ШЭСЦЬ ПРАДПРЫЕМСТВАЎ АТРЫМАЛІ ЎЗНАГАРОДЫ ЗА ЯКАСЦЬ

21 студзеня ў Лунінцы прайшло пасяджэнне гаспадарчага
актыву з удзелам старшыні аблвыканкама Канстанціна Сумара. Кіраўнік вобласці
адразу нацэліў удзельнікаў нарады на канструктыўную работу і неабходнасць
засяродзіць увагу не на тым, што зроблена, а на тым, што трэба зрабіць, каб
вывесці раён на лепшыя пазіцыі, асабліва ў аграпрамыловым комплексе. Яго
губернатар назваў барометрам, які адлюстроўвае ўнутраны стан эканомікі. Для
нашага раёна гэта характэрна асабліва: сельскагаспадарчая вытворчасць у
струтуры агульнага валавага прадукту займае больш як 40 працэнтаў.


Між тым, маючы ад абласных плошчаў прыкладна 6 працэнтаў
сельгасугоддзяў,  Лунінеччына дае ў
агульным аб’ёме валавай прадукцыі ўсяго 5 працэнтаў. Як сведчыць рэальнасць,
асноўная прычына  – у арганізацыі працы.
У якасці таго, як трэба ладзіць справу, можа служыць прыклад «Новага Палесся”.
Параўнаўча нядаўна сюды прыйшоў малады кіраўнік Віталь Ерамлёнак. Але за
кароткі час без асаблівых дадатковых фінансавых укладанняў тут удалося
дасягнуць прыкметнага прыросту ў вытворчасці малака, на новы ўзровень узняць
яго таварнасць, істотна павялічыць заробкі працаўнікоў. Што перашкаджае гэтак
жа рабіць у іншых гаспадарках?

Нізкай у раёне застаецца рэнтабельнасць малака – усяго
0,7 працэнта супраць 11-ці сярэднеабласных. У той жа час сабекошт прадукцыі
буйной рагатай жывёлы застаецца самым высокім у вобласці. Прадуктыўнасць
дойнага статку летась павялічылася, але гэтыя лічбы нельга назваць
задавольваючымі. У 11 гаспадарках надоі на карову не дасягнулі 4 000
кілаграмаў. Адстае і вытворчасць мяса.

Асаблівая ўвага была закцэнтавана на павелічэнні
шчыльнасці жывёлы на гектар сельгасугоддзяў, паляпшэнні аднаўлення статку і
захаванасці маладняку. Як станоўчы адзначаны той факт, што раён актыўна
займаецца рэканструкцыяй фермаў. Але на некаторых (як у СП «Аграграніт”) ёсць
выдатныя памяшканні, а цялушкі ў іх жадаюць быць лепшымі.

Кожны з гаспадарнікаў ведае, што галоўнае ў жывёлагадоўлі
– удосталь накарміць жывёлу пажыўнымі кармамі. Іх на Лунінеччыне назапашана
дастаткова, аднак высокіх сярэднесутачных прываг жывёлы ў асобных гаспадарках
дасягнуць так і не ўдалося. У СВК «Дварэцкі” наогул зафіксавана самае прыкметнае
ў раёне зніжэнне гэтага паказчыку – мінус 138 грамаў.

У ходзе нарады былі закрануты праблемы свінагадоўчага
комплексу названай гаспадаркі. Старшыня аблвыканкама ўпэўнены, што, умоўна
кажучы, працаваць на яго павінен увесь раён. У прыватнасці, гэта датычыць
забеспячэння свінаводчай галіны зернефуражом. Базу пад такі падыход трэба
закладваць ужо сёння. Прадукцыя свінагадоўлі – адна з самых высокарэнтабельных.
Раён управе разлічваць на тое, што «Дварэцкі” здольны даваць прыкладна 35
працэнтаў свініны і ялавічыны ў агульнай структуры, а дае толькі 14.

Абмеркавалі ў ходзе нарады і праблемы раслінаводства. Тут
асаблівая ўвага была звернута на запраўку глебы арганічнымі і мінеральнымі
ўгнаеннямі. Гэтую работу старшыня аблвыканкама назваў чарнавой, але без яе немагчыма
разлічваць на добрыя ўраджаі. Раён жа па-ранейшаму адстае ў гэтай справе, а ў
СВК «Дзятлавіцкі”, СП «Аграграніт” і некаторых іншых гаспадарках таго ж азоту
ўнесена толькі 10-12 працэнтаў ад патрэбнага. Не лепшая сітуацыя і з фосфарнымі
угнаеннямі. Ёсць агрэхі і ў правядзенні хімабаронных мерапрыемстваў.

Прагучала патрабаванне памяняць стаўленне да такой важнай
культуры, як бульба. Шматлікія фермерскія гаспадаркі на Лунінеччыне
дэманструюць уменне атрымліваць выдатныя ўраджаі і займаюць у агульным аб’ёме
атрымання клубняў прыкладна 25 працэнтаў. У той жа час ураджайнасць бульбы ў
СВК «Дварэцкі” склала ўсяго 66 цэнтнераў з гектара, у «Дзятлавіцкім” – 72 ( у
сярэднім па вобласці – 202 цэнтнеры з гектара).

Несумненна, якасны і колькасны паказчык кармавой базы
залежыць ад тэмпаў перазалужэння пашалугавых угоддзяў. Аднак планы па
абнаўленню гэтых плошчаў выконваюцца не так эфектыўна, як хацелася б. 12 з 16
гаспадарак не справіліся з планамі па сяўбе шматгадовых траў. Ды і
прадуктыўнасць гэтых плошчаў застаецца не вельмі высокай – 160 цэнтнераў з
гектара (сярэднеабласны паказчык – 230 цэнтнераў).

Між тым, на 2012 год задачы пастаўлены дастаткова
сур’ёзныя: атрымаць не менш як 620 грамаў сярэднесутачных прываг буйной рагатай
жывёлы, на 7 тысяч тон павялічыць вытворчасць малака, а ў надоях на карову
дасягнуць рубяжа ў 4 тысячы 300 кілаграмаў. Істотна павінны павысіцца ўраджаі
бульбы і зернебабовых.

Вядома, многае залежыць ад людзей. У гэтым кантэксце было
ўзнята кадравае пытанне. «Кадры трэба рыхтаваць самім, а не чакаць, што ў вёску
ці на прамыслове прадпрыемства прыедзе спецыяліст па размеркаванню”, — упэўнены
Канстанцін Сумар. З гэтай мэтай прапанавана больш пільна ставіцца да падбору
перспектыўных маладых людзей з ліку выпускнікоў і вучыць іх за свае сродкі ў
ВНУ.

Сваё бачанне вырашэння усіх праблем выказаў старшыня
райвыканкама Васіль Агіевіч. У выступленнях напрамкі развіцця прамысловасці
раёна закранулі: дырэктар ААТ «Палессеэлектрамаш” Аляксандр Казакоў і
рамонтна-механічнага завода – Анатоль Волк; аграпрамысловага сектара – старшыня
СВК Лунінскі” Васіль Мелюх і СВК «Новае Палессе” Віталь Ермалёнак;
сацыяльна-эканамічнага развіцця тэрыторый – старшыня Вулькаўскага сельвыканкама
Аляксандр Кушнярэвіч; медыцынскага абслугоўвання насельніцтва – галоўны ўрач
цэнтральнай раённай бальніцы Мікалай Кочык.

У заключэнне кіраўнік вобласці выканаў прыемную місію,
уручыўшы прэмію аблвыканкама ў галіне якасці калектыву ТАА «БелАрганіка” і
Дыпломы лаўрэатаў рэспубліканскага конкурсу «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь
2011г.” названаму, а таксама калектывам ААТ «Лунінецкі малочны завод”, ПВУП
«Вікторыя”, ААТ «Спецжалезабетон”, РУВП «Граніт” і «Уніформ”.

У гэты ж дзень былі падведзены вынікі раённага
спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у працы. У галіне будаўніцтва
Пераходныя Чырвоныя сцягі ўручаны калектыву ПМК-19, прамысловасці – РУВП
«Граніт”, гандлю – філіялу «Вясёлка” райспажыўтаварыства, сферы паслуг – раёну
электрасетак. Сярод сельвыканкамаў пераможцам прызнаны Вулькаўскі. Дыпломамі
раённага ўзроўню адзначаны дасягненні калектыва Дварэцкай амбулаторыі, СШ №3 г.
Лунінца і народнага ансамбля песні «Сустрэча” Кажан-Гарадоцкай ДШМ.

Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ. Фота Аляксандра КОЎКІ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть