“ШПАЛА”? ПАМЫЛЯЕЦЕСЯ, СУЧАСНЫ РЭСТАРАН!

На працягу пэўнага часу аматараў кухні рэстарана на чыгуначным вакзале, які ў народзе звычна завуць «Шпалай”, сустракала лаканічная аб’ява «Ідзе рамонт”. Але з 31 жніўня рэстаран гасцінна расчыніў дзверы пасля рэканструкцыі. Мы пабывалі ў абноўленым памяшканні, якое непазнавальна змяніла сваё аблічча.


Вялікая зала стала яшчэ больш прасторнай і светлай за кошт з густам падабраных адценняў сцен і столі. Іх спакойны тон настройвае на ўтульны і камфортны адпачынак. Пры афармленні інтэр’ера тут пастараліся ўдала спалучыць элементы мінулага і сучаснасці. У прыватнасці, захавалі старыя прыгожыя свяцільні, да святочнага бляску адшліфаваўшы кожную з іх празрыстых падвесак.

Сучасныя столікі і крэслы прадумана размешчаны так, каб як мага больш наведвальнікаў мелі магчымасць палюбавацца прыгожым фотамалюнкам на палатне з выявай старога паравоза, які нагадвае аб ведамаснай прыналежнасці прадпрыемства харчавання. Зрабіць адпачынак больш змястоўным дапаможа вялікі тэлевізар на сцяне, ціхая музыка і ветлівае абслугоўванне чатырох афіцыянтак, сярод якіх Святлана Ляшчук (на здымку).


Майстэрства повараў чыгуначнага рэстарана заўсёды мела ў горадзе сваіх прыхільнікаў. Зараз іх несумненна стане яшчэ больш. У памяшканнях, дзе гатуюць самыя адмысловыя стравы, паявілася шмат новага сучаснага абсталявання. Мяркуецца, што ў меню па-ранейшаму будуць пераважаць найбольш запатрабаваныя стравы еўрапейскай кухні, а таксама беларускія нацыянальныя прысмакі.

Паклапаціліся і пра абсталяванне асобных бытавых памяшканняў для кухонных работнікаў і афіцыянтак. Звяртае на сябе ўвагу новая сантэхніка.

Мяркуецца, што цэны ў рэстаране будуць прыемна адрознівацца ад іншых устаноў грамадскага харчавання горада. У абедзенны час «пік” тут будуць прапаноўваць комплексы, якія здолеюць задаволіць густы самых капрызных наведвальнікаў.

Час работы застаўся ранейшым: у будні – з 10.00 да 1.00, у святочныя і выхадныя дні – да 3.00. Кароткі перапынак – з 16.00 да 17.00. Прыходзьце! У рэстаране на чыгуначным вакзале вас пастараюцца не расчараваць.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть