Пад цярновым вянком – ЗОРКА ДАВІДА

Пэўна, ніводны помнік загінуўшым у вайну, што адлічыла 71-ую гадавіну пачатку, не ўражвае так, як магіла ахвяр фашызму ў Лахве.
Звычайны абеліск, якімі паўсюдна адзначана палітая крывёю беларуская зямля, прыцягвае ўвагу шасціканцовай зоркай і цярновым вянком. З пункту погляду рэлігійных артадоксаў, недапушчальна спалучэнне сімвалам іудаізма і хрыс-ціянства. Але яўрэі, якія трыста год дружна жылі ў старажытным мястэчку побач з беларусамі, загінулі менавіта там, дзе нарадзіліся. Для нашага ж народа калючая расліна, якой абвілі галаву Хрыста, з’яўляецца ўвасабленнем пакут.
Яшчэ больш красамоўны пералік прозвішчаў ахвяр, жыццё якіх спынілася 3 верасня 1942 года. Калі дзеці і ўнукі загінуўшых наведваюць мемарыяльнае месца, яны літаральна падаюць на надмагільныя пліты, плачуць і гладзяць рукой металічныя літары ў адчуванні, быццам дакранаюцца да самых блізкіх людзей…
Немагчыма спакойна глядзець на адліты ў метале мартыралог. Мы не ведалі гэтых людзей, але разам з імёнамі бацькоў пазначана: “дзеці”, часта – іх колькасць. І разумеем, што яны маглі быць нашымі сучаснікамі… І ўсведамляем, што нельга забывацца аб трагедыях. Каб не паўтарыліся новыя.
Аналагічна Могілкам вёсак у Хатыні, у ізраільскім горадзе Халон ёсць Могілкі гета. Устаноўлены тут помнікі ахвярам фашызму з Лунінца, Кажан-Гарадка, Лахвы, Мікашэвіч, іншых паселішчаў былога СССР. 
У горадзе Халон з 1970-ых гг. жыве Голда Бахоўчык, якую ў Лахве памятаюць як Яўгенію Нейман. Гэта прыгожая жанчына фотаздымкамі маладосці нагадвае Жэньку з вядомага фільма “А зори здесь тихие…». Таксама, як гераіня кінастужкі, у Вялікую Айчынную Голда служыла ў Чырвонай Арміі. Але нашай зямлячцы пашчасціла вярнуцца дамоў – каб даведацца аб гібелі сям’і… І хаця ўраджэнка Лахвы з 1950-ых гг. жыве на гістарычнай радзіме, не забываецца пра свае карані. Неаднаразова наведвала магілу родных на малой радзіме, а ў сваёй кватэры ў рамцы пад шклом трымае шорцікі 4-гадовага браціка. Гэты прадмет адзення захаваўся выпадкова – мама аддала для рамонту суседцы-краўчысе. Яна і вярнула сястры рэч – адзінае, што засталося ад сям’і…
Узрост Голды перасягнуў 90 год. Ужо не пад сілу авіяпералёты. Але ў сваіх лістах яна піша: “Для мяне вайна яшчэ не закончылася.  Раны не зажываюць. Яны крываточаць усё больш і больш. Сэрцам і душой я заўсёды там, у Лахве… Заўсёды з роднымі…”.
У 70-ую гадавіну знішчэння гета Жэня папрасіла ўскласці кветкі да радкоў з прозвішчам сям’і Нейман.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть