РОДНАЕ НАРОДНАЕ
Рэгіянальны агляд-конкурс IV адкрытага абласнога фестывалю “Радавод” прайшоў учора ў ЦДТ.
Захаванне традыцый, звычак, багатай песеннай і танцавальнай спадчыны беларускага народа – неад’емная частка сённяшняга адукацыйна-выхаваўчага працэсу. Аб гэтым гаварылі прадстаўнікі абласнога журы: кіраўнік фестывалю, намеснік дырэктара абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці Алег Клунін, кіраўнікі народнай студыі “Спадчына” – Вера Волкава і ўзорнага ансамбля народнага танца “Крынічка” – Ірына Куцень.
Цэнтр дзіцячай творчасці быў цеснаватым для калектываў з Лунінеччыны, а таксама Пінскага, Столінскага, Іванаўскага і Драгічынскага раёнаў. У кожнага – свая адметнасць, уласныя аўтэнтычныя адноўленыя касцюмы. Дарэчы, па іх можна не толькі адрозніваць калектывы, але і вывучаць геаграфію Брэстчыны.
Лунінеччыну на конкурсе прадстаўлялі фальклорныя калектывы Вулькаўскай 1 і Лунінскай СШ, ансамбль “Кросны” з дзіцячай школы мастацтваў. Фальклорных чытальнікаў падрыхтавалі ў Вульцы 2, Лобчы і Рэдзігерава. Захапленне журы выклікала вядучая Святлана Філонік, якая адначасова ўдзельнічала і ў конкурсе культарганізатараў. Выхаванцы ЦДТ зацікавілі вырабамі з саломкі і лазы, смачнымі стравамі з бабулінай кухні, школьнікі з Вулькі 1 – вышыванкамі, а дзеткі з Люшчы – адметнымі касцюмамі.
Рэгіянальны адбор завяршыўся. Лепшыя выканаўцы і танцоры Лунінеччыны (а імі, што вельмі прыемна, сталі ўсе выступаючыя) прадставяць раён на заключнай імпрэзе, які адбудзецца ў маі і збярэ каля 20 тысяч удзельнікаў. Вынікі летніх экспедыцый і даследчых работ будуць прадстаўлены на абласной дзіцячай навукова-практычнай канферэнцыі “Фальклорная спадчына беларусаў у эпоху глабалізацыі культуры: праблема зберажэння”, куды запрошаны прадстаўнікі Люшчанскай школы.