ПРЫЦЯЖЭННЕ ХЛЕБНАЙ НІВЫ
Калі са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Васілём Клімчуком наведалі ПУСП “Рэдзігерава-Агра” тут заканчвалі абмалочваць на апошніх гектарах азімае жыта.
– Тэмпы жніва ў многім залежаць ад умоў надвор’я. У сонечныя дні ў поле выходзім як толькі спадзе раса. Сёння ж, як і ўчора, пачалі працаваць у другой палове дня. Чакалі, пакуль глеба ўцягне залішнюю вільгаць, ды каласы абсохнуць, пасля прайшоўшага напярэдадні ліўня, – расказваюць камбайнеры з 16-гадовым стажам Генадзь Саковіч і Аляксей Турчыновіч.
Іх экіпаж ужо намалаціў 256 тон азімага жыта і лідзіруе ў гаспадарцы па намалотах. На некалькі бункераў зерня адстаюць ад іх Аляксандр Дзенісюк і Аляксей Кушнярук, хлебаробскі стаж якіх складае 11 год.
На адным полі з камбайнамі гаспадаркі занята і “Мега-204” ААТ “Райаграсервіс”. З 2005 года на ёй паспяхова працуе Сяргей Асовіч. З пачатку жніва з Дзянісам Кавалёвым яны ўжо намалацілі 248 тон зерня.
У вадзіцеля Аляксандра Кірбая сёлетняя ўборка – 31-ая. Неаднаразовы пераможца спаборніцтваў рознага ўзроўню на адвозцы збожжа ад камбайнаў, ён застаецца верным свайму правілу. Перавезеныя 543 тоны зерня – пакуль лепшы паказчык у гаспадарцы. Сваім імкненнем да перамогі Аляксандр Іванавіч паказвае выдатны прыклад сумленных адносін да справы свайму сыну-камбайнеру. Аляксандр працуе майстрам вытворчага навучання ў Смалявіцкім аграрна-тэхнічным ліцэі, зараз у яго чарговы водпуск.
Дзякуючы землякам кампенсуецца недахоп механізатарскіх кадраў. Акрамя названых, сёлета ўпершыню ўзяліся за хебаробскую справу маладыя камбайнеры Ілья Капліч, Сяргей Мікуліч і Эдуард Строк.
Каля 600 тон збожжа перавёз і Мікалай Паўлоўскі. Вадзіцель з вялікім стажам работы на некаторы час пакідаў “Рэдзігераўскі”, але зараз вярнуўся і задаволены ўмовамі працы.
Напярэдадні жніва на тэрыторыі складоў запусцілі новы зернеачышчальна-сушыльны комплекс. Як запэўніў галоўны аграном Леанід Максімовіч, комплекс працуе ў кругласутачным рэжыме і ў стане своечасова дапрацаваць збожжа, што паступае на ток. А паскорыць яго загрузку ў склады, дапамагае пераабсталяваны пагрузчык “АМКАДОР”.
Дарэчы, Леанід Максімовіч працуе нядаўна (пасля заканчэння Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта), але з цікавасцю вывучае гаспадарку, маючы намер пасля абавязковай 2-гадовай адпрацоўкі застацца ў ёй.