“САД МАРЫ” Ў ВУЛІЦЫ 1
Справаздачны сход у СВК «Хваецкае” праходзіў напярэдадні
8 Сакавіка. Адценне святочнасці, аднак, не перашкодзіла па-сапраўднаму дзелавой
размове. Тым больш, што ў рабоце схода бралі ўдзел начальнік аблсельгасхарчу
Сцяпан Радкавец, старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч і начальнік
райсельгасхарчу Сяргей Бойка.
СВК «Хваецкае” – гаспадарка прыгарадная. Працуюць тут не
толькі вяскоўцы, але і гараджане – усіх 183 чалавекі. Пераважная большасць – у
жывёлагадоўлі. Прыкладна шостая частка – у раслінаводстве. Летась гэтая галіна
дала турбот земляробам. Спадзяванні на добры ўраджай перакрэслілі прыродныя
катаклізмы – больш як на 400 гектарах пасевы загінулі. З тых, што засталіся,
здолелі сабраць 1772 тоны зерня – на 220 тон менш, чым у папярэднім годзе.
Страты пэўным чынам кампенсавалі кукуруза, рапс і бульба. Аднак апошняя
культура, хоць і парадавала рэкорднай для «Хваецкага” ( ды і раёна ў цэлым)
ураджайнасцю – 266 цэнтнераў з гектара – збыту не мела. Па словах галоўнага агранома
Аляксандра Скібы, такія рэаліі вымушаюць пераглядзець структуру пасяўных
плошчаў. Разумеючы, што год на год не прыходзіцца, адмаўляцца ад вырошчвання
«другога хлеба” тут пакуль не плануюць, аднак пра тое, каб зменшыць плошчы,
занятыя бульбай, задумваюцца.
А вось пад кукурузай яны будуць павялічаны ўдвая.
Мэтанакіравана працуюць у гаспадарцы і з рапсам, які сёлета даў гаспадарцы
амаль паўмільярда рублёў выручкі. Увогуле ж збор зерня ў «Хваецкім” плануюць
сёлета давесці да 3000 тон. Неўпрыкмет больш будзе нарыхтвана і кармоў. Стартавай пляцоўкай для ажыцяўлення планаў
стала актыўная работа па перазалужэнню і асвойванню эфектыўных тэхналогій
вырошчвання аднагадовых траў. Кардынальна памянялі падыход да работы з
арганікай і тукамі.
Адставанне ў раслінаводстве пэўным чынам адбілася на
выніковасці работы жывёлаводаў. Але ж, нягледзячы на тое, што асноўныя
паказчыкі тут ніжэйшыя, чым у папярэднім годзе, галіна працавала прыбыткова.
Павялічылася таварнасць малака: прыкладна 50 працэнтаў яго ідзе экстра-класам і
вышэйшым гатункам. Дарэчы, сёлета гэты
паказчык павінен вырасці да 90 працэнтаў. Упершыню за некалькі апошніх год
рэнтабельным было мяса.
У дапушчаным адставанні галоўны заатэхнік Марыя Кляўцэвіч
бачыць як аб’ектыўныя, так і суб’ектыўныя прычыны. На вынікі паўплывалі як
сюрпрызы надвор’я, так і агрэхі ў рабоце простых жывёлаводаў, у тым ліку –
пастухоў, якія забываліся своечасова пераганяць жывёлу на свежыя ўчасткі, іншы
раз пакідалі яе без вады. Менавіта таму летам у перыяд засухі не ўдалося стрымаць
спад вытворчасці малака. Па выніках года на карову мелі яго 3850 кілаграмаў, а
сёлета ў надоях плануецца перавысіць 4-тысячны рубеж.
Жадаюць быць лепшымі і прывагі жывёлы, асабліва
рамонтнага маладняку. Павялічыць сёлета ў «Хваецкім” мяркуюць і выхад цялят на
сто галоў, звярнуўшы асаблівую ўвагу на стан здароўя будучых кароў. За гэтым
пільна сочыць ветэрынарная служба, якую ў гаспадарцы ўзначальвае Яўген Батаеў.
Больш як 190 мільёнаў рублёў было выдаткавана летась на патрэбы ветэрынарыі.
Грошы гэтыя павінны вярнуцца годнымі надоямі, прывагамі і высокай якасцю малака.
Планы ўжо сёння падмацоўваюцца рэальнымі справамі. Летась
рэканструявалі ферму на 400 галоў, і сёння адтуль паступае толькі
высокагатунковае малако. Прыступілі да капітальнага абнаўлення яшчэ аднаго
жывёлагадоўчага памяшкання: яго плануюць увесці ў строй да пачатку
зімова-стойлавага перыяду. У асноўную вытворчасць у 2011 годзе было інвеставана
амаль 2 мільярды 900 мільёнаў рублёў, сёлета гэтая лічба будзе яшчэ больш
важкай.
Пра паступальнае развіццё «Хваецкага” гаварыў старшыня
праўлення Васіль Лазіцкі, які акрэсліў практычна ўвесь спектр праблем, што
хвалюе сёння аграрнікаў. У першую чаргу – дабрабыт працаўнікоў і фінансавае
становішча гаспадаркі. Прынамсі, менавіта на гэта і накіраваны ўсе старанні
калектыву сельгаскааператыва. А яшчэ вулькаўчане імкнуцца ўпрыгожыць сваё
жыццё. Летась яны заклалі на тэрыторыі гаспадаркі «сад мары”. Трэба верыць, што
разам з узнімаючыміся да сонца дрэўцамі будзе мацнець і гаспадарка, якая мае
такія слаўныя традыцыі.
На здымках: В.А. Лазіцкі з асаблівым настроем уручаў
найбольш старанным землякам прэміі, а 19-ці работнікам – новенькія веласіпеды;
Наталля Дараховіч – узор адданасці малой радзіме. У «Хваецкім” пачынала
цялятніцай, закончыла каледж, атрымала вышэйшую адукацыю. Зараз працуе
загадчыца фермы №2; цялятніца Надзея Багданец у гэты дзень у свой адрас пачуля
нямала шчырых удзячных слоў як ад старшыні, так і ад спецыялістаў гаспадаркі.