РОДНАЯ ГАЗЕТА
Дзень друку – асаблівае свята для журналістаў і тых, хто нейкім чынам звязаны з газетамі. Напярэдадні прафесійнага свята задалі пытанне, што больш за ўсё ўзрушыла ў душы раённая газета, чым закранула?
Васіль ГАРГУН, дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу І і ІІ скліканняў:
– Так здарылася, што зараз знаходжуся далёка ад дому і адразу так адказаць на пытанне даволі цяжка. Аднак, магу з упэўненасцю сказаць, што вельмі добрую справу зрабілі вы да 70-гадовага юбілею раёнкі – выпусціўшы кнігу “Ад шчырага сэрца споведзь”, дзе прыгадалі былых супрацоўнікаў, напісалі пра іх цёплыя словы, апублікавалі іх творы. Заўсёды з задавальненнем чытаў замалёўкі Уладзіміра Захарэвіча, звяртаў увагу на фотаздымкі Рыгора Жука. З задавальненнем знаёмлюся з кожным новым нумарам, як кажуць, да кожнай літаркі.
Пабольш вам пастаянных прыхільнікаў і адданых чытачоў!
Эдуард МАЦКЕВІЧ, былы адказны сакратар:
– 17 год – адпрацаваў адказным сакратаром у раёнцы, 17 год пасля газеты – дырэктарам друкарні, і вось ужо 17 год – на пенсіі. Увесь гэты час не парываю сувязі з нашай газетай. Цяпер яна – сучаная, мы ў свой час пра такую нават не маглі марыць. Шмат добрых матэрыялаў, цікавых тэм. Прыемна, што ў полі зроку журналістаў “ЛН” – усе штодзённыя пытанні!
Заставайцеся такімі ж неабходнымі і добрымі, нашы “Лунінецкія навіны”!
Адам ТАБОЛІЧ, журналіст газеты “Заря”:
– Я вельмі люблю лунінецкую раёнку, бо гэта – газета, якая вывела мяне ў людзі і “падарыла” сям’ю. Заўсёды здзіўляўся, таму імкліваму рытму жыцця, што панаваў тут. Аднойчы адказны сакратар Юрый Юрко выклікаў да сябе і кажа: “Праз тры гадзіны ў мяне на стале павінен быць матэрыял на 200 радкоў пра мужнага чалавека, пажадана камуніста”. Я на той час працаваў зусім нядоўга і не меў вялікага кола кантактаў. Вырашыў звярнуцца ў пажарную часць. Знайшоў патрэбнага чалавека і своечасова выканаў адказнае заданне! Многія дагэтуль прыгадваюць і гісторыю з радовішчам золата на “Граніце” – першакрасавіцкі жарт напісаў так, што людзі паверылі.
Жывучы ў Брэсце ніколі не парываю сувязі з Лунінеччынай. Дзякуй, што і вы не забываеце пра сваіх!
Валерый ВЯРЭНІЧ, начальнік станцыі Лунінец:
– Практычна ў кожным нумары нешта вельмі кранае, прымушае задумацца. Узяць да прыкладу нумар за сераду, двойчы перачытваў матэрыял “Такое далёкае, блізкае пісьмо”. Большасць з нас адышла ад эпісталярнага жанру – эмоцыі перадаем у смс, электронных пасланнях смайлікамі і клічнікамі. Памятаю цікавую задумку “ЛН”, калі апублікавалі дзіцячыя фотаздымкі кіраўнікоў, каб чытачы адгадвалі. Не чакаў, што і мой надрукуюць. Вельмі ўразіла!
Раёнка заўсёды была разнастайнай, зразумелай і патрэбнай! У ёй працуюць добрыя людзі з яснымі думкамі! Заставайцеся і надалей такімі!
Тамара СЯЛЕНЯ, лінатыпіст:
– Так здарылася, што дзякуючы сваёй спецыяльнасці набірала ўсе газетныя тэксты на лінатыпе. І на пільнасць, бывала, журналістаў правярала: то літарку дабаўлю, то прыбяру, то месцамі памяняю. Праўда, дзякуючы карэктару Зінаідзе Мельнікавай і сумленнаму стаўленню журналістаў, усё выпраўлялі адразу ж. Прыгадваецца выпадак, калі нумар аддалі ў друкарню, а работнік не замацаваў формы і ўсе чатыры паласы набору (адлітых радкоў) рассыпаліся. У спешным парадку ўсе перарабілі і друкаваць пачалі каля трох гадзін ночы.
І цяпер з задавальненнем чытаю раёнку. Падабаюцца жыццёвыя гісторыі, расказы пра населеныя пункты Лунінеччыны. Час ад часу спрабую прыгатаваць нешта па рэцэптах Вольгі Вароніч. Зараз знаходжуся ў Барысаве, аднак адрасую кожнаму супрацоўніку газеты самыя найлепшыя пажаданні. Каб пабольш было ў вашай рабоце спакойных дзён!
Павел ЛОСІЧ, журналіст газеты “Заря”:
– У “Лунінецкіх навінах” – цудоўны калектыў. Гэта зразумеў падчас сваёй практыкі. Не дзіва, што з лёгкасцю штодня пераадольваў адлегласць паміж Пінскам і Лунінцам. Тут многаму навучыўся, прайшоў сапраўдную школу журналістыкі. Замацаваў гэта пазней, калі супрацоўнічаў з многімі СМІ.
Заставайцеся і надалей такімі, каб чытачы лічылі газету “сваёй”! Новых поспехаў!
Наталля МАРЗА, настаўніца пачатковых класаў Язвінскай СШ:
– Што ні кажы, а наша раёнка – самая лепшая. І не толькі добрымі матэрыяламі, але і сваімі добрымі справамі. Памятаю, як напярэдадні Новага года журналісты ў касцюмах Дзеда Мароза і Снягуркі прыехалі з падарункамі да нашых дзетак. Колькі радасці было ў іх вачах, колькі дабрыні. Дзякуючы раёнцы, многія ведаюць пра наш дзіцячы дом сямейнага тыпу.
Вельмі хацелася б, каб больш публікацый было пра сацыяльны прытулак, дзетак. З задавальненнем чытаю сямейныя матэрыялы, расказы пра ўмельцаў і апантаных творчасцю людзей. Дзякуй вам, нашы дарагія! Мы – з вамі!
Святлана ТАБОЛІЧ, журналіст газеты “Народная трыбуна”:
– Раёнка – самае адкрытае, праўдзівае і чалавечнае выданне, бо адносіны чытач-газета тут самыя блізкія. Бо журналісты, якія тут працуюць – імкнуцца зрабіць яе насычанай, цікавай і самай лепшай. Некаму здаецца, што раёнка – маленькая і не цікавая. Гэта зусім не так: яна – вялікая, сапраўдная і сур’ёзная. “Лунінецкія навіны” – самая галоўная на Лунінеччыне – бо расказвае пра суседзяў, родных і блізкіх людзей.
Жадаю супрацоўнікам і чытачам, каб газета заўсёды заставалася з адкрытым сэрцам і добрай душой. Каб была не проста носьбітам навін, а захоўвала непаўторнасць і сардэчнасць усіх жыхароў, выходзіла ў свет з пазітывам і чыста лунінецкім настроем!
Апытанне правёў Аляксандр КОЎКА.