ПРОСІЦЦА БУЛЬБА Ў СХОВІШЧА…
Радуе сёлетняя восень багатым ураджаем бульбы. Нядрэнна ўрадзілі ўсе гатункі. У гэтым упэўнілася, пабываўшы на Палескай доследнай станцыі меліярацыйнага земляробства і лугаводства.
На 200-гектарнай плошчы тут вырошчваюць «Дзіну”, «архідэю”, «аксаміт”, «скарб”, «дэльфін”, «крыніцу”, «журавінку”, «здабытак” і «зарніцу”. Штодзень на палетках працуюць тры бульбаўборачныя камбайны, накопваючы ў сярэднім па 260 цэнтнераў клубняў з гектара. Найбольш сучасным кіруе трактарыст Вячаслаў Гарагляд:
– За рабочы дзень амаль па 3 гектары кожны з нас «праходзіць”, а там да цямна дапамагаем землякам упраўляцца на прыватных палетках. Нагрузка вялікая, аднак не прывыкаць: з вясны нарыхтоў-ваю кармы, затым убіраю збожжа, восенню – бульбу…
А вось для маладога агранома-бульбавода Віталя Калянковіча падобны распарадак дня пакуль яшчэ складаны:
– Вясной закончыў навучанне на кафедры «селекцыя насенневодства” ў Горацкай сельгасакадэміі. У гаспадарку прыйшоў, калі садзілі бульбу. З тэхналогіяй вырошчвання культуры на практыцы і з людзьмі знаёміўся ў ходзе работы. Упэўніўся, што працаваць у сельскай гаспадарцы – справа нялёгкая. Тым не менш, не шкадую, што выбраў для сябе такі шлях. Вырас і заканчваў школу ў Лунінцы, аднак заўсёды ведаў, чым жывуць вяскоўцы, – бацькі ро-дам з Чэрабасава і Цны. Думаю, усё ў мяне атрымаецца…
У гэтым упэўнены і галоўны аграном Рыгор Кавалец. Ён адзначыў цікаўнасць і працавітасць маладога спецыяліста, пад строгім кантролем якога працуюць на палетках людзі. За кожным бульбаўборачным камбайнам тут замацаваны аўтамабіль, які адвозіць клубні да буртоў. Яшчэ дзве машыны застаюцца ў рэзерве. Праца наладжана так, каб тэхніка не прастойвала. Адначасова вядзецца работа і на буртавым полі. Бульбу перабіраюць, сартыруюць, закрываюць саломай і зямлёй.
– Яшчэ нядаўна арыентаваліся на вырошчванне толькі насеннай бульбы. Сёлета палову плошчаў адвялі пад харчовую і ўпершыню сутыкнуліся з праблемай збыту, – расказвае намеснік дырэктара па вытворчасці Аляксандр Семянчэнка. – Ураджай застаецца пакуль незапатрабаваным. Уборку вядзем даўно, а вось да рэалізацыі не прыступалі. Прыкладна па тоне клубняў адгрузілі ў мясцовыя школы і садкі (Лунін і Палескі), яшчэ па 500 кілаграмаў даставілі на двары ветэранаў вайны і працы… Будзем настройвацца на тое, каб захаваць ураджай да больш спрыяльнага часу. Вялікія спадзяванні ўскладваем на ўвядзенне ў строй агароднінасховішча, якое пачалі будаваць у жніўні. Дзякуючы зладжанасці будаўнікоў ПМК-19, работы ідуць шпарка. Асвоілі ўжо 1,6 мільярда рублёў. Паралельна вядзем перамовы з фірмамі-пастаўшчыкамі абсталявання. Галоўная іх умова – перадаплата. Нядаўна нам выдзелілі 4,5 мільярда рублёў крэдыту. Гэтага хопіць, каб да канца лістапада завяршыць усе работы на першай секцыі, разлічанай на захоўванне 1,5 тысячы тон клубняў.
Пабываўшы на пляцоўцы, упэўніліся, будаўнікі не падвядуць. У адной палове ўжо вяліся ўнутраныя работы. Хоць праз тыдзень-другі завозь сюды абсталяванне і працуй. Другая ж палова будынка вымалёўвалася пакуль у выглядзе жалезабетоннага каркасу…