“ШУМАХЕР” З ПАСВЕДЧАННЕМ ТРАКТАРЫСТА
П’яныя вадзіцелі застаюцца сапраўдным галаўным болем не толькі для праваахоўнікаў, але і для ўсяго грамадства. Не праходзіць тыдня, каб крымінальная зводка не ўтрымлівала звесткі аб затрыманні за рулём чарговага вадзіцеля ў стане алкагольнага ап’янення. Самае жудаснае, што нярэдка «п’яныя” ваяжы заканчваюцца трагедыяй. І не толькі для віноўнікаў дарожна-транспартнага здарэння. Для жыхаркі Мікашэвіч С. дзень 11 жніўня мінулага года прайшоў у звычайным рытме і завяршыўся, як гэта часта было, сяброўскімі пасядзелкамі ў кафэ. З красавіка маладая жанчына «рассякала” па пасёлку на ўласным аўто. У той дзень яна таксама села за руль. Настрой быў прыкметна «ўлагоднены” гарэлкай, здобранай півам. Аднак, гэта не стала перашкодай ні для аўтааматаркі, ні для яе сяброў, якія дружнай чародкай запоўнілі аўтамабіль. У 2 гадзіны ночы вясёлую кампанію спыніў супрацоўнік дзяржаўтаінспекцыі. Вадзіцельскага пасведчання ў жанчыны не аказалася. Адчуўшы пах спіртнога, праваахоўнік прапанаваў паехаць на медыцынскае асведчанне. Экспертыза паказала, што ў крыві жанчыны ўтрымлівалася 0,82 праміле алкаголю. Непрыемнасць, між тым, ніколькі не засмуціла авантурыстку. Адчувалася, што ў стане алкагольнага ап’янення за рулём яна не першы раз. Інакш чым растлумачыць той факт, што ўжо на наступны дзень яна зноў села за руль. І зноў – нападпітку. Праўда, чакала яе куды больш сур’ёзнае выпрабаванне. Ноччу знаёмыя папрасілі С. падвезці родзіча. Трэба толькі падзівіцца іх рызыцы: даведаўшыся, што жанчына выпіўшая, ад намеру пад’ехаць усё ж не адмовіліся. Ужо на зваротным шляху С. спыніла знаёмая пара – 20-гадовы хрэснік бацькі і яго дзяўчына. Неўзабаве да кампаніі далучыўся яшчэ адзін з юнакоў. На гадзінніку – 5 гадзін раніцы. Вуліцы Мікашэвіч былі пустыннымі. Адна з цэнтральных вабіла гладкім асфальтавым палатном. Дзе, як не тут, паказаць сваю вадзіцель-скую зухаватасць, падагрэтую спіртным? Нібы страла, аўтамабіль ляцеў нядоўга. На першым жа павароце яго занесла. Выскачыўшы на «сустрэчку”, ён крыху затрымаўся на тратуары і на поўным хаду ўрэзаўся ў жалезабетонную агароджу. Удар быў такой сілы, што вадзіцель пераляцела на суседняе пасажырскае сядзенне. Апамятаваўшыся ад удару, кампанія не адразу заўважыла, што іх 20-гадоваму спадарожніку дасталася больш за ўсіх. Ён толькі паспеў сказаць, што вельмі баліць спіна, і страціў прытомнасць. Праз 40 хвілін, не прыходзячы ў свядомасць, хлопец памёр у Мікашэвіцкай бальніцы. У дарожна-транспартным здарэнні ён атрымаў пакалечанні, многія з якіх былі проста несумяшчальныя з жыццём. Больш літасцівым лёс аказаўся да іншых спадарожнікаў, якія атрымалі менш цяжкія пакалечанні ў выглядзе пераломаў. Вадзіцель практычна не пацярпела. Пазней на судзе С. настойліва пераконвала, што той факт, што яна была выпіўшай за рулём, аніяк не мог стаць прычынай ДТЗ. Маўляў, вінаваты ва ўсім нечаканы дождж, перавышэнне хуткасці і адсутнасць належнага вопыту ваджэння… З гэтага вывад можна было зрабіць толькі адзін – стан ап’янення звычны для жанчыны, і яна, верагодней за ўсё, менавіта такой часцяком кіравала аўтамабілем. Пры расследаванні справы праваахоўнікаў чакала яшчэ адно ўзрушэнне. Як аказалася, С. наогул не мела права кіраваць аўтамабілем, бо мела толькі … пасведчанне трактарыста. З гэтым дакументам яна спакойна праездзіла з 1 красавіка да 12 жніўня, а, па яе ж словах, і раней садзілася за руль чужых машын. З цягам часу першасны шок ад здарэння праходзіць. Адбывае пакаранне гора-вадзіцелька, якой належыць правесці ў калоніі-пасяленні паўтара года. Увесь гэты час без маці будзе яе трохгадовае дзіця. Акрамя ўсяго, вінаватай давядзецца выплаціць сродкі, затрачаныя на лячэнне дваіх выжыўшых спадарожнікаў (1 мільён 469 тысяч рублёў), кампенсаваць маральны ўрон пацярпеўшай – сястры загінуўшага хлопца (10 мільёнаў рублёў), узяць на сябе выдаткі за работу адваката (300 тысяч рублёў). І агульная сума далёка не канчатковая. У суд працягваюць паступаць іскі да С. аб вяртанні прычыненага ўрону. Але ж ніякімі грашамі нельга аблегчыць боль ад страты блізкага чалавека, усведамленне таго, што, няхай з-за неасцярожнасці, але па тваёй віне абарвалася жыццё маладога хлопца. Ведаю, многія з аматараў паліхачыць п’янымі за рулём упэўнены: бяда закране некага іншага, а іх – абыдзе бокам. Але так бывае далёка не заўсёды. І пацвярджае гэта жудасная статыстыка: летась у 39-ці ДТЗ на тэрыторыі нашага раёна загінулі 12, атрымалі пакалечанні 41 чалавек. Чатыры здарэнні ўчынены па віне п’яных вадзіцеляў. Васіль Бельскі, старшыня суда.