ПЕРАВАГА СУЧАСНАГА КОМПЛЕКСУ ВІДАВОЧНА
Летась у КСУП “Міжлескае” ўступіла ў строй першая чарга рэканструяванага МТК №2. Размешчаныя тут 800 кароў і цялушак знаходзяцца на кругласутачным утрыманні ў памяшканнях. Праўда, штодзень па некалькі гадзін іх выганяюць на свежае паветра і зялёную пашу. Як растлумачыў дырэктар Васіль Коваль, гэта дазволіць пазбегнуць хвароб жывёлы і больш эфектыўна выяўляць кароў у паляванні.
Абноўленыя памяшканні, сучаснае абсталяванне, асфальтаваная тэрыторыя, укормленая жывёла, – усё гэта прыносіць рэальны даход сельгаспрадпрыемству.
– Цяпер малако ў нас стала па-сапраўднаму рэнтабельным, – заўважае Васіль Еўдакімавіч. – Асноўная задача працаўнікоў – не парушаць тэхналогію і падтрымліваць пачаткова наведзены парадак. Падбіраючы на комплекс абслугоўваючы персанал, зыходзілі з адносін кожнага да работы. У выніку амаль утрая скарацілі колькасць аператараў машыннага даення, а тым, хто застаўся, значна павялічылі зарплату, якая напрамую звязана з якасцю прадукцыі. Па гэтаму ж прынцыпу працуюць і іншыя жывёлаводы. Цяпер надоенае тут малако прадаем выключна класам “экстра”.
Пабываўшы на комплексе разам з намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце Аляксандрам Андрэюком, паназірала за работай даглядчыкаў, якія бесперапынна падварушвалі кукурузны сілас на кармавых сталах. Такая нескладаная “аперацыя” дазваляе жывёле амаль поў-насцю з’ядаць сваю норму ежы. Гэта, у сваю чаргу, спрыяе росту надояў. Дарэчы, у параўнанні са статкам, які кругласутачна знахо-дзіцца на пашы, штодзённыя надоі тут ад кожнай каровы на 500 грамаў большыя.
Нездарма ў народзе кажуць, што малако ў каровы на языку. Калі ў ранейшыя гады стаяла праблема недахопу кармоў, то зараз – паклапаціцца пра тое, каб жывёліна з’ядала іх як мага больш. Сёлета ў рацыёне разам з сенажом, сіласам і канцэнтратамі прысутнічае і дастатковая колькасць сакавітай бульбы.
На комплексе поўным ходам ідуць работы па рэканструкцыі другой чаргі.
–У верасні ўвядзем у строй яшчэ два кароўнікі, што дазволіць дадаткова размясціць 600 жывёлін. А будаўніцтва паблізу дзвюх сянажных траншэй дапаможа сканцэнтраваць на адным месцы як мага больш кармоў – растлумачыў Аляксандр Рыгоравіч. – Мяркуючы па тэмпах работ, якія разам з нашымі будаўнікамі выконваюць і спецыялісты з ПМК-19, з задачай павінны справіцца своечасова.