РАМАНТЫКА СТАЛЁВЫХ МАГІСТРАЛЯЎ

назаўсёды знайшла куточак у сэрцы машыніста цеплавоза Сяргея ВАРАБ’Я,
якому сёлета прысвоена ганаровае званне «Чалавек года – 2011”.

Пра такіх, як ён, кажуць – «сапраўдны”. А справа ў тым, што хоць і ёсць у працоўнай кніжцы Сяргея Генадзьевіча некалькі адзнак, усе яны маюць адну «прапіску” – лакаматыўнае дэпо Лунінец Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі.
Ва ўтульны райцэнтр на Брэстчыне ўраджэнец Зэльвенскага раёна Гро-дзенскай вобласці прыехаў больш як 30 год таму пасля Гомельскага тэхнічнага вучылішча чыгуначнага транспарту з адзінай марай – вадзіць па сталёвых магістралях лакаматывы. Сяргея практычна адразу паставілі памочнікам машыніста. Сёння чыгуначнік упэўнены, што той, хто аднойчы адчуў незвычайную атмасферу кабіны машыніста, не здрадзіць гэтай прафесіі ніколі.
Вось і ён, адслужыўшы тэрміновую службу, зноў вярнуўся ў роднае дэпо. Калектыў сустрэў хлопца вельмі цёпла. Праз пэўны час, як перспектыўнага работніка, камандзіравалі ў дарожна-тэхнічную школу машыністаў, дзе старанна ўдасканальваў веды, набытыя падчас работы. А яшчэ праз пару год Сяргей Варабей стаў машыністам цеплавоза. Яму давяраюць не толькі грузавыя, але і пасажырскія саставы, таму што ўпэўнены: Сяргей Генадзьевіч не дапусціць хібаў у рабоце. Больш таго, толькі за апошні квартал мінулага года ім зэканомлена амаль 2 тоны дызельнага паліва. Няцяжка падлічыць, у якую «капейку” гэта выліваецца для лакаматыўнага дэпо.
Сяргей Варабей вельмі любіць сваю работу, якая, дарэчы, не адрозніваецца размеранасцю графіка і абавязковымі выхаднымі ў святочныя дні. Колькі разоў даводзілася яму сустракаць Новы год у дарозе, а любімую жонку і дзяцей з днямі нараджэння віншаваць з невялікім спазненнем, вярнуўшыся з рэйса. Але прафесія машыніста тым і вабіць, што патрабуе асаблівай загартоўкі, неймавернай вытрымкі і зайздроснай душэўнай раўнавагі. Інакш – нельга. Адчуваючы вялікую адказнасць за жыцці пасажыраў, Сяргей Генадзьевіч валодае ўнікальнай здольнасцю не толькі прагназаваць, але і аператыўна аналізаваць магчымыя праблемныя сітуацыі, своечасова прымаючы адзіна пра-вільнае рашэнне. За гэта яго паважаюць калегі, за гэта – з асаблівым шанаваннем ставіцца кіраўніцтва.
Але аднойчы Сяргей Варабей … захварэў. Ён захварэў футболам. Невылечна, назаўсёды. Прычым заразіў гэтай хваробай многіх сваіх сяброў, стварыўшы клуб аматараў асабліва шануемай на Лунінеччыне гульні. З таго часу стараецца не прапускаць матчы на гарадскім стадыёне і нават ездзіць на знамянальныя гульні ў абласны цэнтр і сталіцу.
Новае захапленне, аднак, абсалютна не пера-шкаджае ўдасканальваць тое, да чаго душа прыкіпела з дзяцінства – спрыт у рыбнай лоўлі. Тым больш, што для гэтага на Лунінеччыне ёсць усе неабходныя ўмовы, а Прыпяць трывала ўвайшла ў сэрца любай мясцінай гаючага адпачынку. Сюды ён імкнецца ў кожную вольную хвіліну з мэтай аднавіць сілы, каб упэўнена і радасна сустрэць новы дзень.
Сёння С.Г. Варабей – машыніст ІІ класа, годны прадстаўнік працоўнай дынастыі. З чыгункай трывала звязалі лёс родныя жонкі Варвары Пятроўны, якая ў дэпо – нязменны загадчык хімічнай лабараторыі. Старэйшы сын стаў урачом, а вось малодшы пасля тэрміновай службы ў арміі вярнуўся ў Лунінец і ўладкаваўся ў дэпо слесарам рухомага саставу. Сяргей Генадзьевіч шчыра спа-дзяецца, што з цягам часу юнак стане годным прадаўжальнікам бацькоў-скай прафесіі.
Таццяна ПЯТРОВА.
Фота Сяргея ЛЫШЧЫКА.