ПЕРШЫЯ АХВЯРЫ ВАЙНЫ
З нагоды 70-годдзя пачатку вайны, сёлета 22 чэрвеня каля Кургана Бессмяротнасці адслужана паніхіда ў памяць ваеннапалонных чырвонаармейцаў, якіх фашысты расстралялі ў першыя дні акупацыі. Ушаноўваючага мерапрыемства патрабуе і другое памятнае месца – каля абеліску на месцы пахавання ахвяр першай бамбардзіроўкі Лунінца нямецкай авіяцыяй…
Згодна з Актам расследавання злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў на часова акупіраванай тэрыторыі нашага раёна ад 10 красавіка 1945-га, у Лунінцы «ў выніку нямецкай паветранай бамбардзіроўкі загінулі 203 чалавекі”. Энцыклапедычны даведнік занатаваў: «Брацкая магіла чыгуначнікаў. Вул. Чырвоная, каля рамонтна-механічнага завода. Пахаваны рабочыя-чыгуначнікі, загінуўшыя 23 чэрвеня 1941 г. у час налёту фашысцкай авіяцыі на чыгуначную станцыю Лунінец. У 1967 г. на магіле ўстаноўлены абеліск”.
У сучаснікаў дагэтуль узнікаюць аднолькавыя пытанні. Першае: чаму чыгуначнікі апынуліся так далёка ад станцыі, якая, лагічна мяркуючы, павінна была быць мэтай ворага? Другое: чаму пахаванне адбылося не на могілках?
«ЛН” публікавалі ўжо расповяд аб гэтай трагедыі. Коратка нагадаем. У першыя дні вайны на станцыі скапілася шмат эшалонаў з чырвонаармейцамі і ваеннымі грузамі, пасажырскіх цягнікоў, на якіх мірныя жыхары імкнуліся выехаць на ўсход ад небяспекі, зыходзіўшай з захаду. Адначасова каля шматлікіх магазінаў, размешчаных на Прывакзальнай плошчы, сабралася многа лунінчан і вяскоўцаў, якія стаялі ў чэргах за таварамі і прадуктамі. І вось у гэты натоўп нямецкія лётчыкі і скіравалі свой смертаносны груз.
Як гавораць відавочцы, ніводзін кінафільм не перадае жудасці ад імгненнай, літаральна на працягу некалькіх хвілін, адначасовай смерці на абмежаванай пляцоўцы сотняў людзей. Але станцыя была стратэгічным аб’ектам, які патрабаваў тэрміновага аднаўлення чыгуначнага руху. Да таго ж, лета 1941-га адрознівалася неймавернай спякотай, якая садзейнічала разлажэнню трупаў, што магло выклікаць эпідэмію. Перш наперш неабходна было вызваліць пад’язныя пуці і Прывакзальную плошчу. Мясцовая ўлада разам з ваенным камандаваннем арганізавала на грузавіках і падводах вываз трупаў і астанкаў цел на ўскраіну Лунінца, у роў, стаўшы натуральнай брацкай магілай для загінуўшых ваеннаслужачых, пасажыраў, чыгуначнікаў, мірных жыхароў.
Многія гараджане, якія выратаваліся ў час бамбёжкі, але не дачакаліся сваіх блізкіх з магазінаў, кінуліся на Бэрвэчкі, як называлі гэты раён Лунінца. Па вядомых толькі ім прыкметах знаходзілі родных, выносілі ці вывозілі іх тайком (баяліся ж забароны ўлад), а потым пахавалі на могілках.
Разам з начальнікам аддзела ЗАГС Святланай Яроцкай праглядаем мятрычную кнігу Свята-Крыжаўзвіжанскай царквы з запісамі пахаваных у канцы чэрвеня – пачатку ліпеня. Прычына смерці «забіты бомбай” указана супраць 10-ці прозвішчаў. У іх ліку: Настасся (імя па бацьку адсутнічае. – Аўт.) Карпуковіч, 17 год; Настасся Канстанцінаўна Молчан, 16 год; Настасся Міхайлаўна Санюковіч, 14 год; Надзея Іванаўна Дамашэвіч, 31 год; Герасім Антонавіч Арцюх, 22 гады; Вера Фамінічна Аляшкевіч, 19 год; Вера Мікалаеўна Петраноўская, 18 год; Кацярына Арцёмаўна Аляшкевіч, 59 год. У большасці – датай смерці ўказана 28 чэрвеня. У розныя дні адбывалася рэгістрацыя – з 28 чэрвеня да 1 ліпеня. Магчыма, па меры выяўлення цел? Дату бамбёжкі не змаглі ўдакладніць і родныя некаторых забітых.
Яўген Андрэевіч КРЭМЯНЕЎСКІ (н. у 1929):
– Мой бацька працаваў слесарам паравознага дэпо. У чэрвені 1941-га дзеці чыгуначнікаў адпачывалі ў піянерскім лагеры каля Пінска. У пачатку вайны нас спешна эвакуіравалі дамоў. Мама, Марыя Пятроўна Крэменеўская (1904-28.06.1941), якая засталася ў Лунінцы з часу бежанства Першай сусветнай, штодзень бегала па магазінах, каб набыць мануфактуры ці солі ў запас. Аднойчы пачалася бамбёжка. Дэталяў не памятаю. Яскрава захавалася ў памяці, як сярод мноства трупаў шукалі маму. Яна была смяротна паранена ў сэрца. Тата з таварышамі нёс маму на самаробных насілках, праз Сарай-балота, хаваючыся ад чужых вачэй. Дома мама пераначала ў труне, пахавалі яе па хрысціянскім звычаі…
Іван Іванавіч СТАЛЯРЧУК (н. у 1963):
– Пацярпеўшай ад першай бамбёжкі была і мая мама. Яна працавала ў чыгуначнай сталовай. Калі пачаліся выбухі, усе кінуліся да расчыненых вокнаў. Маму параніла асколкам. У гэты ж час загінуў яе брат, аглядчык вагонаў ПТА. Мама расказвала, што з ускрайку горада яго прывезлі на вазу. На надмагільным помніку напісана: «Гнедзька Васіль Конанавіч, н. у 1922, забіты 07.07.1941 нямецкай бомбай пры выкананні службовых абавязкаў”. На жаль, мама памерла ў пачатку кастрычніка, а мне больш нічога не вядома…
У царкоўнай кнізе факт смерці 19-гадовага юнака зарэгістраваны 28 чэрвеня. Помнік устанаўліваўся ў пасляваенны час, калі людскую памяць, відавочна, не падмацавалі дакументам. Але ў метрычных запісах адсутнічаюць прозвішчы некаторых ахвяр трагедыі, – пра гэта ёсць звесткі з іншых крыніц. Удзячна лунінчанам за магчымасць папоўніць мартыралог ахвяр вайны.
У адзін дзень скончылася жыццё і двух прадстаўнікоў невядомай сям’і, аб чым сведчыць надмагільны надпіс: «Сцепаніда Антонаўна і Віталь Кіпрыянавіч Ксенжукі, загінуўшыя ад нямецкай бомбы ў 1941 годзе. Ад мужа і бацькі…”. Маюцца дакументы, згодна з якімі хлопец нарадзіўся 16.06.1927, яго маці памерла роўна праз 5 месяцаў, а сын – разам з другой жонкай бацькі. Звесткі аб іх родных не выяўлены…
Калі грунтавацца на матэрыялах з архіва ЗАГСа, можна лічыць датай трагедыі 28 чэрвеня 1941-га. Урэшце, важная не лічба, а факт. Пошукі працягваюцца. Будзем удзячны кожнаму, хто паведаміць новыя дадзеныя аб загінуўшых ад рук фашыстаў мірных жыхарах. Перафразуем вядомае выслоўе: вайна не закончана, пакуль не ўвекавечаны ўсе яе ахвяры.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ.