ПРЫЁМНЫЯ БАЦЬКІ вучаць грамадства

Сям’ю для сіраты трэба падбіраць з розумам     і душой. Але патэнцыяльным прыёмным бацькам і ўсынаўляльнікам неабходна навучанне на спецыяльных курсах.
Будучыя мама і тата атрымліваюць базавыя асновы аб фізіялогіі і псіхалогіі дзяцей, веды аб асаблівасцях іх прыёмных сына ці дачкі, вывучаюць крызісы ўзросту. Гэта не проста набор лекцый, а заняткі, на якіх разглядаюцца ці разыгрываюцца магчымыя складаныя сітуацыі ў сям’і. Вельмі важна дапамагаць бацькам правільна зразумець учынкі дзяцей, а не ўпадаць у паніку.
Прыклад1. Прыёмныя бацькі палажылі дзіця спаць. Выпадкова заходзяць у пакой і бачаць, што малыш манатонна раскачваецца з боку ў бок ці засунуў кулачок у рот і няспынна смокча яго. Дарослыя людзі могуць падумаць, што ўзялі дзіця з цяжкімі разумовымі і псіхічнымі адхіленнямі. Звычайна з-за гэтага яны моцна палохаюцца. Але малыш проста навучыўся так сябе заспакойваць. Калі ён плакаў, нікога не было побач. Дзіця выпадкова заўважыла: калі раскачвацца ці пасасаць далоньку, гэта дапамагае зняць хваляванне і хутчэй заснуць.
Прыклад 2. У падлеткавым узросце дзіця стала красці. Прыёмныя мама і тата ў адчаі: «Гэта – гены бацькоў-злачынцаў!”. На самай справе дзіцяці доўга не хапала цеплыні. Узнікла нявызначаная ўнутраная трывожнасць, якую навучыўся пераадольваць простым спосабам: нешта ўзяў – і заспакоіўся. Іншы раз дзеці нават не разумеюць, што яны ўкралі, у іх і разумення такога няма.
Узяць прыёмнае дзіця – гэта, безумоўна, вельмі прыгожа, але і вельмі цяжка. Ва ўсім трэба разабрацца, у многае ўнікнуць – і без дапамогі тут не абысціся. Выдатна, калі патэнцыяльныя бацькі ўсведамляюць гэта. А іншы раз, калі размова заходзіць пра неабходнасць навучаючых заняткаў, можна пачуць:
– У нас няма часу!
Натуральна, можна запярэчыць:
– А на дзіця ў вас будзе час?
Сапраўды, трэба аб многім падумаць. Узяць дзіця для зацвярджэння свайго статусу поўнай сям’і ці з-за боязні адзінокай старасці – матывацыя вельмі небяспечная. Іншы раз мы самі ў сабе разабрацца не можам, а тут – столькі новых складаных момантаў! Часта сям’я, якая жадае прыняць хлопчыка ці дзяўчынку, знешне выглядае ідэальна. Калі ж у яе прыходзіць дзіця, яно становіц-ца лакмусавай паперкай і ўсе складанасці ўскрываюцца. Здараецца, дзесьці было вельмі тонка, але думаць, што прыёмныя сын ці дачка дапамогуць усё пераадолець, – гэта вялікая памылка. І для таго, каб гэта высветліць, будучыя бацькі павінны прайсці шэраг дыягнастычных мерапрыемстваў, запоўніць анкету, пагутарыць з псіхолагам, сацыяльным педагогам. Трэба ж вывучыць сям’ю, яе традыцыі, прыярытэты, перш чым дзіця ў яе трапіць. Але і пасля таго, як малыш набыў прыёмных бацькоў, спецыялісты суправаджаюць сям’ю на працягу ўсяго часу без абмежаванняў. Гэта могуць быць як разавыя, так і рэгулярныя кансультацыі. Бацькі наведваюць семінарскія заняткі, практыкумы, дзе можна задаць пытанне, падзяліцца сваімі перажываннямі, вопытам групавой ці індывідуальнай размовы, проста прыемна і цяпло пагаварыць.
Быць бацькамі – нялёгка, а прыёмнымі – удвая цяжэй. Прыняць і палюбіць чужых дзяцей дадзена не кожнаму. Нават сказаць: «Мы хочам, каб дзіця ў нашай сям’і было, каб мы аб ім клапаціліся, выхоўвалі яго, любілі, перадалі яму самае лепшае”, – на гэта здольны не кожны. 
Наталля СКАМЕЙКА,  педагог-псіхолаг сацыяльна-педагагічнага цэнтра.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть