САЛА З ПЕРАСЦЁЛКАМІ
Збіраючыся ў санаторый, жонка нагадала пільна сачыць за гаспадаркай – каб і куры былі накормленыя, і вада ў гусей пастаянна знаходзілася, і каб карове даваў сена не шкадуючы. А галоўнае – не схуднелі вепручкі. «Не лянуйся бульбачкі наварыць, ды ў тоўчу камбікорму сыпаць не шкадуй,” – гаварыла перад ад’ездам. На тым і пагадзіліся. Ды хіба мог Іванка гэтак жа ўвішна ўпраўляцца з жыўнасцю, як яго любая. Ледзь толькі гаспадыня за парог, як ступілі ў хату сябрукі.
– Дык для цябе ў хаце сапраўднае зацішша настала, – не то жартам, не то ўсур’ёз прамовіў сусед Сцяпан. – Мне б хоць на тыдзень куды-небудзь жонку справадзіць.
З таго дня і пайшло, і паехала. Ледзь адчыніцца магазін пруць у дом хлопцы: хто «чарніла” бутэльку прыхопіць, хто паўтарачку піва прынясе. За некалькі дзён у сенцах цэлая «батарэя” пустых бутэлек «выстраілася” ў рад. Няйначай як у шклопрыёмным пункце.
На вачах «таялі” грошы, выдзеленыя жонкай Івану на гаспадарчыя патрэбы. А калі падлічыў рэшткі, за галаву схапіўся – і на дваццаць буханак не хопіць.
Неяк раніцай, калі хлопцы зноў уселіся за стол, каб «паправіць здароўе”, Іван наадрэз адмовіўся «прымаць на грудзі”.
– Ці не захварэў ты часам, суседзе, – скептычна пыталіся сябрукі. – Ці мо па каханай засумаваў?
А калі даведаліся ў чым справа, параілі «ўціснуць” рацыён кармлення парсючкоў. Міколка, апаражніўшы шклянку, прыйшоў да высновы, што толькі раніцай і вечарам варта даваць кожнаму парасяці па буханцы хлеба. Так бы мовіць перавесці жывёлу на «сухі паёк”: можа і схуднеюць ад яго вепручкі, затое сала будзе перасцёлістае…
Калі жонка вярнулася з санаторыя, перш-наперш пайшла праверыць сваіх гадаванцаў. Ледзь толькі адчыніла дзверы, як вепручкі, натапырыўшы поўсць, кінуліся па кутах хлява, застыўшы ў позе спрынтэраў, што вышлі на старт бегавой дарожкі. Наліла з вядра, а тыя нават з месца не крануцца – стаяць як укапаныя, толькі лычы ўверх пазадзіралі, а да карыта – ні кроку. Падумала, няйначай захварэлі. Вярнулася ў хату і да Івана:
– Чаго гэта нашы гадаванцы есці не хочуць?
– Быць такога не можа, – запярэчыў Іван. – Пойдзем, паглядзім.
Апошнія буханкі хлеба, якія прыхапіў, выходзячы з хаты гаспадар, паляцелі ў пашчы парсючкоў, як баскетбольны мяч улятае ў кальцо. Праглынулі на адным дыханні, толькі шчацінне на загрыўках узнялося. Цяпер Ганна зразумела, чаму гэта ў яе адсутнасць жыўнасць стала ледзь не спартыўная.
І тут такое пачалося, што ні словам сказаць, ні пяром апісаць. Здавалася, жанчына лямантавала на Івана так, што чулі яе не толькі суседзі, але і тыя, хто жыве на бліжэйшым хутары.
З таго часу Іванка і нагой не ступае ў парсючковы хлеўчык.