“СІТУАЦЫЯ ПАД КАНТРОЛЕМ,
Аляксандр Сцяпанавіч ДУБІНІЧ, галоўны санітарны ўрач раёна:
але кожны і сам павінен клапаціцца пра сябе”
– У канцы зімы звычайным стала распаўсюджанне вострых рэспіраторных інфекцый. Не выключэнне і сёлетні люты. За мінулы тыдзень у раёне зарэгістраваны рост захворваемасці. Яе паказчыкі перавысілі эпідэмічны парогавы ўзровень, што разлічаны на падставе дадзеных шматгадовых назіранняў. Перавышэнне зарэгістравана і 7 лютага. У структуры больш як 50 працэнтаў захварэўшых прыходзіцца на ўзрост ад 5-ці да 17-ці год. Такім чынам, у раёне адзначаны эпідэмічны ўздым захворваемасці.
Па ўсёй Брэстчыне з 7 лютага вучні 1-2 класаў адпраўлены на тыднёвыя дадатковыя канікулы. У нас найбольш высокія ўзроўні захворваемасці зарэгістраваны ў Мікашэвічах. У сувязі з гэтым прыпынена арганізацыя навучальнага працэса ў СШ №1 і №2 маладога горада.
Эпідэмічная сітуацыя ў раёне знаходзіцца пад кантролем. Фармацэўтычная служба і медыцынскія ўстановы забяспечаны лекавымі сродкамі ў дастатковай колькасці. Лічу патрэбным яшчэ раз нагадаць аб неабходнасці захавання мер грамадскай і асабістай прафілактыкі:
пазбягайце блізкага кантакту з людзьмі, якія здаюцца нездаровымі, выяўляюць праявы жару (тэмпературы) і кашаль;
абыходзьце шматлюдныя месцы ці скараціце час знаходжання ў іх; старайцеся не датыкацца да роту і носу; захоўвайце гігіену рук – часцей мыйце рукі вадой з мылам ці выкарыстоўвайце сродак для дэзінфекцыі рук на спіртавой аснове, асабліва ў выпадку датыкнення да роту і носу;
павялічце прыток свежага паветра ў жылыя памяшканні, як мага часцей адкрывайце вокны;
прытрымлівайцеся здаровага ладу жыцця з паўнацэнным сном, рацыянальным харчаваннем, фізічнай актыўнасцю, рэгулярнымі прагулкамі на свежым паветры.
Калі ўжо выяўляеце сімптомы вострых рэспіраторных інфекцый і дрэнна адчуваеце сябе, заставайцеся дома і выконвайце рэкамендацыі ўрача. Па магчымасці, трымайцеся на адлегласці ад здаровых людзей. Адпачывайце, выпіваючы вялікую колькасць вадкасці. Закрывайце рот і нос пры кашлі і чыханні насоўкай ці аднаразовымі сурвэткамі. Утылізуйце гэты матэрыял адразу пасля выкарыстання ці мыйце яго і прасуйце. Мыйце рукі адразу пасля кантакту з выдзяленнямі з дыхальных шляхоў. Насіце маску, калі знаходзіцеся на агульнай тэрыторыі дома паблізу ад іншых людзей. Паведамце сваім блізкім і сябрам аб хваробе. І выздараўлівайце!