РАДАСЦЬ першаклашак і іх бацькоў
Выхаванцы групы падоўжанага дня 1 «А” класа разам з дарослымі стварылі каляднае свята для ўсёй школы.
Актыўнасцю бацькоў ганарылася Аліна Туровіч. Яе тата сыграў ролю «Цыгана”. Мама Ангеліны Шчатко была «Мядзведзем”. Прачнуўшыся ад зімовай спячкі, «лясны асілак” праводзіў гульні і забаўляў дзяцей. Разам з усімі Саша Марза захапляўся мамай: у касцюме «Цыганкі” яна прыгожа танцавала і прадказвала будучыню. Вялікую калядную зорку насіла мама Дашы Шчатко. Вясёлымі «Калядоўшчыкамі” былі матулі Кірыла Гаргуна і Мікіты Малыша, а «Казой” – мама Данілы Грыцкевіча. Разам вадзілі карагод, выконвалі абрадавыя песні, перадаючы дзецям самае каштоўнае – нацыянальную спадчыну.
Кацярына Арэхва і Наталля Тупіцкая (6 «Б”), Насця ГАРГУН (8 «А”), важатыя 1 «А” класа Вялікачучавіцкай СШ.
ДЗЕЦІ – ДЗЕЦЯМ!
Сапраўдная дабрачыннасць не абмяжоўваецца часовымі рамкамі асобных святаў. Каляды закончыліся, але вясковыя вучні працягваюць дарыць душэўную цеплыню равеснікам з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
У мінулыя выхадныя ў дзіцячым цэнтры Лунінецкай арганізацыі Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам адбывалася прадстаўленне батлейкі – народнага беларускага тэатра. Разную аснову, на фоне якой разгортвалася дзея, стварыў лунінецкі мастак Максім Качаноўскі. Настаўніца Язвінскай СШ Таццяна Байда разам з 6-7-класнікамі падрыхтавала казку. Юныя гледачы былі ў захапленні ад вершаванай формы выкладання біблейскай гісторыі аб Нараджэнні Хрыстовым, музычнай апрацоўкі і ілюмінацыі. Асабліва ўразіў Анатоль Марцін-коўскі, які выдатна прачытаў складаны верш «Калядная зорка” Барыса Пастэрнака! Шчыра ўдзячныя артыстам, спадзяемся на новыя сустрэчы.
Марына МІРГАРОДСКАЯ. г. Лунінец.