ПРЫЕМНЫЯ СЮРПРЫЗЫ – ХЛЕБАРОБАМ
У раёне працягваецца добрая традыцыя ўшанавання выдатнікаў жніва. Днямі кіраўнікі раённых аб’яднанняў ГА «Белая Русь” Людміла Казадаева і БРСМ Сяргей Молчан віншавалі маладзёжны экіпаж камбайна КЗС-10 у складзе Аляксандра Кішкевіча і Аляксея Захарчука з СВК «Вулькаўскі світанак”.
Чацвёрты год запар маладыя механізатары працуюць поруч і паказваюць нядрэнныя вынікі. У 2009-ым яны занялі другое месца ў раёне сярод маладзёжных экіпажаў, а сёлета прэтэндуюць на першае. Іх намалот 726 тон зерня.
Падзячныя лісты ад вышэйназваных аб’яднанняў, а таксама ідэалагічнага аддзела райвыканкама, падарункі, кепкі і майкі з лагатыпамі героям жніва ўручалі на машынным двары гаспадаркі. Нягледзячы на гарачы час, у сельгаскааператыве паклапаціліся надаць падзеі святочнасці. Для гэтай мэты запрасілі калектыў самадзейных артыстаў з Міжлескага сельскага Дома культуры «Васілінкі”, што стала яшчэ адным прыемным сюрпрызам для віноўнікаў урачыстасці.