ПРЭМІІ І ШЧАСЛІВЫЯ ІМГНЕННІ – У ПАДАРУНАК ЗА ПРАЦУ

Мінулы чацвер выдаўся пахмурным і дажджлівым. Ды толькі
надвор’е не магло ніяк паўплываць на вясёлы і ўрачысты настрой прыгожа
апранутых жанчын – аператараў машыннага даення, што сядзелі за ўтульнымі
столікамі ў кафэ «Адпачынак”. Тут ладзілася свята ўшаноўвання лепшых
прадстаўніц малочнай галіны жывёлагадоўлі.


Адкрыў урачыстасць намеснік начальнікай райсельгасхарчу
Алег Багук, які падвёў леташнія вынікі работы. У той час, калі валавая
вытворчасць малака ў цэлым па раёне ў параўнанні з папярэднім годам зменшылася
на 3 працэнты, СВК «Гарадоцкі”, «Лунінскі”, «Вулькаўскі світанак”, «Чучавічы” і
ПУСП «Рэдзігерава-Агра” працягвалі нарошчваць аб’ёмы. Сярод гаспадарак, якія
ідуць наперадзе па прадуктыўнасці малочнага статка, – філіял «Лобчанскае” ААТ
«Лунінецкі малочны завод”, Палеская станцыя, СВК «Лунінскі”, «Гарадоцкі”,
«Вулькаўскі світанак”.

На дзвюх малочнатаварных фермах раёна (Палеская станцыя –
загадчыца Галіна Калядзіч і «Вулькаўскі світанак” – Вера Насеня)  здолелі надаіць больш як 5 тысяч кілаграмаў
малака ад каровы. Яшчэ 17 МТФ атрымалі 4 тысячы. З 286 аператараў машыннага
даення 28 сталі 5-тысячніцамі. А Вольга Трухнова і Марыя Бондар з СВК «Лунінскі”
перавысілі 6-тысячны рубеж. 

На працягу апошняга часу вялікая ўвага надаецца якасці
прадукцыі. І як вынік – летась класам «экстра” і вышэйшым гатункам рэалізавана
больш як 65 працэнтаў атрыманага на фермах малака.

Цёплыя словы падзякі і віншаванні выказаў  старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК
Васіль Клімчук. Разам з галоўным заатэхнікам райсельгасхарчу Міхаілам
Канапацкім ён уручыў прысутным грашовыя прэміі. Шчыра павіншаваў
жанчын-працаўніц старшыня СВК «Лунінскі” Васіль Мелюх, а старшыня прафкама СВК
«Гарадоцкі” Раіса Чырэц паведаміла аб прэміях, якія чакаюць лепшых прадстаўніц
гаспадаркі пры ўмове, што атрымаюць ад каровы па 7500 кілаграмаў малака –
легкавы аўтамабіль, 6500 – 20 мільёнаў рублёў і 6000 кілаграмаў – 10 мільёнаў
рублёў.

Самадзейныя артысты гарадскога Дома культуры падрыхтавалі
музычныя нумары. Гэта надавала ўрачыстасці асаблівую святочнасць. «Працаваць –
дык працаваць, гуляць – дык гуляць”, вырашылі жанчыны з «Гарадоцкага” і
пусціліся ў пляс. Следам за імі ўзняліся прыгажунні з «Міжлескага”, а затым і з
іншых гаспадарак. Хутка невялікая прастора перад столікамі ўяўляла танцавальную
пляцоўку. Жанчыны, рабочы час якіх пачынаецца задоўга да світанку і часам
заканчваецца апоўначы, скарысталіся магчымасцю добра адпачыць і атрымаць
сапраўдную асалоду ад свята.   

 Галіна КУЧЭЙКА. Фота аўтара.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть