ПЕРАМОГУ СВЯТКАВАЛІ ГАСПАДАРЫ
У той час, як дарослыя ва ўсім свеце хваляваліся за вынікі «рэвалюцыйнай сітуацыі” ў Егіпце, вучні 5-6 класаў старанна вывучалі гісторыю гэтага рэгіёну, дагэтуль уражваючага сусветна вядомай спадчынай.
У VI раённым турніры юных гісторыкаў «Таямніцы і загадкі Старажытнага Усходу”, які адбыўся ў актавай зале другой школы райцэнтра, прынялі ўдзел прадстаўнікі васьмі навучальных устаноў. Пісьмовыя тэсты адразу вызначылі ступень падрыхтоўкі каманд, размеркаванне якіх на адпаведных месцах замацавалі два наступныя этапы – вусныя адказы на пытанні і конкурс аратарскага майстэрства. Пасля гэтага юныя знаўцы гісторыі з СШ №3 г. Лунінца, гімназіі, СШ №2 г. Мікашэвічы (уразіўшыя прыгожай формай – сведчаннем выхавання ў вучняў гонару за школу), Дзятлавіцкай і Любачынскай СШ сталі гледачамі. У фінале – вызначэнні на відэаілюстрацыях прадметаў разглядаемага перыяду – спаборнічалі тры каманды, паказаўшыя лепшыя вынікі.
Перамаглі 6-класнікі СШ №2 г. Лунінца Іван Марка, Аляксей Шчагрыковіч, Макксім Мелехавец і Алег Чумак з настаўніцай Дзіянай Раманаўнай Сладзінскай. З невялікім адрывам у ачках другімі сталі 6-класнікі Кажан-Гарадоцкай СШ Аляксандр Даніловіч, Анастасія Арашкевіч, Вікторыя Веляскевіч і Мікіта Грыгор’еў – дзяцей рыхтавала Вольга Фёдараўна Карповіч. Трэцяе месца заняла каманда Дубаўскай СШ, у складзе якой выступалі толькі дзяўчынкі: 5-класніца Юлія Грудзько, 6-класніцы Таццяна КІСЛЮК, Караліна ПАЎЛОВІЧ (адзначаная і прызам рэдакцыі газеты «Лунінецкія навіны” за ўдзел у конкурсе аратарскага майстэрства), Дар’я ГАРАДКАВЕЦ. Настаўніца Марыя Мікалаеўна ЯРОЦКАЯ радавалася трайному поспеху выхаванцаў, якія былі адзначаны і за перамогу ў конкурсе гледачоў.