ШТО ЗДАРЫЛАСЯ Ў “СВІТАНКУ”?

Мінулы тыдзень прынёс непрыемную вестку: у дзіцячым
аздараўленчым цэнтры “Світанак”, што ў Пінскім раёне, адбылося масавае
атручванне адпачываючых. Навіна імгненна абляцела ўсе беларускія тэлеканалы.

“Світанак” даўно аблюбаваны нашай дзетварой. Тут з
задавальненнем папраўляюць здароўе хлопчыкі і дзяўчынкі з вясковых і гарадскіх
школ, надоўга захоўваючы прыемныя ўражанні ад гаючага паветра сасновага лесу,
воднай гладзі мясцовага вадасховішча і прыязных адносін персаналу. Вось і 16
красавіка сюды на аздараўленне заехалі вучні пачатковых класаў СШ №4 г. Лунінца
– усіх 135 чалавек. Што ж здарылася ў “Світанку”?

18 красавіка гадзіны праз дзве пасля абеду выхавальніцы
дзяцей былі напалоханы паведамленнем пра тое, што ў аднаго з малышоў паднялася
тэмпература. Праз некаторы час яго пачало ванітаваць. Сімптомы быццам па
канвееры перадаваліся іншым хлапчукам і дзяўчынкам. За кароткі час ужо некалькі
малых пакутавалі ад невядомай хваробы, прыкметы якой вельмі нагадвалі харчовае
атручванне. Бліжэй да ночы сітуацыя абвастрылася настолькі, што дзяжурная
медсястра, якая ўжо не спраўлялася з патокам захварэўшых, выклікала загадчыка
медыцынскай часткі Дзмітрыя Бараноўскага.

Тым часам выхавальнікі ў трывозе за здароўе і стан
дзетвары патэлефанавалі ў “хуткую дапамогу”. Пасля таго, як прыбыла першая
брыгада, стала зразумела: у адзіночку медыкам не справіцца з такой колькасцю
хворых. Неўзабаве ў “Світанак” былі накіраваны яшчэ чатыры “экіпажы” “хуткай
дапамогі”. Васемнаццаць лунінецкіх хлопчыкаў і дзяўчынак былі тэрмінова
шпіталізаваны ў Малоткавіцкай участковай бальніцы. Многіх дзяцей бацькі, якім
выхавальнікі расказалі пра тое, што адбылося, забіралі дадому.

У Лунінцы да ўрачоў звярнуліся яшчэ некалькі вучняў СШ
№4. Некаторых урачы таксама былі вымушаны шпіталізаваць. Адначасова ў
паліклініку былі перададзены спісы ўсіх дзяцей, якіх бацькі забралі з
аздараўленчага цэнтра. Каб папярэдзіць магчымую ўспышку хваробы,  іх адразу ж наведалі ўрачы.

Тым часам у “Світанку” спецыялізаваныя службы спрабавалі
выявіць крыніцу інфекцыі. На жаль, дакладна прычына хваробы невядома дагэтуль.
Хаця галоўны ўрач аздараўленчага цэнтра Васіль Жукоўскі паведаміў, што па
папярэдняму заключэнню абласной лабараторыі ва ўсім вінаваты так званы
норавірус, які паспеў заявіць пра сябе ў Расіі, Украіне і некаторых іншых
краінах садружнасці. Адначасова В.М. Жукоўскі выказаў удзячнасць лунінецкім
выхавальнікам за прафесіяналізм, уменне ў экстрэмальнай сітуацыі прымаць
дакладныя і правільныя рашэнні.

Але ж якім чынам небяспечная інфекцыя трапіла ў
“Світанак”? Медперсанал установы схільны думаць, што завёз яе нехта з
адпачываючых. Праўда, насцярожвае той факт, што пачалася хвароба раптоўна . Да
таго ж “зваліла” дзетвару, якая сядзела за столікамі, што абслугоўвала адна і
тая ж афіцыянтка. Так ці інакш, гэта – здагадкі, і спецыяльным медыцынскім
службам яшчэ належыць добра папрацаваць, каб расставіць усе кропкі над “і”, не
дапусціўшы паўтарэння падобнага ў будучым.

Тым часам жыццё ў “Світанку” спакваля ўваходзіць у звычнае
рэчышча. І хоць цэнтр пакуль знаходзіцца на каранціне, сюды вярнуліся 115
дзетак з нашага раёна. Не выклікае апасення і здароўе тых, хто быў
шпіталізаваны – яны таксама маюць магчымасць працягваць адпачынак у
аздараўленчай установе.

 

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть