РАДОК, У ЯКІМ ЎКЛАДЗЕНА ДУША…

З 10 000 нумароў раённай газеты амаль да 4 000 самае непасрэднае дачыненне мела Тамара СЯЛЕНЯ.
Крыху больш як два дзясяткі год таму газета друкавалася ў Лунінцы. Ледзь не па адной літарынцы ўручную набіралі яе Сцепаніда Паўлаўна Кароль, Зінаіда Мікалаеўна Поляк, Тамара Мікалаеўна Канапацкая, Алена Паўлаўна Жук, Марыя Мікалаеўна Іванюк, Кацярына Аляксандраўна Кавалец … А адлівала для іх цёплыя металічныя радкі журналісцкіх твораў Тамара Паўлаўна. Можна было гадзінамі назіраць за яе віртуознай работай на лінатыпе. У іншыя змены да лінатыпа садзіліся Ніна Канстанцінаўна Громка і Георгій Мікалаевіч Дамашэвіч. Тады гэтая дзівосная машына здавалася цудам чалавечай думкі ў паліграфіі.
Няспынны час… Даўно перайшлі ў раёнцы на камп’ютарную вёрстку, аддаўшы паліграфічны бок справы пінскім друкарам. Але больш сталае пакаленне газетчыкаў з удзячнасцю ўспамінае надзейную гвардыю раённых паліграфістаў 60-70-ых год мінулага стагоддзя, чыімі стараннямі з дапамогай друкаванага радка занатоўвалася гісторыя раёна.