ШТО ЗБЕРАЖОМ ДЛЯ НАШЧАДКАЎ?

Своеасаблівы погляд на правядзенне Года беражлівасці выказаў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар, прапанаваўшы зберагчы кнігу. З аналагічным пытаннем звярнулася да некаторых лунінчан.
Ірына РАМАНЧУК, бібліятэкар ліцэя:
– Цалкам падтрымліваю, нават удзячна губернатару Брэстчыны, што скіраваў увагу грамадства на духоўную сферу! Выбрала для сябе прафесійнае служэнне кнізе, таму імкнуся пераконваць людзей у запатрабаванасці друкаваных выданняў і ў камп’ютарызаваным ХХІ стагоддзі. Пашанцавала працаваць з адукаванай моладдзю, якая ставіць на мэту набыццё ведаў. Сярод ліцэістаў многа юнакоў і дзяўчат праяўляюць цікавасць да класічнай літаратуры. Як вядома, чытанне – лепшы сродак духоўнага ўдасканалення. Зразумела, прыцягваем дзяцей да кніг нацыянальных творцаў, праводзім сустрэчы з беларускімі паэтамі і празаікамі. Ініцыятарамі выступаюць выдатныя настаўнікі, аддадзеныя роднай мове, такія, напрыклад, як Ніна Барысаўна Трэгубава і Валянціна Канстанцінаўна Казун. Мая думка не арыгінальная, але лічу вельмі важным зберагаць нацыянальную спадчыну, родную гісторыю. Яны вытрымалі праверку часам, умацоўваюць веру ў сілу маральных каштоўнасцей, узбагачаюць наш духоўны свет. Самае ж галоўнае – гэта роднае, народнае… 
Алена ПЯТРЭНКА, намеснік дырэктара дзіцячай школы мастацтваў:
– Працавала ў сферы адукацыі, цяпер – культуры, дзе, у пэўным сэнсе, намаганнямі настаўнікаў захавана атмасфера інтэлігентнага асяроддзя. Сценамі школ дзеці і дарослыя быццам абаронены ад адмоўных праяў звычайнага быцця. Але там праводзім толькі частку дня, потым – ідзем на вуліцу. Так горка чуць брыдкаслоўе, што гучыць з вуснаў і моладзі, і сталых людзей. Так крыўдна, што шчырасць і дабрыня як нацыянальныя рысы нашага народа не заўважаюцца з-за знешняй змрочнасці. Вельмі хацелася б пажадаць кожнаму: давайце зберагаць душу. Чалавек, які імкнецца да духоўнасці, заўсёды прыцягне навакольных стрыманасцю, спакоем паводзін, вітальнай усмешкай.        
Валянціна ШВЕД, дырэктар філіяла “Грамадскае харчаванне” райспажыўтаварыства:
– Давайце зберагаць нашы традыцыі. У гэтай справе можа быць шмат напрамкаў, кожны з якіх – адназначна – дае выхаваўчы плён. Гэта заўважаю на прыкладзе маёй роднай вёскі Бастынь. Ужо двойчы ладзіліся юбілейныя святы, на якія запрашаліся славутыя землякі. Прыклад іх жыцця, што пачыналася ў звычайнай палескай глыбінцы, падштурхнуў да дзеяння юных жыхароў. З задавальненнем чытаю ў “ЛН”, што сёлета вучні Бастынскай СШ сталі пераможцамі двух раённых фестываляў. Паказалі сябе знаўцамі замежнай мовы, падрыхтаваўшы мюзікл на праграму “Вакол свету”. Пераўзышлі ўзорныя калектывы ў танцах на творчым спаборніцтве “Зорная карусель”. Па ўсяму бачна, што сённяшнія школьнікі ганарацца былымі выпускнікамі, імкнуцца адпавядаць іх прафесійным і грамадскім дасягненням.
Запісала Таццяна КАНАПАЦКАЯ.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть