ПРЫЎЗНЯТЫ НАСТРОЙ, АДКРЫТЫЯ ТВАРЫ –
даўно такімі не бачыла сваіх землякоў
Дзень правядзення справаздачных сходаў у
сельгаскааператывах – гэта свята для вяскоўцаў. Да такой высновы прыйшла,
завітаўшы ў Любанскі Дом культуры, дзе задоўга да мерапрыемства пачалі збірацца
прыгожа апранутыя працаўнікі і пенсіянеры СВК “Новае Палессе”. Чакалі толькі
прыбыцця жывёлаводаў, для якіх выхадных не бывае…
Важнасці мерапрыемству надавала прысутнасць на ім
намесніка старшыні райвыканкама Віктара Рафаловіча, начальніка РАУС Уладзіміра
Рыбака, старшыні Лахвенскага сельвыканкама Людмілы Пашкевіч, намесніка
начальніка райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі Алега Багука, дырэктара
сельгаскаледжа Фёдара Бірыла, старшага
інспектара РАНС Генадзя Кулеша…
Старшыня праўлення Віталь Ермалёнак падвёў вынікі
мінулага года. Уразіла вялікая колькасць лічбаў, якія ў параўнанні з папярэднім
2010-ым называліся са знакам плюс. Гэта валавы збор збожжа, ураджайнасць
зерневых і кукурузы. Вялікай падтрымкай для гаспадаркі стала агародніна. Усяго
морквы, капусты, сталовых буракоў сабралі 344 тоны, яшчэ 279 тон накапалі
бульбы. Стварылі неблагі падмурак для развіцця жывёлагадоўлі, нарыхтаваўшы на
зімова-стойлавы перыяд 1600 тон сена, 6737 тон сенажу, 6530 тон сіласу.
У цэлым па гаспадарцы вытворчасць валавай прадукцыі
павялічылася на 20,1 працэнта, у тым ліку ў раслінаводстве – на 44,3,
жывёлагадоўлі – на 3,7 працэнта. У разліку на аднаго работніка атрымана
прадукцыі на суму 44,5 мільёна рублёў.
Неблагія вынікі і ў жывёлагадоўлі. З фермаў гаспадаркі на
ААТ “Лунінецкі малочны завод” прададзена 98,6 працэнта малака экстра-класам і
вышэйшым гатункам. Акрамя таго на 6 працэнтаў павялічылі яго таварнасць.
Удалося таксама павысіць сярэднясутачныя і валавыя прывагі жывёлы на дарошчванні
і адкорме.
За мінулы год гаспадаркай рэалізавана прадукцыі на 1035
мільёнаў рублёў. Рэнтабельнасць продажу склала 12,6 працэнта. Сярэдняя
заработная плата раўнялася 976 тысячам рублёў, а ўжо ў студзені 2012-га – 1,5
мільёнам. Значна знізілася бягучасць кадраў.
Сёлета перад калектывам пастаўлена задача атрымаць
валавай прадукцыі на 5 працэнтаў больш. Для гэтага ў раслінаводстве будуць
павялічаны плошчы пад агародніну да 100 гектараў, пад кукурузу – да 1 тысячы
гектараў, у жывёлагадоўлі мяркуецца правесці рэканструкцыю памяшканняў фермаў,
распачаць будаўніцтва комплексу. На больш аддаленую перспектыву стаяць задачы
давесці пагалоўе буйной рагатай жывёлы да ўзроўню 90-ых гадоў, павялічыўшы яго
колькасць амаль у тры разы.
Грунтоўныя і канкрэтныя спраздачы перад калектывам
трымалі галоўныя спецыялісты ўсіх падраздзяленняў. Ажыўленне выклікала
рэкамендацыя аблвыканкама аб выдзяленні ў арэнду фермерскай гаспадарцы “Юліян”
200 гектараў зямлі. Калектыў адмовіў земляку, як быў і супраць таго, каб
калектыўную гаспадарку пераўтварыць у ААТ ці ЗАТ.
Асаблівай святочнасці мерапрыемству надала другая частка
сходу, калі лепшых працаўнікоў выклікалі да сцэны і ўшаноўвалі падзякамі,
кветкамі і грашовымі прэміямі. Пасля чаго адбыўся цудоўны канцэрт з удзелам
“Шляхцічаў”, у саставе якіх выступаюць землякі Генадзь Шэўчык і Ігар Мігалевіч.
Праз некаторы час на сцэне іх змянілі самадзейныя артысты з сельгаскаледжа.
Гледзячы на іх, многія матулі і бацькі адразу захацелі, каб і іх дзеці набывалі
патрэбныя вёсцы спецыяльнасці ў родным раёне. Сёння ж там вучацца толькі 10
вяскоўцаў. А адукаваных механізатарскіх кадраў у гаспадарцы па-ранейшаму не
хапае.