ПЕРАЙСЦІ НА ЛІЧБАВАЕ ТЭЛЕБАЧАННЕ
ў краіне плануецца ў 2013 годзе.
Такое меркаванне выказаў міністр сувязі і інфарматызацыі Мікалай ПАНЦЯЛЕЙ падчас прыёму і «Прамой лініі”, якія правёў на мінулым тыдні ў райвыканкаме.
Лунінчанін паскардзіўся на няякасны прыём тэлетрансляцый праз калектыўную антэну. Яго ж не задавальняе праграма Першага нацыянальнага канала радыё і . Мікалай Пятровіч прапанаваў жыхарам дома падключыцца да кабельнага тэлебачання, а пажаданні аб змяненні зместу радыёпраграм паабяцаў перадаць у Міністэрства інфармацыі.
Мужчына з Лунінца, які мае ў доме тры тэлевізары, пацікавіўся, чаму для падключэння IPTV, яму трэба за кожны плаціць абаненцкую плату. Як растлумачылі заяўляльніку, справа ў тым, што для кожнага тэлевізара патрэбна прыстаўка. Міністр паабяцаў, што будзе разгледжана прапанова набыцця абанентамі дадатковых прыставак за ўласныя грошы, без абанплаты.
Лунінчанка, якая звярталася ў РУЭС для падкючэння праваднога тэлефона, дагэтуль не атрымала адказ. Мікалай Пятровіч даў даручэнне начальніку раённага вузла электрасувязі вывучыць магчымасці падключэння і праінфармаваць заяўляльніцу.
Яшчэ адна жанчына паскардзілася на аператара сотавай сувязі Velcom. Па яе словах, дылеры не дакладна тлумачаць умовы тарыфных планаў, з-за чаго даверлівым абанентам даводзіцца плаціць вялікія грошы. Міністр растлумачыў, што перш, чым падпісваць дагавор, трэба ўважліва яго чытаць. Калі грошы бяруцца па-за межамі дагавора, можна прад’яўляць прэтэнзіі.
Акрамя скаргаў, лунінчане выказвалі шчырую ўдзячнасць работнікам вузла паштовай сувязі, у прыватнасці, чацвёртага гарадскога аддзялення.
М.П. Панцялей быў прыемна здзіўлены актыўнасцю лунінчан, а таксама іх адкрытасцю і неабыякавасцю.