РЭКАНСТРУКЦЫЯ – СПРАВА ДЗЯРЖАЎНАЯ

Па ўсёй краіне вядзецца актыўная работа па будаўніцтву і рэканструкцыі
малочнатаварных фермаў. Пачатыя работы павінны завяршыцца восенню. Такую задачу
перад кіраўнікамі абласцей, раёнаў і будаўнікамі паставіў прэзідэнт Беларусі
Аляксандр Лукашэнка. Як адказнае даручэнне выконваецца на Лунінеччыне, падчас
абласнога семінара ацэньвалі старшыні рай- і гарвыканкамаў Брэстчыны на чале з
кіраўніком вобласці Канстанцінам Сумарам.
Першым прыпыначным пунктам стаў
СВК “Вулькаўскі світанак”. МТФ №1 у Вульцы 2 плануецца пераабсталяваць для беспрывязнога
ўтрымання жывёлы і пабудаваць даільную залу. На работы, якія вядуцца
гаспадарчым спосабам і з дапамогай спецыялістаў ПМК-19, плануецца зрасходаваць
5 мільярдаў рублёў. На аб’екце ўжо зроблена цагляная кладка кароўніка і даільнай
залы, вядуцца мантаж даху і бетонныя работы. Як падкрэсліў старшыня гаспадаркі
Уладзімір Соц, пасля рэканструкцыі тут размесцяцца 390 жывёлін. Зараз у
гаспадарцы пагалоўе складе 4465, у тым ліку 1300 кароў. За 4 месяцы гэтага года
вытворчасць малака павялічылася на 22 працэнты і склала 2026 тоны пры сярэднім
надоі на карову 1559 кілаграмаў, што на 285 кілаграмаў больш, чым за такі ж час летась.
Для таго, каб рухацца наперад, неабходны
высокаякасныя кармы. Сёлета тут плануюць нарыхтаваць на ўмоўную галаву 32,1
цэнтнера кармавых адзінак, у тым ліку травяністых – 26 цэнтнераў. Акрамя
гэтага, назапасіць 10 тысяч тон сенажу, 20 тысяч тон сіласу і 840 тон сена.
На адной з сенажацей, дзе вядецца
першы ўкос траў, пабывала прадстаўнічая дэлегацыя. У ходзе размовы намеснік
старшыні абласнога Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Аляксей Трацюк
спыніўся на дынаміцы вытворчасці кармоў на Брэстчыне. Ён зазначыў, што сёлета
надвор’е спрыяе таму, каб ужо з першага ўкосу нарыхтаваць неабходную колькасць
кармоў. Між тым, асаблівую ўвагу трэба надаваць правядзенню работ у аптымальныя
тэрміны, якія абмяжоўваюцца 2-3 тыднямі. Для гэтага амаль ва ўсіх раёнах ёсць
дастатковая колькасць тэхнікі. Аляксей Дзіянісавіч акцэнтаваў увагу на тыпах
нарыхтоўкі сенажу і на сучасных агрэгатах – прэсах, адзін з якіх нядаўна
паявіўся і ў “Вулькаўскім світанку”.
Канстанцін Сумар засяродзіў увагу
на якасці кармоў, а таксама неабходнасці ўлічваць гэты паказчык пры падвядзенні
вынікаў работы механізатараў. Заклікаў да навядзення парадку на сенажацях, пашах
і ў цэлым – на зямлі.
Аб тым, як вядзецца кантроль за
якасцю кармоў, якія захоўваюцца ў сіласных траншэях, паведаміла галоўны ветурач
раёна Кацярына Максімовіч. Аб перавагах тых ці іншых кансервантаў, што
выкарыстоўваюцца пры закладцы сіласных траншэй расказалі прадстаўнікі
фірм-вытворцаў.
У КСУП “Міжлескае” наведалі МТФ
№2, дзе вядзецца капітальны рамонт будынкаў кароўнікаў на 600 галоў. Як
запэўніў старшыня гаспадаркі Васіль Коваль, работы будуць завершаны ў верасні.
На МТФ №5 у Перунова СВК “Новае
Палессе” да рэканструкцыі ўтрымлівалася 270 кароў. Пасля завяршэння рамонтных
работ тут знойдуць “прапіску” 390 рагуль. Нягледзячы на тое, што гаспадарку
нядаўна ўзначаліў малады кіраўнік Віталь Ермалёнак, вынікі годныя пераймання.
За чатыры месяцы гэтага года тут удалося значна палепшыць якасць малака – 95
працэнтаў яго ідзе экстракласам.
Актыўна вядуцца работы па
дэмантажу дахаў кароўнікаў МТФ у вёсцы Острава. Аб праводзімых работах расказаў
в.а. генеральнага дырэктара РУВП “Граніт” Эдуард Гаўрылковіч. Адначасова ён растлумачыў
сітуацыю, якая склалася на прадпрыемстве па адгрузцы шчэбеню. Справа ў тым, што
патрэбу ў будаўнічым матэрыяле адчуваюць многія, аднак чыгуначны транспарт не вытрымлівае
нагрузкі. Кіраўнік прадпрыемства запэўніў, што пры самавывазе адгрузка
праводзіцца без затрымак. Аднак, у гэтай сувязі ёсць праблема: вялікагрузным
аўтамабілям забараняецца рухацца па асноўных магістралях. Старшыня аблвыканкама
паабяцаў пасадзейнічаць у вырашэнні гэтага пытання.
На тэрмінах здачы фермаў у
эксплуатацыю і аб’ёмах работ была засяроджана ўвага ў Дрэбску і Бараўцах, аб
чым расказалі кіраўнікі гаспадарак Сяргей Чырэц і Жана Ліхтар. З эканамічным
разлікам да рэканструкцыі аб’ектаў будаўніцтва падыходзяць у СВК “Хваецкае”. Як
расказаў старшыня Васіль Лазіцкі, набылі сучасную бетонамяшалку, якая здольна
за суткі вырабляць да 50 кубаметраў раствору. У СВК “Лунінскі” спрэчкі
выклікала пытанне аб зносе аднаго з памяшканняў. Вялікі аб’ём работ давядзецца
асвоіць на рэканструкцыі трэцяй чаргі МТФ у Лобчы, дзе будаўніцтва вядзецца з
нулявога цыклу. Як расказаў дырэктар ААТ “Лунінецкі малочны завод” Сяргей
Карпец, на гэтыя мэты мяркуецца затраціць больш як 7 мільярдаў рублёў.
Падводзячы вынікі, Канстанцін
Сумар адзначыў, што неабходна, каб у кожнай гаспадарцы звярнулі ўвагу не толькі
на аб’ёмы, але і на якасць. Гэта датычыць работы і механізатараў, і
жывёлаводаў. Кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў павінны ствараць усе
ўмовы для эфектыўнай працы. Хвалюючыся за Лунінецкі раён, Канстанцін Андрэевіч
застаўся задаволены тым, што работы вядуцца планава, а ў некаторых гаспадарках
– нават з асваеннем большага аб’ёму работ. Выказаў спадзяванні, што нягледзячы
на складанасці, даручэнне Прэзідэнта краіны будзе выканана, а ў выніку –
павялічана пагалоўе кароў і вытворчасць малака.
Алена ДАНІЛОВІЧ.
Фота аўтара.