ПРЫКМЕТЫ ВЯСНЫ

Яны ў кожнага чалавека – розныя, не падпарадкаваныя ні каляндарнаму яе пачатку 1-га сакавіка, ні астранамічнай вясне, якая прыходзіць у ноч з 21-га на 22-ое. Дзень, калі хрысціяне прыгадваюць сорак пакутнікаў, у народзе ператварыўся ў Саракі. Нельга аспрэчваць, што менавіта птушкі з’яўляюцца вестунамі вясны. Яе “гуканне” песнямі, кожны радок якіх заканчваецца на працяглы клічнік “Гу-у-у!” (што і дало назву абраду), перш-наперш адлюстроўваецца “жаўранкамі”. Хаця, кажуць, гаспадыні рабілі з цеста простыя галушкі ў выглядзе птушак, а запрошаныя да выпякання дзеці бачылі тых, каго хацелі, вераб’ёў у тым ліку. І толькі этнографы, вывучаючы народныя павер’і, сцвярджаюць невыпадковасць дакладных назваў…
Яшчэ трымаюцца маразы, але ўжо не палохаюць пырхаючыя сняжынкі. І да паступовага раставання снегу на зямлі далучаецца яшчэ больш прыемны – нячутны капеж. Ад чаго плачуць дрэвы? Звыкліся з зімой? Ці радасна, праз слёзы, вітаюць вясну? Кожны дасць свой адказ. І, калі пашчасціць на клён ва ўласным двары, як Васілю ГУРЭНКУ (на здымку) з Сінкевіч, з асалодай будзе смакаваць саладкаваты водар першага соку. А калі пачнецца перыяд сокаруху з бяроз, прыгадае, што нарыхтоўка “бярозавіку” рэгулюецца нарматыўнымі прававымі актамі. Не шкодзіць прыродзе – гэта таксама прыкмета вясны.
УСЁ ТОЛЬКІ ПАЧЫНАЕЦЦА!
Сёлета першы кляновы сок Васіль ГУРЭНКА паспрабаваў два тыдні таму. Прыемны смак чымсьці нагадаў яму пра зусім нядаўнія перамогі – такія ж чаканыя і салодкія. Але спартыўныя дасягненні пакуль спынілі свой зорны шлях… 
Школьныя гады юнака былі напоўнены кантрастам вучэбнага напружання і актыўнага, карыснага адпачынку. Адносіны настаўнікаў да здаровага ладу жыцця ў Сінкевіцкай СШ давалі магчымасць “разгарнуцца” ўсім прыхільнікам спорту. Васіль імкнуўся ахапіць як мага больш відаў, але кола захапленняў замыкнулася на стаерскім бегу. Вынослівы вучань радаваў прызавымі месцамі на раённых і абласных спаборніцтвах. Ніхто не сумняваўся, што наперадзе – “рэспубліка”. Ну, а перамога такога высокага ўзроўню расчыніла дзверы ў вялікі спорт. 
На штурм прафесійных дасягненняў упершыню паклікала Літва. Тады Васіль прыехаў у Каўнас перакананы ва ўласных магчымасцях. Але жыццё расставіла свае прыярытэты і прымусіла сысці з дыстанцыі… 
Малады чалавек не спяшаўся засмучацца – спорт ёсць спорт. І, працягнуўшы трэніроўкі, пазней зноў адправіўся на заваяванне вяршынь. 2005 год аказаўся па меншай меры знамянальным, бо менавіта ён прынёс золата ў Туле.
Пасля школы сваё майстэрства Васіль Гурэнка адточваў у Брэсцкім вучылішчы алімпійскага рэзерву. Штодзень марыў аб сур’ёзных выступленнях, вучобе ў ВНУ. З часам разважанні, як і чакалася, канчаткова матэрыялізаваліся. Яркімі ўражаннямі ахутала падарожжа ў Партугалію на Кубак Еўропы. Лёгкаатлет палюбіў цёплую краіну за добрыя адносіны мясцовых жыхароў да іншаземных гасцей, прыгожыя краявіды і, галоўнае – “бронзавую адзнаку” за стараннасць.
Здавалася, усё толькі пачынаецца: былі сілы для складаных дыстанцый, была перакананасць і падтрымка трэнераў, сяброў. Але падчас самастойнай трэніроўкі ў роднай вёсцы падслізнуўся і ўпаў на рэшткі бетоннага падмурка. Адзін няўдалы крок – і перспектыўны стаер, “майстар спорту” і ўдала прадставіць зборную Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы спыніў кар’еру…
Не раз Васіль успамінаў знаёмых з Нарвегіі, Бельгіі, Польшы. Цікавыя краіны падарылі яркія моманты сустрэч і жаданне зноў наведаць іх. Магчыма, тут пажыў бы колькі год, ацаніў уклады, пераняў вопыт. Толькі сёння на пытанне “Дзе хочаш застацца?” малады чалавек, усміхаючыся, адказвае: “Дома!”. Яму падабаецца ўсё, што звязана з ціхай, але напоўненай бурлівым патокам жыцця вёскай. У лагодным спакоі думкі плывуць гэтак жа павольна, даюць магчымасць узяць самае неабходнае, а негатыў – адкінуць. Таму мары пра спартыўную будучыню пераважаюць над разважаннямі аб канчатковым яе фінале. Стымулу надае вучоба ў Брэсцкім дзяржаўным педагагічным універсітэце, нядаўняе працаўладкаванне на “Граніт”. І было б нядрэнна, каб у наступным годзе смак кляновага сока натхніў спартсмена на новыя перамогі!  
Фота Аляксандра МАЦКЕВІЧА.  

Показать больше

Похожие статьи

Одно Сообщение

  1. зачем пишут прыкметы если тут ни каких прыкмет няма?

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть