ШТО ЛЕТНІ ЧАС ДЛЯ НАС РЫХТУЕ?
Як і чым заняць дзетвару ў летні час? Што зрабіць для таго, каб засцерагчы яе ад неабдуманых учынкаў і рызыкоўных прыгод? З гэтай мэтай на Лунінеччыне створаны аператыўны штаб працоўных спраў, які будзе каардынаваць работу па забеспячэнню занятасці студэнцкай і вучнёўскай моладзі ў летні перыяд. Узначальвае структуру намеснік старшыні райвыканкама Віктар Рафаловіч. Пазаўчора прайшло першае пасяджэнне штаба.
Летась на працягу чэрвеня-жніўня ўдалося забяспечыць работай 466 юнакоў і дзяўчат. Мяркуецца, што сёлета гэтая лічба не будзе меншай. Як паведаміў Віктар Рафаловіч, плануецца стварыць два студэнцкія атрады. Студэнтаў каледжаў і старшакласнікаў гатовы прыняць два сельскагаспадарчыя прадпрыемствы – СВК “Багданаўка” і “Азярніца”. Не выключана, што моладзь зноў будзе працаваць на добраўпарадкаванні Лунінца і Мікашэвіч.
Аддзелам па занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва плануецца выдаткаваць на аплату працы маладых сезонных работнікаў больш як 44 мільёны рублёў. Прыкладна 25 мільёнаў мяркуецца патраціць на набыццё матэрыялаў. ,
У летні перыяд як заўсёды запатрабаваны рабочыя рукі ва ўстановах адукацыі. З дапамогай вучняў будзе выкананы рамонт у Бродніцкай базавай, Дубаўскай, Міжлескай і Мікашэвіцкай №4 сярэдніх школах, а таксама ў Язвінскім і Лахвенскім дзіцячых садах. Спецыяліст упраўлення Наталля Петраноўская падкрэсліла, што працаваць на малярных работах і замене шпалераў дазволена толькі тым, хто дасягнуў 16-гадовага ўзросту. Працоўны дзень больш юных асоб складае чатыры гадзіны.
Ва ўсіх гарадскіх школах мяркуецца на добраўпарадкаванні тэрыторый выкарыстаць сродкі з фонда сацыяльнай абароны насельніцтва. Разлічваюць на іх і ў дзіцячых дашкольных установах №№ 1, 3, 6, 9, 10, 11 г. Лунінца. Тут рукамі школьнікаў будуць разбіты клумбы, пасаджаны кветкі, догляд за якімі таксама будзе ўваходзіць у абавязкі вучняў.
Папярэдне было заяўлена, што да ўдзелу ў летняй занятасці праз фонд сацыяльнай абароны будзе прыцягнута 143 чалавекі. Але пазней прагучала іншая больш істотная лічба – да 300 вучняў і студэнтаў. Перавагу пры летнім працаўладкаванні маюць дзеці з манагадзетных і няпоўных сем’яў, а таксама тыя, хто стаіць на ўнутрышкольным і ўнутрыраённым прафілактычным уліку.
Акрамя гэтага, 1048 вучняў стануць наведвальнікамі летніх аздараўленчых лагераў, якіх пры навучальных установах будзе створана 32.
Запрошаныя на пасяджэнне дырэктары лунінецкіх каледжаў Андрэй Баўкуновіч і Фёдар Бірыла выказалі свой пункт гледжання на праблему занятасці студэнцкай моладзі. Андрэй Рыгоравіч расказаў, што сёлета ўстанова разам з іншымі разлічвае на падтрымку фонда сацыяльнай абароны насельніцтва. Выкарыстоўваючы выдзеленыя грошы, мяркуецца часткова аплаціць работу навучэнцаў, якія будуць займацца рамонтам кабінетаў і пакояў. Фёдар Аляксеевіч паскардзіўся, што пра каледж сельскагаспадарчай вытворчасці пры размеркаванні гэтых сродкаў наогул забылі.
Адначасова кіраўнік названай установы падтрымаў парапанову стварыць мабільныя брыгады з будучых механізатараў і будаўнікоў для дапамогі сельгаспрадпрыемствам. Больш таго, такая работа праводзіцца на працягу некалькіх апошніх год, і ўжо ёсць пэўныя напрацоўкі з СВК “Вулькаўскі світанак”. Зразумела, што ў планы несумненна ўнясе свае карэктывы рэчаіснасць, але нельга не заўважыць, што занятасці юнакоў і дзяўчат у вольны час на Лунінеччыне надаецца самая пільная ўвага.
Каардынуючым цэнтрам па ўсіх пытаннях летняй занятасці дзетвары вызначаны райкам БРСМ на чале з в..а. першага сакратара Сяргеем Молчанам. Сюды ж трэба звяртацца з нагоды пытанняў, звязаных з сезонным працаўладкаваннем школьнікаў і студэнцтва.