СКЛАДАЕМЫЯ ПОСПЕХУ
З 1958 года Кажан-Гарадоцкая школа дзейнічае як сярэдняя адукацыйная. За гэты час яе выпускнікамі сталі больш як 1700 чалавек. Амаль палова з іх пазней атрымала вышэйшую адукацыю. Не стаў выключэннем і гэты год: 52 працэнты сталі студэнтамі ВНУ. Аб тым, як удаецца вясковай школе трымаць такую высокую планку, расказвае дырэктар Сяргей Рыгоравіч БІРЫЛА:
– Сакрэт просты. Па-першае, нашы дзеці вельмі таленавітыя, праяўляюць здольнасці да таго ці іншага прадмета або занятка. Мы ж, настаўнікі, ствараем такія ўмовы, каб кожны мог раскрыць свой талент і рэалізаваць яго. Па-другое, важным з’яўляецца кадравае пытанне. Уявіце з 42 педагогаў, якія працуюць у нашай школе, 29 – выпускнікі Кажан-Гарадоцкай СШ. Акрамя гэтага, 10 настаўнікаў маюць вышэйшую катэгорыю, 18 – першую, 9 – другую, яшчэ 5 – маладыя спецыялісты. Між тым, кожны з іх не спыняецца на дасягнутым, а з года ў год павышае педагагічнае майстэрства. Сярод тых, хто на працягу догіх гадоў плённа працуе на ніве настаўніцтва і дасягнуў пэўных поспехаў у рабоце, – Ганна Рыгоранаўна Ханцэвіч, Ала Рыгораўна Рашэцкая, Алена Міхайлаўна Гусціновіч, Святлана Фёдараўна Гоман, Лілія Фёдараўна Кавалевіч, Марыя Мікалаеўна Круг, Таццяна Іванаўна Даўгавечная, Валянціна Мікалаеўна Сімончык, Ірына Мікалаеўна Ленінец, Наталля Аляксандраўна Арашкевіч і іншыя.
Трэцяй складаючай паспяховай дзейнасці ўстановы адукацыі з’яўляецца цесная работа з сем’ямі, у якіх выхоўваюцца дзеці. Там, дзе ёсць кантакт, там і вынік станоўчы.
Сёлета за парты сядуць 292 вучні. Быццам і не так многа, калі параўнаць з 1983 годам, калі школу наведвала 523 хлопчыкі і дзяўчынкі. Між тым, і сённяшняя колькасць для такога маленькага будынка. Вучні сярэдняга звяна 6-8 класаў вымушаны займацца ў другую змену. Калі ўлічыць, што некаторыя яшчэ наведваюць спартыўныя секцыі, то ў школе затрымліваюцца да дзевяці гадзін вечара. Два разы рабіліся праекты на пашырэнне, аднак заўсёды знаходзіліся прычыны, па якіх задуманнаму так і не ўдалося спраўдзіцца. І ўсё ж школа жыве, а вучні праслаўляюць яе на прадметных алімпіядах рознага ўзроўню, навуковых канферэнцыях і, наогул, па жыцці.