ПРАЦАВАЦЬ НА ПАПЯРЭДЖАННЕ

Узмацніць ролю аналітычнай састаўляючай у сваёй рабоце закліканы супрацоўнікі органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь. Як мяркуе ладзіць сваю дзейнасць галоўны кантралюючы орган краіны ў рэгіёнах? На гэтае пытанне папрасілі адказаць старшыню Пінскага міжраённага Камітэта дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці Лявонція СЯРЭДЗІЧА.

– Вызначальнай стала Дырэктыва Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 31 снежня 2010 года №4. Зараз, акрамя павелічэння аналітычнай састаўляючый у рабоце асаблівая ўвага звернута на папярэджанне правапарушэнняў. Менавіта з гэтай мэтай усе акты праверак разглядаюцца з удзелам шырокага кола спецыялістаў гаспадарання горада Пінска, Іванаўскага, Лунінецкага, Столінскага і Пінскага раёнаў. Па выніках кантралюючых мерапрыемстваў накіроўваюцца адпаведныя лісты ў адрас вышэйстаячых ведамстваў, мясцовых выканаўчых органаў. Акрамя гэтага, там, дзе неабходна тэрміновае ўмяшальніцтва, апошнім часам уведзена практыка заслухоўвання справаздач без правядзення праверак. Работа шэрагу прапрыемстваў прааналізавана з выездам на месца. Сярод мерапрыемстваў, накіраваных на прафілактыку правапарушэнняў у эканамічнай сферы, – правядзенне “прамых ліній” і выязных прыёмаў грамадзян. Летась іх было 47. На вусным прыёме пабывалі больш як 450 грамадзян, разгледжана 171 пісьмовы зварот фізічных і 38 – юрыдычных асоб. Мяркуем у бліжэйшы час аднавіць практыку правядзення “круглых сталоў” па пытаннях імпартазамяшчэння з удзелам кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый, прадстаўнікоў органаў выканаўчай улады, іншых зацікаўленых службаў з мэтай прыняцця канкрэтных рашэнняў для забеспячэння станоўчага сальда знешнегандлёвага абарота.

– А якія яшчэ прыярытэтныя накірункі вашай работы можна сёння акрэсліць?

– Абавязкова – кантроль за выкананнем даручэнняў Прэзідэнта і рэалізацыяй Дзяржаўных праграм. У сувязі з гэтым асаблівую значнасць набываюць мэтавае і эфектыўнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў, дзяржаўнай уласнасці, выкананне асноўных прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Па-ранейшаму пад увагай спецыялістаў КДК будуць тэрміны і якасць выканання будаўніча-мантажных работ, эфектыўнасць уведзеных у строй аграгарадкоў. Не спыняецца работа па выяўленню і папярэджанню фактаў ухілення ад уплаты падаткаў суб’ектамі прадпрымальніцкай дзейнасці, а таксама аналіз прычын складанага фінансавага становішча асобных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

– Лявонцій Мікалаевіч, ці не думаеце, што ў дачыненні да работнікаў аграпрама першаасновай усяго з’яўляецца тое, што тут па-ранейшаму аддаюць перавагу валу, а не якасці прадукцыі?

– Амаль што так. І доказ гэтаму – не зусім здаровая тэндэнцыя, якая апошнім часам яскрава прасочваецца ў жывёлагадоўлі, асабліва – у вытворчасці малака. На жаль, дагэтуль з фермаў на перапрацоўчыя прадпрыемствы працягвае паступаць нізкагатунковы прадукт, што проста не дапушчальна. Тым больш, што за апошні час у гаспадарках пабудавана шмат новых сучасных малочна-таварных комплексаў і ферм. Відавочна, што па-ранейшаму вызначальным застаецца славуты чалавечы фактар.

– Дзяржаўная праграма развіцця і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся асаблівае значэнне мае для нашага рэгіёна. Ці задаволены тым, як ідзе яе рэалізацыя?

– На рэалізацыю Праграмы плануецца выдзеліць на пяцігодку 2,2 трыльёна рублёў. У 2010-м асваенне сродкаў ішло недастатковымі тэмпамі. Таму сёлета ў мэтах вырашэння праблемных пытанняў запланавана перыядычна заслухоўваць асоб на пасадах аб ходзе рэалізацыі Праграмы.

– З актывізацыяй кантралюючых мерапрыемстваў няма апасення страціць падаткаплацельшчыкаў?

– Галоўны наш прынцып – гэтага не дапусціць. А таму асабліва патрэбна плённае ўзаемадзеянне кантралюючых, праваахоўных і мясцовых органаў улады. Зусім іншы падыход чакаем і ад юрыдычных службаў прадпрыемстваў. Зараз у большасці выпадкаў яны не працуюць на папярэджанне парушэнняў заканадаўства. Цураюцца растлумачальнай работы ў калектывах. А рабіць гэта трэба. Даходліва расказваць людзям аб змяненнях у заканадаўстве, тлумачыць практыку іх прымянення і не забываць нагадваць пра адказнасць. А то атрымліваецца, што работа юрыстаў заключаецца ў асноўным у пошуку выйсця з сітуацыі, калі факт канфлікту з законам ужо зафіксаваны. Такія ж прэтэнзіі можна адрасаваць і ўнутрыведамасным кантралёрам.

– А як ставіцеся да “праверак дзеля галачкі”, калі ў кантралюючыя органы паступаюць звесткі, скажам, аб наяўнасці адной ці дзвюх пратэрмінаваных бутэлек віна?

– Адмоўна. Бо за такія “цяжкія” парушэнні людзі ўсё роўна плацяць адчувальныя штрафы – ад 20 да 50 базавых велічынь. Тое ж можна сказаць пра нязначнае ненаўмыснае скажэнне справаздачнасці, дзе пакаранні яшчэ больш істотныя – ад 20 да 80 базавых велічынь.Увогуле, недасканаласць заканадаўства ўражвае. У нашым рэгіёне, асабліва ў аграпрамысловым комплексе, нярэдка парушаюцца тэрміны вяртання мільярдных бюджэтных пазык, а адміністрацыйная адказнасць за гэта не прадугледжана. У той жа час за парушэнне тэрмінаў вяртання крэдытаў і працэнтаў па іх кіраўнікам пагражае жорсткая фінансавая мера адказнасці. Усім сёння знаёма сітуацыя з гаруча-змазачнымі матэрыяламі і тое, якая пільная ўвага ўдзяляецца іх эканоміі. Аднак з мінулага года адменена мера адказнасці за парушэнне парадку ўліку ГЗМ. І гэта не адзінкавыя прыклады.

– Дык усё-такі на выяўленне ці папярэджанне эканамічных злачынстваў будзе працаваць міжраённы Камітэт дзяржкантролю?

– Мы вельмі зацікаўлены ў тым, каб своечасова папярэдзіць парушэнні, бо, калі яны ўжо здарыліся, то нярэдка маюць беззваротны характар для эканомікі. Аднак і праходзіць міма грубейшых канфліктаў з законам, на якія людзі, здараецца, ідуць свядома, не збіраемся. За падобныя факты летась 253 чалавекі былі прыцягнуты да дысцыплінарнай, 182 – адміністрацыйнай адказнасці. Ад займаемых пасад вызвалены 9 кіраўнікоў. Па матэрыялах праверак узбуджана 22 крымінальныя справы. Штрафныя санкцыі склалі амаль 1 мільярд рублёў, а ў бюджэт вярнулі суму ў 13 разоў большую. І работу гэтую будзем працягваць.

Гутарыла Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть