“РАБОЧЫ ДЗЕНЬ ЗАЎСЁДЫ ПАЧЫНАЕЦЦА З “ЛУНІНЕЦКІХ НАВІН”
Старшыня раённага выканаўчага камітэта Васіль Міхайлавіч АГІЕВІЧ:
— Са стосу друкаваных выданняў на рабочым стале заўсёды першай бяру нашу раёнку. Акунаючыся ў мора фактаў і падзей, заўсёды крышку здзіўляюся, як журналісты паспяваюць усюды пабываць, усё заўважыць і аператыўна расказаць чытачам. Тут і рэпартажы з поля, эканамічныя карэспандэнцыі, расказы пра жыхароў самых аддаленых куточкаў раёна, судовыя нарысы, спартыўныя нататкі… Складваецца ўражанне, што ў штаце не 7 творчых работнікаў, а значна больш. Падабаецца манера падачы публікацый. Добра, што ў кожнага з творцаў яна свая. І цяпер амаль беспамылкова можна вызначыць, хто рыхтаваў той ці іншы матэрыял.
На старонках «Лунінецкіх навін” нямала адметных рубрык, якіх чакаюць чытачы. Не сумняваюся, што з асаблівай цікавасцю сустракаюць яны публікацыі пад рубрыкамі «Востры сігнал” і «Антыбюракратыя”. Думаю, не дужа ўтульна адчуваюць сябе іх героі. А раёнцы дзякуй за тое, што заўсёды стараецца справу давесці да канца. І нават тыя праблемы, якія застаюцца некаторы час «на кантролі”, не забываюцца. У вырашэнні іх газета – наш надзейны памочнік.
Упэўніўся ў гэтым, неаднаразова праводзячы ў «Лунінецкіх навінах” «Прамыя лініі”. Такая форма работы з чытачамі вельмі запатрабавана і з’яўляецца яскравым сведчаннем, што людзі вераць сваёй газеце і прадстаўнікам улады. На працягу дзвюх гадзін тэлефонныя званкі паступаюць практычна без перапынку, і ніводзін не застаецца без увагі. А потым на старонках выдання аператыўна паяўляецца дакладная справаздача. Менавіта такім чынам здымаецца безліч праблем і пытанняў, умацоўваецца сувязь паміж уладай і жыхарамі Лунінеччыны. Дарэчы, зусім нядаўна прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь вывучалі грамадскую думку па самых розных аспектах жыццядзейнасці рэгіёна. Раённая газета атрымала станоўчую адзнаку.
Каштоўным лічу тое, што на працягу многіх год выдаецца «газета ў газеце” «Мікашэвіцкія гарызонты”, зарыентаваная на жыхароў адносна аддаленага рэгіёна. Уласны карэспандэнт – з’ява для раёнкі ўнікальная. І тое, што ў Мікашэвічах ён ёсць – выдатна.
Думаю, чытачы заўважылі, што не так даўно паявілася новая вельмі патрэбная і слушная рубрыка «Хачу ведаць, чаму…” Пытанні жыхары раёна задаюць не толькі пісьмова, па тэлефоне, але і з дапамогай смс-паведамленняў. І тут наша газета апярэдзіла многія раёнкі. Дарэчы, калі ёсць магчымасць параўнаць яе з іншымі выданнямі, заўсёды адзначаю, як выгадна адрозніваюцца «Лунінецкія навіны”. І газетным дызайнам, і пастаянным журналісцкім пошукам, які становіцца крыніцай новых цікавых праектаў і публікацый.
Прыемна, што гэта заўважаюць не толькі заснавальнікі і чытачы, але і прафесіянальныя знаўцы журналісцкай справы. «Лунінецкія навіны” – пакуль адзіная ў вобласці ўладальніца вышэйшай рэспубліканскай узнагароды – «Залатой ліцеры” ў намінацыі «Лепшая раённая газета Рэспублікі Беларусь”. Штогод арсенал узнагарод раёнкі папаўняецца новымі сведчаннямі перамог.
Вядома, хацелася б бачыць газету яшчэ больш аб’ёмнай і больш важкім – рэкламны дадатак, бо гэта – адна з крыніц паступлення грошай. Тым больш, што на працягу апошніх год «Лунінецкія навіны” стараюцца разлічваць на ўласныя фінансавыя магчымасці, не карыстаючыся датацыямі з бюджэту. Спадзяемся, што недалёкі той час, калі наша газета стане поўнакаляровай.
І ўсё ж, упэўнены, што выданне, як і чалавека, толькі сустракаюць па знешняму выгляду. Асаблівую каштоўнасць яна набывае, дзякуючы глыбокім і патрэбным людзям публікацыям, якія кранаюць душу і сэрца. Менавіта такой стараецца быць наша раёнка. І ў многім ёй гэта ўдаецца.