ПОМНІК КНІЖНАЙ КУЛЬТУРЫ
Выдатны падарунак дзяржавы – факсімільную копію Слуцкага Евангелля XVI стагоддзя атрымалі бібліятэкі краіны!
Прадстаўленне нашага экземпляра каштоўнага выдання адбылося ў актавай зале цэнтральнай бібліятэкі. Дырэктар раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Надзея РАДЗІЯНОВІЧ паведаміла аб плённым супрацоўніцтве з выдавецтвам Беларускага Экзархата, дзякуючы чаму лунінчане могуць чытаць новыя кнігі праваслаўнай тэматыкі. Удзельнікамі ўрачыстасці былі настаяцелі цэркваў іерэі Іаан ПЯТРЭНКА (Свята-Параскевінскі храм в. Бастынь) і Сергій ЧЫЖ (храм Прэабражэння Гасподняга в. Язвінкі).
Дыякан храма Святога Фяодара ў г. Пінску Іаан ГАРБУНОЎ благагавейна ўзяў у рукі дыхтоўны фаліянт з залатым крыжам на чырвонай вокладцы.
– Марыў дакрануцца да нацынальнай святыні, роду стваральніка якой прысвяціў сваю кандыдацкую дысэртацыю, – патлумачыў ганаровы госць урачыстасці. – Арыгінал захоўваецца ў дамовым храме Мінскага епархіяльнага ўпраўлення, але не давялося там пабываць. Божы промысел прывёў у Лунінец…
Яго грунтоўныя і даступна выкладзеныя веды з відэадэманстрацыяй архіўных дакументаў уважліва ўспрымаліся слухачамі. Як было не захапіцца постаццю аднаго з князёў Алелькавічаў?! Юрый Юр’евіч уласнаручна перапісаў ўсе чатыры Евангеллі, аб’яднаўшы іх у гісторыі пад назвай роду і горада – Слуцкае. Як было не ўразіцца шэрагам фактаў стварэння шэдэўру?! Мастацкае ўпрыгожванне рукапіснага помніка ўражвае сваёй раскошай. Загалоўкі напісаны золатам па кінаварным грунце. Потым афармленне становіцца прасцейшым – князь спяшаецца завяршыць сваю працу, таму што моцна хварэе. Яго зямное жыццё завяршылася на 26-ым годзе. У вечнасці, дзякуючы сваёй працы, ён жыве з 1581-га, што лічыцца датай стварэння чацвёраевангелля. І перапісваў «добрую вестку” «для вечнага богомолія і спасенія души своея, во незабытую память прародителей своихъ Князей Слуцких, родителей, самаго себя…”. Такая ж адданая прыхільніца праваслаўя з гэтага роду далучана да ліку святых з імем Соф’і Слуцкай.
Асобна распавядалася аб вымушаных вандраваннях мошчаў святой і рукапіснага Евангелля ў перыяд барацьбы з рэлігіяй, час акупацыі. У выпадковым паяўленні святой кнігі ў пачатку 1990-ых таксама бачыцца Божая заканамернасць. Грамадства, аднаўляўшае хрысціянскія маральныя запаведзі, было вартае вяртання святыні. Тое, што цяпер дзяржава размножыла Слуцкае Евангелле і, дзякуючы гэтаму, святыня сапраўды наблізілася да кожнага жыхара Беларусі, – сведчанне вяртання да спрадвечных вытокаў нацыянальнай духоўнасці.