлу неабходнымі кармамі і не горшай якасці. Таму і ладзяцца справы. Ды не толькі ў мяне, але і ў іншых працаўнікоў. Выдатным стымулам з’яўляюцца і заробкі. Чым лепш працуеш, тым больш маеш. Вось мне па выніках мінулага года пральную машыну-аўтамат падарылі. Цяпер думаю, як у дом падвесці ваду, каб хутчэй паспрабаваць яе ў справе. А летась халадзільнікам узнагародзілі.
У пачатку сакавіка Вольга Сцяпанаўна адзначыла залаты юбілей. А галоўны падарунак да яго – ПРЫЗНАННЕ, – як і ўсё ў жыцці, падрыхтавала сама сваёй нястомнай працай.