“ШКОЛА – гэта творчыя педагогі”
Такое сцвярджэнне дырэктар СШ №3 г. Лунінца Віталь Альфрэдавіч ТРЭГУБАЎ падмацоўвае фактамі:
– У мінулым навучальным годзе нашы вучні занялі 20 прызавых месцаў на раённых алімпіядах і конкурсах. Алена Курак, кіраўніком даследчай працы якой на канферэнцыю «З навукай – у будучыню” была настаўніца матэматыкі Ірына Уладзіміраўна Абраменя, узнагароджана Дыпломам ІІІ ступені. На вобласць былі вылучаны: Таццяна Каховіч (выяўленчае мастацтва), стаўшая пераможцай у намінацыі «Лепшае раскрыццё тэмы”, і Вольга Жук (навуковае даследаванне «Выкарыстанне мыючых сродкаў для посуду і ўплыў на экалагічны стан навакольнага асяроддзя”, кіраўнік – настаўнік біялогіі Ігар Мікалаевіч Івашкевіч), адзначаная падзякай.
Актыўна прадстаўлена школа ў творчых спаборніцтвах. Пераможцамі раённых конкурсаў сталі Аліна Кухарчук (Дыплом І ступені за вершы, прысвечаныя памяці У. Караткевіча) і Ірына Алехнік – са зборнікам «Чароўны букет” у праекце «Даследчыкі”. Яна ж заняла другое месца ў раённым конкурсе чытальнікаў на замежнай мове.
За ўсімі поспехамі дзяцей стаіць плённая праца настаўнікаў. Аб якасці адукацыі сведчаць лічбы – 62 працэнты вучняў закончылі мінулы навучальны год на высокі, дастатковы і сярэдні ўзровень (толькі ў 2 вучняў, што складае 0,6 працэнта, адзначаны нізкі). Больш як 56 працэнтаў выпускнікоў-2011 сталі студэнтамі пераважна бюджэтных месцаў вышэйшых навучальных устаноў.
Сучасная школа – гэта, перш за ўсё, творчыя настаўнікі. З 46-ці педагогаў 15 – маюць вышэйшую катэгорыю, 18 – першую, тры – другую. Любоў Сямёнаўна Парывай стала пераможцай раённага конкурсу «Настаўнік года-2011” у намінацыі «Традыцыі і сучаснасць”. Шэраг педагогаў удзельнічалі ў раённай навукова-практычнай канферэнцыі «Асноўныя напрамкі павышэння якасці адукацыі ў кантэксце змянення структуры і зместу адукацыйнага працэсу ў сучаснай школе”. Дзве даследчыя працы педагогаў адзначаны ўзнагародамі. Наталля Уладзіміраўна Занько за даследаванне «Інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі як інструмент павышэння эфектыўнасці ўроку і якасці ведаў” атрымала Дыплом ІІІ ступені. Намеснікі (на здымку адлюстраваны побач з дырэктарам) Алена Мікалаеўна АНДРЭЙКАВЕЦ (злева) і Марына Георгіеўна КУХАРЧУК за працу «Развіццё даследніцкай дзейнасці вучняў як фактар павышэння якасці адукацыі” сталі дыпламантамі І ступені.
Сярод лепшых, па выніках мінулага навучальнага года, прадстаўнікоў «каманды” школы: Галіна Мікалаеўна АМЕЛЬЯНОВІЧ (пачатковыя класы), Марыя Дзмітрыеўна ГРАБОВІЧ (матэматыка), Л.С. ПАРЫВАЙ і Людміла Уладзіміраўна КАСАЦКАЯ (абедзьве – пачатковыя класы), Ірына Мікалаеўна КЛІМОВІЧ, Таццяна Пятроўна ШКУТ, Н.У. ЗАНЬКО (утраіх – руская мова і літаратура), Алена Міхайлаўна ЧАРНЯК (біялогія), Галіна Пятроўна ДУБІНА (беларуская мова і літаратура), Святлана Пятроўна ЯЦУШКЕВІЧ (геаграфія).
У сёлетнім навучальным годзе, як і летась, у нас займаецца 364 вучні. Хацелася б верыць, што гэта стабільнасць – пачатак тэндэнцыі да павелічэння колькасці калектыву. Захоўваючы добрыя традыцыі, падтрымліваючы вопытных ініцыятыўных настаўнікаў, лунінецкая СШ №3 упэўнена сустракае 45-годдзе свайго адкрыцця.