“СЕЙ У ПАРУ, ЗБЯРЭШ ХЛЕБА ГАРУ”

Неспадзявана цёплы і сонечны пачатак вясны ў лічаныя
дні  растапіў снежнае покрыва і паспрыяў
хуткаму ўсмоктванню талай вады ў глебу. Гэтая акалічнасць і вызначыла галоўны
напрамак дзейнасці ў раслінаводстве – захаванне вільгаці.

У СВК “Хваецкае” да сяўбы прыступілі 18 сакавіка. Пры
высокай арганізацыі работ за 9 светлавых дзён раннімі каласавымі засеялі 311
гектараў, або 75 працэнтаў, адведзеных пад іх плошчаў. Пастараліся ў гэтым
вопытныя  механізатары Аляксандр ДУДАРГА і Пётр Комар, у распараджэнні якіх пасяўныя агрэгаты АПП-6 і СПУ-6.
Улічваючы прабелы мінулагодняй кампаніі, калі дапускаліся, няхай і невялікія,
прастоі з-за нясвоечасовай дастаўкі зерня на палі, сёлета дадаткова да
існуючага загрузчыка (на аўтамабілі ГАЗ-53), па ініцыятыве старшыні гаспадаркі
Васіля Лазіцкага пераабсталявалі трактарны прычэп ПС-10. З пачатку кампаніі аўтаматызаванай
загрузкай насення ў бункеры агрэгатаў займаецца і трактарыст-машыніст Сяргей
ГЕЛЕЦ.

Ад цямна і да цямна доўжыцца рабочы дзень у брыгадзіра
паляводчай брыгады Надзеі КРАЎЦОВАЙ. Вопытны, з 32-гадовым стажам спецыяліст,
яна выдатна валодае сітуацыяй і своечасова ўносіць карэкціроўкі ў ход работ.

Забяспецыць высокія тэмпы і добрую якасць сяўбы немагчыма
без належнай падрыхтоўкі глебы. Як сцвярджае трактарыст Пётр ЛАЗЬКО выдатным
“памочнікам” з’яўляецца глебаапрацоўчы агрэгат КЧД – “дзецішча” Лунінецкага
рамонтна-механічнага завода. Ён не толькі добра раўняе мяккую зямлю, але і
выдатна зарэкамендаваў сябе  на складаных
участках, якія патрабуюць папярэдняга дыскавання.

Сярод складаючых будучых намалотаў асноўнае месца
адводзіцца якасці насення. Як заверыў галоўны аграном Аляксандр Скіба, усё яно
своечасова пратручваецца і адпавядае першай рэпрадукцыі. Летась, дарэчы,
значныя ўчасткі засявалі элітай.

–Сёлета, на жаль, яе не маем. Як толькі ўправімся з
зерневымі і зернебабовымі, адразу прыступім да закладкі кармавой базы для
буйной рагатай жывёлы. Улічваючы мінулагоднія “прабелы” акрамя кукурузы, упор
зробім на пайзу. Спадзяемся, што 150 гектараў гэтай не вельмі патрабавальнай да
ўрадлівасці глебы культуры, папоўняць запасы сіласу і сенажу і забяспечаць
пагалоўе пажыўным кормам. Дзякуючы праведзенай меліярацыі летась гаспадарка
атрымала дадаткова 160 гектараў сельгасугодзяў. Шкада толькі, што па бальнасці,
глеба не вельмі багатая.  

Паралельна з іншымі на палетках вядуцца работы па
падкормцы азімых зерневых і рапсу тукамі. Дастаўляе ўгнаенні да месца работы
вадзіцель Іван МАТАШУК:

–Працую ў “Хваецкім” з 1992 года. Апошнія шэсць – кірую
МАЗам. Работу люблю і стараюся не падводзіць калектыў.

–Іван Іванавіч – чалавек надзейны, – дадае Аляксандр Скіба,
– Калі яму даверана якая-небудзь справа, абавязкова выканае. Для яго не існуе
слова “не”.

Перад кожнай сельскагаспадарчай кампаніяй у калектывах
абмяркоўваюцца ўмовы прыцы, даводзяцца нормы выпрацоўкі і аплаты. Усё гэта было
і ў “Хваецкім”. Наладжана тут і гарачае харчаванне, якое атрымліваюць занятыя
на сяўбе працаўнікі. 

 Галіна КУЧЭЙКА. 

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть