ПРЫСВЯЧАЮ БАБУЛІ…

Пераможцай раённай канферэнцыі “З навукай – у будучыню” стала 10-класніца ліцэя Святлана ЖАЎНЕРЫК. Высока ацэнена яе даследчая праца “Пацярпеўшыя вёскі Лунінецкага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны”.

– Мне здавалася, ваенная тэма не карыстаецца папулярнасцю ў сучаснай моладзі. Сваёй працай абвяргаеш гэту думку. Што выклікала жаданне ўнікнуць у такі складаны перыяд нашай гісторыі?

– Калі ў пачатку навучальнага года настаўніца геаграфіі Аксана Рыгораўна Арашкевіч агучыла тэмы, мяне прыцягнула менавіта гэта. Справа ў тым, што мая мама нарадзілася ў Сітніцкім Двары. Ад родных і знаёмых я ведала пра трагедыю вёскі, але вельмі ўмоўна. Хацелася звестак ад канкрэтных сведкаў. Нездарма ж кажуць, што гібель аднаго чалавека – трагедыя, мільёнаў – статыстыка. Дзядулі, якому ў лістападзе 1942-га было 9 год, пашчасціла выратавацца. На жаль, у яго ўжо нічога не магу спытаць – памёр. А вось бабуля ведала падрабязнасці: ураджэнка Мокрава ўсё жыццё пражыла ў Сітніцкім Двары.

– Як завуць тваю бабулю? Яе сям’я не пацярпела?

– Вольга Мікалаеўна Крывулец, яна нарадзілася ў 1939-ым. Ахвярай вайны стала яе бабуля… Немцы падпалілі дом, а старая з-за ўзросту і хваробы ўжо не ўзнімалася з ложка. Тата бабулі выскачыў у акно, мама перадала мужу дзвюх малых дочак і паспела выскачыць сама. Услед абрынуўся дах… Усё ж большасці родных пашчасціла збегчы ў лес, дзе яны і дачакаліся вызвалення.

– У тваёй рабоце прыведзены ўспаміны жыхароў розных вёсак – Бастыні, Кажан-Гарадка, Дубаўкі, Флярова. Якім чынам удалося сабраць звесткі?

– Мне дапамагалі нашы настаўнікі і вучні. Усім шчыра ўдзячна за істотны саўдзел у даследаванні. Прызнацца, раней і сама заўважала, што да ўспамінаў ветэранаў вайны ці відавочцаў трагедый многія мае равеснікі адносяцца, калі не абыякава, то проста стрымана, быццам захоўваючы элементарную выхаванасць. Давялося сустракацца і з тымі, хто чытаў літаратуру аб ідэалогіі фашызму, спрабаваў апраўдваць дзеянні гітлераўцаў. Цяпер, калі самастойна запісвалі словы людзей, якія змагаліся з захопнікамі ці, з-за малога ўзросту, проста выжылі ў акупацыю, упэўнена – многія мае сябры змянілі свае ўяўленні аб такім далёкім і параўнаўча недалёкім мінулым.

– Школьнікам 60-70-ых год было лягчэй асэнсоўваць трагедыі вайны: у савецкі час шырока развіваўся рух следапытаў па месцах баявой славы дывізій, што вызвалялі нашы мясціны.

– Бацькі расказвалі мне аб сваіх паходах, як і аб святым абавязку – доглядзе піянераў і школьнікаў за брацкімі магіламі загінуўшых. Але ў нечым традыцыі працягваюцца. Разам з выкладчыкамі штогод праводзім хвіліны маўчання каля Кургана Бессмяротнасці, што на Баханова, ускладаем кветкі ў памяць ваеннаслужачых і мірных жыхароў, якія тут былі расстраляны.

– А якія традыцыі захаваліся ў вашай сям’і?

– У маёй мамы – чатыры сястры. Яны жывуць за межамі малой радзімы. Але штогод усе разам наведвалі родную вёску, збіраліся ў Сітніцкім Двары, каб павіншаваць родных, павітацца з суседзямі. Цяпер бабуля хварэе і знаходзіцца ў нашым доме. Спадзяемся, яна ўмацуе сваё здароўе, каб яшчэ шмат год Сітніцкі Двор для ўсіх нас быў самых жаданым куточкам на зямлі.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть