ПРЫКЛАД ДЛЯ ПЕРАЙМАННЯ
Лунінецкае райспажыўтаварыства не першы год знаходзіцца на лідзіруючых пазіцыях Белкаапсаюза не толькі на Брэстчыне, але і па краіне ў цэлым. Штогод мясцовыя кааператары дзеляцца вопытам з калегамі з розных рэгіёнаў Беларусі. На мінулым тыдні на Лунінеччыне прайшло выязное абласное праўленне-семінар, падчас якога разглядаліся пытанні росту рознічнага тавараабароту і зніжэння энергазатрат.
Старшыня абласнога праўлення Алег Несцярук прапанаваў удзельнікам мерапрыемства наведаць гандлёвыя кропкі раёна, каб пераканацца ў правільным выбару шляху лунінчан, які дазволіў атрымаць прыбытак у суме 3 мільярды 86 мільёнаў рублёў. За 10 месяцаў таварааброт склаў больш як 123 мільярды рублёў, а тэмпы росту ў супараўнальных цэнах – 106,3 працэнта.
Першым пунктам наведвання стаў магазін тавараў паўсядзённага попыту ў вёсцы Бродніца. Хоць населены пункт і не мае статусу аграгарадка, гандлёвы аб’ект тут рэканструявалі, на што зрасходвалі амаль 250 мільёнаў рублёў, улічваючы набытае абсталяванне. Як расказала дырэктар філіяла «Аптова-рознічнае аб’яднанне” Ніна Віцэнка, затраты апраўдалі сябе: выручка ўзрасла амаль у два разы, а тавараабарот за 10 месяцаў склаў 132 мільёны рублёў. Мясцовыя жыхары адзначаюць, што з абнаўленнем магазіна пашырыўся асартымент харчовых тавараў, бытавой тэхнікі, мэблі, якія можна аформіць у крэдыт.
У магазіне ТПП у аграгарадку Вулька 2 таксама сёлета зроблены рамонт. Сваім унутраным начыннем ён вельмі нагадвае бродніцкі. Зладжаная работа калектыву стала вынікам высокіх паказчыкаў. Так, сярэднямесячны тавараабарот тут складае 160 мільёнаў рублёў.
Ва ўсіх гандлёвых кропках госці звярталі ўвагу на выкладку тавараў, асартымент, афармленне рэкламных акцый і зручнасць абсталявання. У поле зроку трапіла і святочнае афармлення гандлёвых залаў. Удзельнікі семінара пацікавіліся, хто з’яўляецца афарміцелем усёй гэтай прыгажосці.
– Гэта фантазія і майстэрства нашых прадаўцоў, – адказала Ніна Віцэнка. –Штогод калектывы прымаюць удзел у конкурсе на лепшае афармленне магазінаў, што з’яўляецца добрым стымулам у рабоце і прыцягнення ў гандлёвыя кропкі большай колькасці пакупнікоў.
– Вось бы нам паболей такіх ініцыятыўных работнікаў, – выказаў нехта думку, якую падтрымалі прадстаўнікі іншых раёнаў.
У Бастыні ўдзельнікі семінара звярнулі ўвагу не толькі на рэканструяваны будынак з сучасным абсталяваннем, але і на рэалізацыю праграмы і выкананне мерапрыемстваў Дырэктывы №3 «Эканомія і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы”.
Зацікавіў гасцей спосаб змяншэння затрат на вытворчасць энергарэсурсаў за кошт прымянення энергазберагаючых тэхналогій і абсталявання. У 2009-2010 гадах на аб’ектах райспажыўтаварыства ўстаноўлена 11 газавых і 5 газагенерыруючых катлоў, праведзена дэцэнтралізацыя сістэм ацяплення. Такім чынам за ацяпляльны сезон плануюць зэканоміць 58 мільёнаў рублёў. Да таго ж, не трэба выдаткоўваць сродкі на ўтрыманне качагараў.
Тэма знайшла працяг пры наведванні ў Лунінцы універсама «Заходні”. Тут крыніцай цяпла з’яўляюцца два катлы магутнасцю па 30 кВт фірмы «Viessmann”. Адзін з іх выкарыстоўваецца для ацяплення дапаможных памяшканняў і гарачага водазабеспячэння, другі – для прытокавай вентыляцыі і захавання неабходнага тэмпературнага рэжыму ў гандлёвай зале. Цяпло трапляе і за кошт двух паветрана-вентыляцыйных агрэгатаў тыпу «Volcano”. У міжсезонны перыяд вясна-восень дзейнічае сістэма рэкуперацыі (выкарыстанне другаснага цяпла ад абсталявання), якая працуе ад халадзільных цэнтраляў.
Прыцягнула ўвагу і аўтатранспартная база са станцыяй дыягностыкі. У прыбудаванай кацельні ўстанаўліваюцца тры насценных кандэнсацыйных катлы магутнасцю 65 кВт кожны. Вытворчыя плошчы корпуса, дзе вышыня дасягае 13,5 метра, будуць абагравацца паветранымі сістэмамі.
Праводзімыя райспажыўтаварыствам мерапрыемствы дазволілі за 10 месяцаў спыніць мэтавы паказчык па энергазберажэнню на адзнацы мінус 10,3.
Падвядзенне вынікаў адбылося ў зале пасяджэнняў райспажыўтаварыства.
Алена ДАНІЛОВІЧ.