ПЕДАГАГІЧНАЕ КРЭДА

У кожнага чалавека свой Шлях – шлях, які ён выбірае і ідзе па ім у жыцці. Намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці ДЮСШ па зімовых відах спорту “Алімп-2011” Аксана КУЛАКЕВІЧ свядома прысвяціла сябе настаўніцкай дзейнасці. 

– А можа, не я выбрала гэту прафесію, а яна доўга, цярпліва і настойліва выбірала мяне? – дзеліцца суразмоўца. – Калі была яшчэ зусім маленькая, настаўнік фізкультуры Іван Фёдаравіч Рашэцкі прывёў мяне і многіх іншых вучняў нашай лунінецкай СШ №2 на гарадскія спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы. Як зараз памятаю, выступала тады ў пяці дысцыплінах і ва ўсіх паказала лепшы вынік. Трэнер ДЮСШ Валерый Пятровіч Жукоўскі запрасіў у сваю групу. З таго часу ўявіць сваё жыццё без спорту проста не магу. Ён навучыў змагацца, перамагаць, сумленна і адказна адносіцца да работы. Пасля заняткаў у школе мы ўсе “ляцелі” на “лёгкую”, у чаканні новых уражанняў і дасягненняў. Апошнія не прымусілі сябе чакаць. Пяць разоў станавілася пераможцай рэспубліканскага першынства сярод школьнікаў у бегу на 100 метраў з бар’ерамі і скачках у даўжыню. Пасля заканчэння школы паступіла ў Акадэмію фізічнага выхавання і спорту Рэспублікі Беларусь. А потым вярнулася ў родны Лунінец і па размеркаванню працавала ў СШ №3. Паралельна па сумяшчальніцтву вяла секцыю лёгкай атлетыкі пры ДЮСШ. Так доўжылася 12 год.
– Не расчараваліся ў настаўніцкай і трэнерскай справе? 
– Існуе глыбокая памылка, што занятак спортам спрыяе толькі развіццю цела і ніяк не ўплывае на ўнутраны свет дзіцяці і яго светапогляд. Менавіта актыўны рух заўсёды дазваляе быць дзецям у жыццёвым тонусе і з’яўляецца закладам іх паспяховага развіцця. Я ўпэўнена: фізічная культура валодае вялікай сілай! Стрыжнем маёй педагагічнай філасофіі з’яўляецца перакананне, што здаровае і развітае дзіцё – галоўная каштоўнасць грамадства. Вучу дзяцей пераадольваць складанасці, быць дысцыплінаванымі, дапамагаю ім задумацца над тым, што «хочацца» і што «трэба» для здароўя і для сябе. 
– Нядаўна вы перайшлі на работу ў “Алімп-2011”. Чаму так?
– Летась, калі пачала функцыянаваць ДЮСШ па зімовых відах спорту, прапанавалі паспрабаваць свае сілы ў якасці трэнера па фігурным катанні. Падумала, чаму б не паспрабаваць! Атрымалася. Вельмі задаволена гэтым. Сваю дачку Дашу таксама далучаю да спорту. Яна займаецца фігурным катаннем у нас і валейболам – у лунінецкай СШ №2. А яшчэ па сваіх службовых абавязках праводжу метадычную работу з маладымі спецыялістамі, іх у нас 5:4 – па фігурным катанні і 1 – па хакеі. Яны старанна адносяцца да сваіх абавязкаў і, спадзяюся, змогуць прыцягнуць да заняткаў большую колькасць дзяцей. Пакуль жа ў нас займаюцца 180 чалавек, якія наведваюць 15 секцый. 
– Што лічыце вызначальным у сваёй рабоце? 
– Падрыхтоўку падрастаючага пакалення да самастойнага жыцця ў грамадстве, выхаванне ў юнакоў і дзяўчат пачуцця абавязку і адказнасці за ўласнае здароўе.
Гутарыла Алена ДАНІЛОВІЧ.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть