СЛОВЫ не вада – ЗОЛАТА!
На Беларускай чыгунцы майстар цэха дазорцаў дыстанцыі пуці Максім КАЗУН вядомы як самабытны творца, які штогод займае прызавыя месцы ў літаратурных конкурсах. Напярэдадні дня нараджэння раёнкі вельмі прыемна было атрымаць ад жыхара вёскі Вічын разважанні і пажаданні.
Хочаце – верце, хочаце – не, але для мяне раённая газета – гэта і сяброўка, і дарадчыца, і творчая лабараторыя, і трыбуна. Прызнацца, шкадую, што рэдка выступаю – часу не стае. А вось на чытанне «Лунінецкіх навін” заўсёды знаходжу вольную хвіліну. Калі вяртаюся дамоў, першай справай спяшаюся не да стала з вячэрай, а да паштовай скрынкі. Дастаю прэсу, адкрываю любімую газету – і адразу адчуваю цеплыню роднага, жаданага, добрага слова «Лунінецкіх навін”. Стомленасць ад працы як рукой здымае! І адно шкадаванне-пажаданне – вось бы раёнка выходзіла штодня…
Чытаю публікацыі сучасных супрацоўнікаў. Адразу прыгадваю былых журналістаў, старэйшых за мяне ці равеснікаў. Сёлета ад-значыў уласнае 60-годдзе. Камусьці наканаваны быў такі ж век, камусьці – не. У памяці ўсплываюць светлыя абліччы: Аляксандр Леанавец, Мікалай Калінковіч, Уладзімір Захарэвіч, Юрый Юрко… Сустракаўся з імі, калі прыносіў свае допісы для друку. Дагэтуль кранаюць сэрца і душу іх залатыя радкі. У сённяшніх аўтараў – свая манера выкладання, але яны такія ж добрыя, творчыя, спагадлі-выя людзі. Іх праца па-ранейшаму прыцягвае і беларускасцю, і неабыякавасцю, і цікавымі фактамі. Удзячны вам за матчыну мову, вернасць самым спрадвечным, маральным запаветам.
Шчыра віншую калектыў рэдакцыі «ЛН” і ветэранаў працы з чарговым днём нараджэння раёнкі. Захоў-вайце сваё творчае аблічча, індывідуальны журналісцкі стыль. Жадаю кожнаму моцнага здароўя, творчых знаходак, разнастайнасці жанраў, мноства прыцягальных публікацый.
Раёнка ахоплівае інтарэсы ўсіх пакаленняў землякоў. Якія яркія, злабадзённыя, маладыя матэрыялы газеты! Даказана кожным радком, што яе словы не вада – золата! Мая парада жыхарам раёна: выпісвайце «Лунінецкія навіны” – не пашкадуеце!